“Граніт-Агра” Дзятлаўскага раёна адсвяткаваў “Дажынкі”

“Граніт-Агра” адсвяткаваў “Дажынкі”

Трэцяга жніўня ў аграгарадку Круцілавічы як ніколі было шматлюдна і весела: у ААТ “Граніт-Агра” ладзіліся “Дажынкі”.

Вядучыя заклікалі ўсіх на свята і віншавалі прысутных з заканчэннем уборкі ўраджаю. Хвала і пашана хлебаробам, людзям, якія ад ранку да позняга вечара працавалі не пакладаючы рук.

Апладысментамі сустракалі вадзіцеляў гаспадаркі, якія працавалі на адвозцы зерня. Яны не аруць поле, не сеюць, не жнуць, не косяць, але ўся работа ў гаспадарцы пачынаецца з іх. Аб гэтых людзях можна гаварыць бясконца, бо вадзіцелі маюць багаты вопыт.

Словы вялікай удзячнасці за карпатлівую працу гучалі ў адрас агранамічнай службы, супрацоўнікаў інжынернай службы, а таксама работнікаў сушыльных агрэгатаў, дыспетчараў, запраўшчыкаў, кладаўшчыкоў, повараў, якія вызначаюцца працалюбівасцю і адказнасцю.

На свята былі запрошаны  першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Бортнік, дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур, старшыня Данілавіцкага сельсавета Ганна Жых, ксёндз-пробашч парафіі Святой Троіцы ў Стараельні віцэ-дэкан Дзятлаўскага дэканату ксёндз Віктар Захарэўскі. Звяртаючыся да хлебаробаў, яны адзначылі, што жніво – гэта нястомная і адказная праца за ўраджай, бо тэрміны, надвор’е дыктуюць свае ўмовы, а людзі працавалі, не лічачыся з асабістым часам. Новыя тэхналогіі дапамаглі дабіцца добрых вынікаў. Павялічваюцца пасяўныя плошчы зерневых культур, а гэта значыць, што ва ўсіх будзе на стале духмяны хлеб. За працоўныя дасягненні хлебаробы атрымалі грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.

На працягу ўсяго мерапрыемства вясёлы настрой дарылі хлебаробам і гасцям свята  танцавальна-вакальнае шоу “На грани”, Дзмітрый Сяргееў і Вольга Змуршчык, а таксама Юлія Самусевіч, Аксана Садыкова.

Па матэрыялам сайта http://diatlovonews.by/

Болей фота на афіцыйным сайце «Граніт-агра»