Дзень польскай культуры «Сяброўства без межаў» у аг. Поразава Свіслацкага раёна

Сёння ў гарадскім пасёлку Поразава прайшоў Дзень польскай культуры.

Пачалося мерапрыемства ў касцёле святога Міхаіла Архангела, дзе веруючыя-каталікі, як звычайна, звярталіся да Бога з малітвамі аб міры, спакоі, прасілі заступіцца за сваіх родных і блізкіх.
Далей свята прадоўжылася ў сектары культуры і адпачынку пасёлка. У канцэртнай праграме ўзялі ўдзел работнікі культуры і самадзейныя артысты Свіслацкага і Шчучынскага раёнаў. Сэнс душэўных і гумарыстычных песень на польскай мове разумелі ўсе. Напэўна, таму, што ў пасёлку беларусы і палякі жылі заўсёды ў згодзе, як належыць народам-братам. І за столькі год нашы культуры так перапляліся, што іх складана адрозніць. І мовы нашы вельмі падобныя, таму пераклад быў не патрэбны. Прыемна было таксама чуць вершы на польскай мове: іх чыталі навучэнцы Поразаўскай сярэдняй школы.

Што ні народ, то свае традыцыйныя стравы! Ведаюць іх дзевяць гаспадынь і адзін гаспадар, якія прынялі ўдзел у кулінарным конкурсе.

Усе ўдзельнікі свята атрымалі ўзнагароды. Падарункі і дыпломы ўручалі старшыня ГА «Саюз палякаў на Беларусі» Мечыслаў Лысы, намеснік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Пачэбут і старшыня Поразаўскага сельскага Савета Віктар Акудовіч, намеснік дырэктара  Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Дзянісава.

На працягу свята працавалі дзіцячыя атракцыёны, гандлёвыя кропкі, выстаўкі-продажы майстроў народнай творчасці.

Людміла Балыш

Фота аўтара