Фестываль “Паўлаўскі каравай” прайшоў на Слонімшчыне

Другі год на тэрыторыі Паўлаўскага сельскага савета праходзіць яркі і маштабны фестываль – “Паўлаўскі каравай”. Летась галоўнымі дзеючымі героямі свята сталі ўдзельніцы народнага аматарскага калектыву “Чараўніцы-каравайніцы”.

Майстрыхі прадставілі гледачам абрад выпякання асаблівага каравая і пачаставалі гасцей свята сваёй выпечкай. Нагадаем, што фестываль праходзіць у рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы “Адраджэнне і папулярызацыя нематэрыяльнай спадчыны Слонімскага раёна “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).

Для ўсіх тых, хто сабраўся на свята, былі прадстаўлены абрады: “выпечкі караваеў”, “вясельны”, “зажынкі першага снапа”, “дажынкі”.

Гучнымі апладысментамі сустракалі на свяце “брыльянтавых юбіляраў” – жыхароў вёскі Навасёлкі – Тадевуша Сільвестравіча і Галіну Лявонаўну Лазута. 28 жніўня 1958 года, 60 гадоў таму назад, сям’я зарэгістравала свой шлюб у Паўлаўскім сельсавеце. Яны выгадавалі двух сыноў і дзвюх дачок, маюць сямёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў.

Завяршылася свята канцэртнай праграмай, у якой прынялі ўдзел калектывы аматарскай творчасці з Ваўкавыска, Сялявіч, Васілевіч і Сянькоўшчыны. Для маленькіх гасцей свята традыцыйна былі арганізаваны атракцыёны. Можна было набыць вырабы майстроў народнай творчасці.

Больш фота на афіцыйным сайце газеты “Слонімскі веснік” (перайсці)