Гарбузовыя цуды здзейсніліся ў аг. Вараб’ёвічы Навагрудскага раёна  

 

30 верасня ў аг. Вераб’ёвічы адзначылі восеньскае свята гарбуза “Гарбузовыя цуды”. Галоўны віноўнік урачыстасці паўстаў у гэты дзень ва ўсіх сваіх формах і праявах!

Удзельнікі гарбузовага свята з задавальненнем паўдзельнічалі ў вясёлых конкурсах і гульнях (“Вызначы вагу гарбуза на вока”, “Гарбузовы боўлінг”, “Размалюй гарбуз”). Мудрагелістыя вырабы з дарункаў восені не пакінулі нікога абыякавым, кожны хацеў сфатаграфавацца на памяць у арыгінальнай фотазоне. Дасведчаныя гарбузаводы падзяліліся сакрэтамі вырошчвання сваіх скарбаў. Незвычайныя скульптуры з гарбузоў, зробленыя рукамі ўдзельнікаў калектываў аматарскай творчасці, здзіўлялі і прымушалі ўсміхнуцца. Гасцей частавалі стравамі з гарбуза: супам, блінамі, павідлам, цукатамі, сокам, жэле і, вядома ж, кашай. Яскравая канцэртная праграма ўпрыгожыла гэты запамінальны дзень добрымі песнямі і ўдалымі мініяцюрамі.

З упэўненасцю можна сказаць, што гарбуз – выдатная гародніна, годная сапраўднага свята ў свой гонар. У кампаніі з гарбузом лёгкасць, тонус і энергія – гарантаваны!