Сучаснаму пакаленню нават уявіць складана, наколькі цікава і весела жылі некалі нашыя продкі. Справа ў тым, што яны ніколі не ведалі адзіноты. Побач з імі заўсёды нехта знаходзіўся: у лесе ды ў жыце, у дрыгве ды пад снапом, у гумне ды ў кутку запрыпечка… Схаваныя ад чалавечага вока звышнатуральныя сілы дапамагалі pacтлyмaчыць i нeйкiм чынaм yпapaдкаваць з’явы нaвaкoльнага cвeту.
Беларускія міфічныя істоты і казачныя персанажы 15 красавіка “пасяліліся” ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Усе, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з Жэўжыкам і Ёўнікам, зазірнуць у вочы таямнічаму Купальскаму дзядку і пастаяць побач з Гаспадаром палёў, шчыра запрашаюцца на ўнікальную выстаўку-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Казкі і паданні майго краю”, якая стала адпраўной кропкай аднайменнага праекта.
Таленавітыя ўдзельнікі гурткоў і студый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вучні дзіцячых мастацкіх школ і школ мастацтваў, навучэнцы сярэдніх спецыяльных і студэнты вышэйшых навучальных устаноў і асобныя адораныя канкурсанты Гродзеншчыны стварылі больш за 120 работ, аб’яднаных адзінай тэмай. Кожны твор адрозніваецца сваёй непаўторнай тэхнікай выканання і кампазіцыяй.
У выставачнай зале цэнтра сярод арыгінальных экспанатаў “знайшоў сабе прытулак” і клапатлівы захавальнік хатняга ачага – дамавік. З гэтым добрым заступнікам можна не баяцца ні злыдняў, ні шатанаў – і смела акунацца ў краіну магіі і чараўніцтва, створаную з дапамогай фарбаў, паперы, дрэва, гліны, саломкі, салёнага цеста, лямцу, тэкстылю і, вядома ж, бязмежнай фантазіі. Варта адзначыць, што многія з каларытных персанажаў, адлюстраваных на выстаўцы, не маюць аналагаў у сусветнай міфалогіі.
Таленавітыя прадстаўнікі розных рэгіёнаў Гродзенскай вобласці не абыйшлі ўвагай у сваёй творчасці і герояў мясцовых легенд. Белая Панна Гальшан, чараўніца Свіцязянка, Барбара Радзівіл, князёўна Гражына – увасобленыя ў работах канкурсантаў вобразы ў чарговы раз даказалі, што ўсе без выключэння рэгіёны Гродзеншчыны адрозніваюцца багатай фальклорнай спадчынай, якую варта памятаць і шанаваць.
Кожны наведвальнік выставачнай залы мае магчымасць паўплываць на вынікі конкурсу і аддаць свой голас за таго канкурсанта, чыя работа пакажацца яму самай вобразнай, арыгінальнай і яскравай. Перыяд дзеяння выстаўкі – да канца мая. За гэты час казачна-фантастычная тэма Гродзеншчыны будзе падтрымлівацца і ў інтэрнэт-прасторы. 5 мая плануецца запуск інтэрнэт-чэленджу «#ЛЮБИМАЯ СКАЗКА», а 10 мая выстаўка “Казкі і паданні майго краю” пачне дзейнічаць не толькі ў выставачнай зале, але і ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” з магчымасцю анлайн-галасавання. Самых актыўных і крэатыўных віртуальных наведвальнікаў чакаюць прызы!
Фінальным акордам праекта стане ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу, уручэнне падарункаў і вялікае свята на адкрытай пляцоўцы Маладзёжнага цэнтра “Гродна”! Кніжная экспазіцыя, тэтралізаванае прадстаўленне, канцэрт, творчыя пляцоўкі – усе сюрпрызы арганізатары пакуль трымаюць у тайне, але пераконваюць: будзе казачна! І запрашаюць усіх далучацца.
Праект “Казкі і паданні майго краю” – гэта не толькі цікавае падарожжа ў свет арыгінальнай народнай культуры, але і гарантаваная падтрымка спагадных казачных персанажаў, якія дакладна ведаюць, як дапамагчы добраму чалавеку.
У адкрыцці выстаўкі прымалі ўдзел:
- Народны тэатр моды “Маладосць” УА “Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну” (мастацкі кіраўнік – Дзідарава Іна Сцяпанаўна)
- Аляксандра Орач – удзельніца студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ДУА “Гімназія № 5 г.Гродна” (мастацкі кіраўнік – Орач Жанна Васільеўна)
- узорная студыя эстраднай песні “Позитив” ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” г.Гродна” (мастацкі кіраўнік – Садоўская Іна Віктараўна)
- вакальная студыя “Экспромт” ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” г.Гродна” (мастацкі кіраўнік – Красікава Ірына Аляксандраўна)
Выказваем шчырую падзяку!!!