Гудзевіцкі музей запрасіў на летнюю школу ткацтва

Ужо на працягу чатырох гадоў, як толькі завяршаецца вучоба ў агульнаадукацыйных школах, у Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі свае дзверы гасцінна адчыняе летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”.

Майстроў і прыхільнікаў аднаго з самых прыгожых і адначасова складаных народных рамёстваў, якія прыехалі ў Гудзевічы з Гродна, Ліды і Брэсцкай вобласці, вітала загадчыца сектара культуры Мастоўскага райвыканкама Анастасія Палуйчык. Яна падзякавала за захаванне і папулярызацыю ткацкага майстэрства, пажадала плёну школе-майстэрні і выказала пажаданне больш актыўна далучаць да гэтай навукі падрастаючае пакаленне.

Дарэчы, як адзначыла майстар па ткацтву Яўгенія Станіна, людзей, носьбітаў ткацкіх традыцый, з кожным годам становіцца ўсё менш. У гэтым сэнсе пашанцавала Лідскаму раённаму цэнтру рамёстваў і культуры, дзе справу сваёй бабулі працягвае майстар Яўген Маркевіч. Змястоўная відэапрэзентацыя аб элеменце нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння” была цікавай нават тым, хто ніколі не сядзеў за ткацкім станком. А вось на практыцы авалодаць прыёмамі гэтай тэхнікі, сакрэтамі якой падзялілася Валянціна Сільвановіч з Ліды, аказалася справай насамрэч складанай.

Падчас работы школы-майстэрні яе ўдзельнікі мелі магчымасць не толькі падзяліцца вопытам, але і абмеркаваць хвалюючыя моманты. Напрыклад, вырашыць праблему з набыццём абсталявання і матэрылаў для работы, як падказала Яўгенія Станіна, можна праз галерэю “Ткалля”.
Свой вопыт выкладання падвойнага ткацтва ў народнай студыі “Суквецце талентаў” прадставіла кіраўнік майстэрні “Ткацтва” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Марыя Камінская. А вось майстры народных промыслаў Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Алена Цялушка і Таццяна Зялёнка прыехалі ў Гудзевічы менавіта з мэтай навучыцца падвойнаму ткацтву.
 Нашы інтарэсы супалі, – адзначаюць майстрыхі, на хвіліну адводзячы позірк ад кроснаў.  – У Гудзевічы мы прыязджаем ужо другі раз. Гэта цудоўная магчымасць атрымаць як тэарэтычныя звесткі, так і практычныя навыкі ткацкага майстэрства, сустрэцца з аднадумцамі, адкрыць нешта новае.

Да слова, новае ўдзельнікі сёлетняй школы-майстэрні адкрылі не толькі ў ткацкіх тэхніках, але і ў народных танцах. Разам з работнікамі музея і мясцовага цэнтра вольнага часу і культуры пад гармонік яны станцавалі польку, кадрыль, кракавяк і іншыя танцы.

Наталля ШЭЎЧЫК (фото аўтара)
З матэрыялаў газеты «Гродзенская праўда»