Каб не знікла памяць…

“Каб не знікла памяць” – такую назву атрымала чарговая паэтычна-музычная сустрэча ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Шаноўнай госцяй імпрэзы стала гродзенская пісьменніца, кандыдат філалагічных навук Альжбета Кеда, аўтарка кніг “Шчонаўскія абразкі” і “Антанёва”.

Пасяджэнне пачалося з невялікага агляду творчага шляху пісьменніцы, які прадставіў кіраўнік клуба “Грані” Аляксандр Закрэўскі. 15 выдадзеных кніг, сярод якіх – паэтычны сборнік “Пярсцёнак”, больш за 200 літаратуразнаўчых работ (беларуская літаратура нашаніўскай пары, літаратура беларускага замежжа, літаратурная Гродзеншчына) – і ўсё гэта з’явілася дзякуючы руплівай працы і бясконцай любові да мовы, да беларускага слова. Прафесар, літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч, які таксама выступіў з уступным словам, даў вельмі высокую адзнаку творчасці Альжбеты Кеды.

З кніг аўтаркі “Шчонаўскія абразкі” і “Антанёва” можна даведацца, як жыла заходняя беларуская вёска ў 60-70-х гадах, як тут працавалі і вялі ўласную гаспадарку, як бавілі вольны час, як танцавалі на вечарынках, якія і ў каго шылі сукенкі жанчыны, якія ладзілі пастаноўкі, як праходзілі вяселлі і пахаванні, якую музыку і на чым гралі. Карацей, для любога беларускага даследчыка – гісторыка, этнолага, фалькларыста – у гэтай кнізе знойдзецца багаты каштоўны матэрыял.

У музычнай частцы імпрэзы прагучалі аўтарскія песні на вершы А.Кеды ў выкананні А.Закрэўскага і песня пра Нёман, якую цудоўна выканала на ўкулеле Альжбета Даўгаполік. На працягу ўсяго вечара панавала простая сяброўская атмасфера аматараў літаратуры, аднадумцаў, апантаных рамантыкай паэтычнага слова.