Свята распачнецца ўрачыстым тэатралізаваным пралогам ў 12.00 на плошчы перад раённым Домам культуры.
Ужо на працягу некалькіх стагоддзяў Гродзеншчына славіцца сваёй самабытнай культурай, багаццем народнай творчасці і, канешне, традыцыямі, беражліва захаванымі да нашых дзён. Здаўна тут вядомы рамёствы: ткацтва, ганчарства, саломапляценне і многія іншыя. 14 жніўня ў Свіслачы адкрыецца шосты па ліку кірмаш, дзе будзе прадстаўлена творчасць сучасных майстроў, а таксама адроджаны традыцыі кірмашу 19 стагоддзя.
– У першую чаргу мы ставім перад сабой мэту зрабіць рэканструкцыю “Свіслацкага кірмашу” пачатку 19 стагоддзя. Кірмашы таго часу былі ініцыяваны графам Вінцэнтам Тышкевічам, пры ім жа яны набылі пэўныя традыцыі. Геаграфія кірмашу была вельмі вялікай: сюды з’язджаліся купцы з розных краін, а колькасць удзельнікаў свята магла дасягаць 3-4 тысяч чалавек”, – распавядае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама Ірына Паўлючэня.
Адной з асаблівасцяў “Свіслацкага кірмашу” 19 стагоддзя было тое, што туды з’язджалася шляхта. Напрыклад, Сапегі і Радзівілы часта наведвалі свята ў Свіслачы. Больш таго – яны параўновалі кірмаш з наведваннем курорту.
– На нашай урачыстасці будзе працаваць пляцоўка пад назвай “Шляхецкі праменад”, дзе мы плануем правесці рэканструкцыю балю графа Тышкевіча. Сутнасць гэтай пляцоўкі – паказаць, як бавіла час шляхта 19 стагоддзя, што яна апранала і чым харчавалася, – працягвае Ірына Эдуардаўна. – Таксама мы прапануем нашаму гледачу назіраць шасцігадзінны працэс прыгатавання Поразаўскай банкухі – гэта пірог, які з’яўляўся абавязковай часткай застолля людзей вышэйшых саслоўяў. Дарэчы, сёння Поразаўская банкуха ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
На кірмашы прысутнічала не толькі шляхта, але і просты люд. Пра тое, як адпачывалі сяляне Свіслачы ў 19 стагоддзі, паведаміць іншая пляцоўка – “Свіслач традыцыйная”.
– Тут мы пазнаёмім гасцей з сялянскай кухняй. Пакажам, што і ў які перыяд часу спажывалі нашыя продкі. Прэзентуем сялянскае адзенне 19 стагоддзя нашага рэгіёну, зробім усё магчымае, каб кожны ўдзельнік пляцоўкі змог адчуць сябе жыхаром Свіслачы часу графа Тышкевіча, – тлумачыць Ірына Паўлючэня.
Кірмаш – не кірмаш, калі сыходзіш адтуль з пустымі рукамі. За прадуктамі пчалярства запросіць пляцоўка “Свет мёду”, а ў “Майстэрні рамёстваў” будзе арганізавана выстава-продаж вырабаў народных майстроў з Гродна і Віцебска. Тут жа пройдуць майстар-класы па салома- і лозапляценні, ткацтве паясоў, дэкупажы, квілінгу і не толькі.
Свята распачнецца ўрачыстым тэатралізаваным пралогам ў 12.00 на плошчы перад раённым Домам культуры. Увесь дзень для жыхароў і гасцей горада будзе працягвацца канцэртная праграма з удзелам гуртоў “Дразды”, “Гуляй, Бульбаш”, заслужанага ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”. Для дзяцей – асаблівае анімацыйнае шоу “Bubble Party” з гульнямі, конкурсамі, спаборніцтвамі і фатасесіяй з апусканнем у велізарную мыльную бурбалку. Завяршыцца фестываль пенным шоу і дыскатэкай.
Источник: Гродненская правда