“Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”

“Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня” прадставяць умельцы вобласці на аднаіменным-фестывалі-кірмашы народных рамёстваў 1 красавіка ў Гродна.
Святочныя кірмашы на Гродзеншчыне спрадвеку ладзяць па дзвюх прычынах. Першая — напярэдадні вялікай падзеі на кожны тавар хутка знаходзіцца свой пакупнік. Другая — перад святам як гандлярам, так і спажыўцам хочацца і на людзей паглядзець, і сябе паказаць. Ды і дзе яшчэ, як не на кірмашы, задарма і ў неабмежаваным памеры раздаюць пазітыўны настрой і незабыўныя ўражанні!..

На сёлетнім свяце ў гістарычным цэнтры Гродна на пляцоўцы каля Маладзёвага цэнтра “Гродна” (вул.Савецкая, 8) можна было і душой адпачыць, і ўсебакова падрыхтавацца да Вербніцы ды Светлага Хрыстова Уваскрэсення. Велікодныя паштоўкі, саламяныя кошыкі, сурвэткі са святочнай сімволікай, традыцыйнае печыва — лепшыя ўмельцы Гродзеншчыны прывязуць у абласны цэнтр мноства непаўторных, адзіных у сваім родзе вырабаў.

Пачэснымі ўдзельнікамі кірмашу стануць носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці, чыя творчасць унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Элементы з ганаровым статусам стануць і цэнтрам прыцягнення ўсеагульнай увагі. Унікальныя яйкі-пісанкі, адметныя гродзенскія вербы, тканыя паясы, выцінанкі, саламяныя вырабы — да выканання розных рукатворных цудаў кожны ахвочы мог далучыцца на майстар-класах, якія захавальнікі традыцый праводзілі з вялікім задавальненнем.

На галоўнай пляцоўцы лепшыя аматарскія калектывы падзеляцца з гледачамі сваім выканальніцкім майстэрствам, добрым настроем і натхненнем. Гэта ансамбль народнай песні “Кемеліна” ДУ “Астравецкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”; народны ансамбль народнай песні “Пушчанскія напевы” Пацуеўскі сектар культуры і вольнага часу ДУК “Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”; народны ансамбль народнай музыкі і песні “Цырынскія музыкі” аддзела культуры і дасуга “Цырынскі Дом культуры” ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай тврчасці”; народны ансамбль народнай песні і музыкі “Уладары” ДУК “Ваўкавыскі гарадскі Дом культуры”; народны ансамбль песні і танца “Свіцязь” ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
фальклорна-інструментальны калектыў аддзела культуры і вольнага часу аг. Граўжышкі ДУК “Ашмянскі раённы цэнтр культуры” і іншыя.

Упершыню аматары папулярызацыі народных побытавых танцаў збяруцца на сяброўскую сустрэчу, каб не забываць важную традыцыю і працягваць «моду» часоў маладосці нашых матуль і бабуль. Вы зможаце адпачыць душою, уволю павесяліцца, пазнаёміцца і пакружыцца ў мудрагелістых танцавальных фігурах.
Для дзяцей будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка з гульнёва-забаўляльнымі велікоднымі праграмамі “Велікоднае сонейка”.
Госці свята даведаюцца імёны лаўрэатаў абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”.
Дарэчы, выстаўка-конкурс “Велікодны падарунак” працуе ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці да 17 красавіка.