Свята кветак “Colours” адбылося ў аг. Аюцавічы Карэліцкага раёна

Пасля дажджу — чакай вясёлку! Гэтыя словы загучалі асабліва радасна 18 жніўня на феерыі «Colours» у Аюцавічах. Бо, амытыя цёплым летнім дажджом, кветкі на свяце, насамрэч, успыхнулі вясёлкай фарбаў з розных куткоў Карэліцкага краю.

Пачалася казачная дзея з шэсця артыстаў і дзетак па галоўнай вуліцы аграгарадка. Ля імправізаванай сцэны, у цэнтры сядзібы, працэсію ўжо чакалі гледачы і ўдзельнікі свята. Госці падзеі сталі сведкамі чароўнага тэатралізаванага прадстаўлення. Артысты Карэліцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама спевакі з раёнападрыхтавалі да свята прыгожыя эстрадныя нумары.

Паралельна праходзілі конкурсы на лепшую ікебану, на самы яскравы сямейны малюнак на асфальце, на лепшую кампазіцыю з кветак і на самы незвычайны квятнік у Аюцавічах. Усе удзельнікі былі выдатныя. І журы ў складзе дырэктара Карэліцкага РЦКіНТ Наталлі Мікалаеўны Гароднік, загадчыка Мірскага Дома культуры Алы Пятроўны Качаноўскай і метадыста раённага Цэнтра культуры Анастасіі Пятроўны Мурашка.

У конкурсе на лепшую ікебану галоўную ўзнагароду атрымала Анжаліка Шастак.

Другое месца за ікебану журы не аддало нікому. А вось трэці прыз уручылі Таццяне Пятровіч.

За перамогу ў конкурсе кампазіцый “Кветкавы калейдаскоп” змагаліся камандамі. Першае месца атрымаў Красненскі Дом культуры за кампазіцыю “Летнія цуды”.

Другое месца ў конкурсе на лепшую кампазіцыю з кветак занялі работнікі культуры з аграгарадка Ярэмічы. Іх праца называлася паэтычна — “Ярэміцкая рапсодыя”. Мастацкі кіраўнік тутэйшага Дома культуры Сяргей Шымко нават распавёў легенду пра гэтую кампазіцыю. Паводле яе, над Ярэмічамі ўлетку заўжды лятае птушка шчасця. Яна і стала галоўнай гераіняй творчых эксперыментаў Ярэміцкага ДК.

Віншаванні з трэцім месцам у конкурсе на лепшую кампазіцыю прымалі культработнікі аграгарадка Малюшычы. Іх твор пад назвай “Усе мудрасці лета” спадабаўся юным госцям свята Паліне і Сашы Ясевіч з Аюцавічаў.

Усіх прысутных парадаваў конкурс сямейнага малюнка на асфальце “Букеты лета”. Тут вызначылісяАнастасія Абрамовіч, Ганна Чашок, Алеся Кроль і Аліса Ганчарэнка.

Лепшым кветнікам у Аюцавічах стаў надзел Аляксандра Нячая. Мужчына, пасля выхаду на пенсію, вырашыў спраўдзіць сваю мару і, як мастак у песні Алы Пугачовай, купіў ужо, напэўна, калі не міліён, то некалькі сотняў кветак і іншых цікавых раслін. Толькі адных хрызантэмаў у яго – каля 160. А яшчэ ў Аляксандра Анатольевіча расце бамбук, грэцкі арэх, вінаград розных гатункаў, ружы і дзясяткі раслінак, назвы якіх і вымавіць цяжка. Унучка Яна і жонка Таццяна падтрымліваюць свайго гаспадара ва ўсім.

Другое месца за лепшы кветнік – у Раісы Піражэнка. Яна стварыла на сваім надворку еўрапейскі куток, утульны і прыгожы.

Добрыя словы ад журы былі адрасаваны ўсім удзельнікам свята.

Кветкавая казка «Colours» напрыканцы лета стала чароўным падарункам для дзясяткаў людзей і незабыўным святам малой радзімы.

Фота з сайта газеты “Полымя”

Больш фотаздымкаў на сайце ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” (перайсці)