Персанальная выстаўка Іўеўскага мастака-акварэліста Івана Струкава “Саюз зямлі і вады”

16 сакавіка 2018 года ў выставачнай зале ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі іўеўскага мастака-акварэліста Івана Струкава “Саюз зямлі і вады”.

У экспазіцыю выстаўкі ўвайшло каля трыццаці работ розных па сваёй кампазіцыі, якія прадстаўляюць чатыры цыклы: “Мой горад”, “Успрыманне”, “Саюз зямлі і вады” і “Поры года”. Самыя разнастайныя пейзажы і з’явы знайшлі сваё адлюстраванне ў шматграннай творчасці мастака. Асаблівае месца на выстаўцы займаюць работы, выкананыя ў незвычайнай тэхніцы – манатыпіі, вытокі якой узыходзяць да XVII стагоддзя. Сутнасць манатыпіі заключаецца ў нанясенні ад рукі фарбаў на роўную і гладкую паверхню з наступным адбіткам на іншую паверхню на станку або на паперу.

Іван Іванавіч – унікальны мастак, здольны ўвасабляць у сваіх работах сапраўдную прыгажосць навакольнага свету. Настаўнік, мастак і бацька, які сваёй творчасцю натхняе падрастаючае пакаленне.

Знаёмячыся з яго творамі, міжволі можна адчуць подых лёгкага ветрыку, шапаценне лісця, водар бэзу і нават чысціню паветра пасля дажджу. Палотны іўеўскага мастака кранаюць сэрцы непадробнай шчырасцю і бясконцай любоўю да прыроды роднага краю.