Гучна, весела і з размахам у аг. Пятрэвічы Нававгрудскага раёна правялі тэатралізаванае абрадавае свята “Пятроўскі вянок”

Беларускія народныя традыцыі на Навагрудчыне не забываюцца, а наадварот, шануюцца, захоўваюцца і адраджаюцца. А пацверджаннем таму правядзенне тэатралізаванага абрадавага свята «Пятроўскі вянок» у аграгарадку Пятрэвічы.

Ужо трэці год запар у аграгарадку Пятрэвічы ў Дзень святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла пасля наведвання службы ў царкве ладзіцца гучна, весела і з размахам тэатралізаванае абрадавае свята «Пятроўскі вянок». Усе жыхары населенага пункта загадзя рыхтуюцца да свята, да сустрэчы гасцей: упрыгожваюць свае падворкі, гатуюць пачастункі і смачныя стравы для гасцей.

У гэты дзень работнікі Пятрэвіцкага сельскага дома культуры і актыўныя ўдзельніцы народнай самадзейнасці сплялі пятроўскія вянкі і на ўпрыгожанай павозцы аб’ехалі Пятрэвічы. Дзяўчаты віншавалі мясцовых жыхароў са святам, спявалі пятроўскія песні і па традыцыі ўручалі ці закідвалі на дахі дамоў гасцінных гаспадароў вянкі. Згодна з павер’ем, чым даўжэў на даху дома будзе знаходзіцца вянок, тым больш дабра будзе ў доме, лепшым будзе ўраджай і мацнейшым здароўе ў гаспадароў.

Пасля аб’езду самадзейныя артысты сельскага дома культуры запрасілі ўсіх на канцэртна-гульнявую праграму, якая ладзілася на святочнай пляцоўцы ў самым цэнтры аграгарадка Пятрэвічы. У праграме свята выступілі як мясцовыя самадзейныя артысты, так і артысты з горада і суседняга аграгарадка Ладзенікі.

У сваім прывітальным выступленні старшыня Пятрэвіцкага сельвыканкама Сяргей Гірыновіч шчыра падзякаваў усім аднасяльчанам за важкі ўклад у агульную добрую і карысную справу, вернасць традыцыям продкаў, адданую любоў да роднай зямлі.

 У рамках святкавання былі праведзены конкурс вянкоў сярод падворкаў, конкурс-дэгустацыя вырабаў з малака «Малочныя рэкі – кісельныя берагі», а таксама конкурсная праграма сярод сямейных пар «Рай у шалашы».

Кожны вянок, прадстаўлены на конкурс быў своеасаблівым, сплецены з любоўю і згодна з традыцыямі мясцовасці.

А чаго толькі не было на выставе-дэгустацыі. Уласна прыгатаваныя сыры, ёгурты, сырнікі. Самыя маленькія госці свята змаглі паўдзельнічаць у конкурсах, гульнях.

 Усе гледачы пакідалі святочную пляцоўку з прыўзнятым настроем, выказваючы ўдзячнасць за цудоўна праведзены час і спадзеючыся, што такія мерапрыемствы будуць ладзіцца і далей.

Па матэрыялах газеты “Новае жыццё”: Вольга ПІСАР

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)