Трэцяе месца ў намінацыі «Беларускі народны танец» дасталася ўзорнай студыі талентаў «Дзеці Галактыкі».
Удзел у міжнародным фестывалі мастацтваў прымалі юнакі і дзяўчаты ўзорнага фальклорнага ансамбля «Нальшчаначка» са Смаргонскага раёна. Яны змагаліся за перамогу ў міжнародным фестывалі-конкурсе «Вясёлка над Віцебскам» і выступілі ў дзвюх намінацыях: «Фальклорна- этнаграфічная творчасць» і «Вакальная творчасць». Артысты выканалі калектыўныя і сольныя фальклорныя кампазіцыі, запісаныя на Смаргоншчыне і прадэманстравалі праграму «Купальскія матывы». Па рашэнні журы ў «Нальшчаначкі» адразу два дыпломы I ступені. Акрамя таго, за выкананне сольнай кампазіцыі ў намінацыі «Народны вакал» дыпломам II ступені ўзнагароджана Ангеліна Дудзінская, дыплом лаўрэата III ступені ў намінацыі «Эстрадны вакал» дастаўся Эміліі Ралевіч.
Сваю творчасць на «Славянскім базары» прадстаўлялі рамеснікі Гродзеншчыны, якія таксама не засталіся без заслужаных узнагарод: яны аказаліся ў ліку пераможцаў свята- конкурсу народнай цацкі і лялькі «Забава-2021». У намінацыі «Тэатральная лялька» першае месца дасталася Ирыне Дыдышка, метадысту аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Юзэфа Старасціна, загадчык сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аграгарадка Геранёны Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу, атрымала трэцяе месца ў намінацыі «Народная тэкстыльная цацка». Дыплом за адраджэнне і папулярызацыю традыцыйнай культуры і мастацтва быў уручаны Веры Чурэйна, майстру аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Яркі след у Віцебску пакінула і гродзенская моладзь. Шэраг перамог гродзенцы атрымалі ў фестывалі «Агонь моладзевых талентаў».
Трэцяе месца ў намінацыі «Беларускі народны танец» дасталася ўзорнай студыі талентаў «Дзеці Галактыкі», «бронзу» ў намінацыі «Мастацтва ўнутры» заваявалі і юныя акардыяністы – дуэт «NIGHTWISH». У намінацыі «Славянскі хіт» другое месца заняў ансамбль салістаў эстраднай студыі «Акцэнт». Студыя сучаснага танца «Арт-дэнс студыя» заняла трэцяе месца ў намінацыі «Стрыт дэнс». Не засталася моладзь Гродзеншчыны і без «золата». У намінацыі «Чырлідынг» ганаровае першае месца заваяваў гродзенскі клуб чырлідынга «DARTLY».
Шчыра віншуем з перамогамі нашых землякоў!