Сёлетні год у нашай краіне аб’яўлены Годам малой радзімы. Для кожнага з нас малая радзіма – самая прыгожая і лепшая. Бо тут самыя квяцістыя сады, лепшыя краявіды, непаўторны водар, жывуць самыя прыгожыя людзі. У рамках Года малой радзімы ў Іўеўскім раёне на базе аддзелаў і сектараў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу праходзіць раённы конкурс на лепшае мерапрыемства для пажылых людзей “Для тых, хто не лічыць гады”.
Конкурс распачаўся прыгожым святам “Прыпеўкі з кожнага двара”, якое адбылося ў аг.Лаздуны1, у адным з двароў па вуліцы Савецкай. На свята былі запрошаны бабулі і дзядулі, а таксама іх дзеці і ўнукі. На мерапрыемстве гучалі задорныя прыпеўкі, сцэнічныя мініяцюры аб вясковым жыцці, добрыя песні ў выкананні ўдзельнікаў калектываў аматарскай творчасці аддзела культурна-масавай і асветнай работы аг.Лаздуны1 і клубных устаноў г.п. Воранава, аграгарадкоў Бастуны і Тракелі Воранаўскага раёна. Для пажылых людзей і ўсіх прысутных быў арганізаваны конкурс частушак, вясёлыя гульні і танцы. Творчы калектыў аг.Лаздуны1 шчыра павіншаваў пажылых, якія адзначалі ў гэты дзень свой дзень нараджэння. Выдатнае свята, напоўненае дабрынёй і весялосцю, пакінула самыя лепшыя ўражанні ў яго ўдзельнікаў.
На працягу верасня-кастрычніка бягучага года аддзелы і сектары Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу запросяць сваіх гледачоў на святочныя мерапрыемствы, клубныя вечары, забаўляльныя, конкурсныя, тэматычныя праграмы ў рамках раеннага конкурсу “Для тых, хто не лічыць гады”.