Дзятлаўшчына сустракала землякоў-юбіляраў

22 верасня ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася прыемная падзея з нагоды святкавання юбілейных датаў заслужаных дзеячаў нашай краіны, ураджэнцаў зямлі дзятлаўскай Івана Кануса і Аляксандра Смаленчука.

Сустрэча з сёлетнімі гасцямі-юбілярамі прайшла ў адной з краязнаўчых залаў. Да ўдзелу ў сустрэчы былі запрошаны настаўнікі і навучэнцы агульнаадукацыйных школ, медыцынскія работнікі, краязнаўцы і жыхары горада.

Напачатку супрацоўніца раённага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык правяла экскурс па залах музея і нагадала гасцям пра гісторыю Дзятлаўшчыны, пазнаёміла з экспанатамі і экспазіцыямі музейных выстаў.

Узнёслымі вершамі і лірычнымі кампазіцыямі павіталі гасцей святочнай сустрэчы вядучыя мерапрыемства. Яны павіншавалі Івана Кануса і Аляксандра Смаленчука з юбілейнымі датамі і нагадалі пра іх жыццёвы і працоўны шлях.

Сёлета доктару медыцынскіх навук, заслужанаму дзеячу навук Рэспублікі Беларусь, прафесару Івану Іванавічу Канусу споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння і 65 гадоў медыцынскай дзейнасці. Гэта навуковец, практыкуючы ўрач, арганізатар аховы здароўя, патрыярх беларускай анестэзіялогіі-рэаніматалогіі.

За вялікі ўклад у развіццё аховы здароўя і падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў Іван Іванавіч быў Прэзідэнцкім стыпендыятам, неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі, медалём “Ветэран працы”, ордэнам Францыска Скарыны, яму прысвоена ганаровае званне “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, “Ганаровы акадэмік БелМАПА” і “Заслужаны дзеяч навук Рэспублікі Беларусь”.

Цяпер Іван Іванавіч прафесар кафедры анестэзіялогіі-рэаніматалогіі БелМАПА, з’яўляецца прызнаным аўтарытэтам у анестэзіялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі крытычных станаў у нашай краіне і за мяжой.

Іван Іванавіч расказаў прысутным аб сваім шляху ў галіне медыцыны, вартасцях і цяжкасці прафесіі доктара-рэаніматолага, падзяліўся сваімі ведамі і назіраннямі, акцэнтаваў увагу прысутных на каштоўнасцях здароўя і даўгалецця, даў шэраг парад.

З юбілеем павіншавалі і Аляксандра Смаленчука – ураджэнца пасёлка Казлоўшчына.

Зараз Аляксандр Фёдаравіч працуе ў інстытуце славістыкі Польскай Акадэміі навук, з’яўляецца ад’юнктам Варшаўскага ўніверсітэта, рэдактарам гадавіка антрапалагічнай гісторыі “Homo Historicus” у Мінску.

Асноўнымі тэмамі даследаванняў нашага земляка сталі гісторыя польскага руху ў Беларусі і Літве ў пачатку 19-20 стагоддзяў, гісторыя беларускага нацыянальнага руху, палітычная гісторыя Беларусі 19-20 стагоддзяў.

Аляксандр Фёдаравіч расказаў гасцям сустрэчы пра гісторыю і станаўленне беларускай нацыянальнасці ў 20 стагоддзі.

Напрыканцы мерапрыемства работнікі музея ад імя ўсіх прысутных падзякавалі юбілярам за цудоўную сустрэчу і пажадалі заслужаным дзеячам краіны новых вышынь у навуковых дасягненнях і далейшых творчых поспехаў.

На памяць аб сустрэчы юбіляры атрымалі кветкі і сувеніры.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ