Брэндавае свята “Лён-Фэст” каторы год збірае ў Турцы аматараў беларускіх народных промыслаў і культуры. Тут традыцыйна вяртаюць гасцей на паўстагоддзе і больш назад, калі сяляне самі лён сеялі, апрацоўвалі і выкарыстоўвалі ў паўсядзённым ужытку.
Насамрэч, лён — вельмі старажытная расліна, якую апрацоўваюць больш за дзве тысячы гадоў. Значыць старажытныя людзі, якія насілі звярыныя скуры, нейкім чынам выкарыстоўвалі лён.
Сёння лён — нацыянальнае багацце Беларусі. Нездарма яго кветкі ўплецены ў вянок, што месціцца на Дзяржаўным гербе Беларусі. Пачэснае месца сінія кветачкі займаюць і на гербе Карэліч.
Даўней лён пачыналі сеяць 27 мая, у дзень Сідара-агурочніка. А на Фядота-аўсяніка, 31 мая, яго сеялі ўжо ўсюды. У нашых продкаў існаваў такі звычай: перад севам льну ўсе распраналіся ў полі, каб лён пашкадаваў, маўляў, гэтыя дзяўчаты бедныя, нават кашуль няма, трэба ўрадзіцца лепей. Яшчэ быў звычай пры сяўбе залагоджваць мужчын — класці ў мяшок з насеннем вараныя яйкі. Таму і любілі сеяць лён. Бывала, бацька засыпае ў сявейку насенне, а з ім яйка за яйкам вылятае. Але проста ўзяць яйка і з’есці нельга, трэба спачатку яго падкінуць і сказаць: “Вырасці, лён, вышэй лесу стаялага!”
На Лупу-бруснічніка, 5 верасня, лён выдзіралі з зямлі з коранем, гэта значыць церабілі, сцябліны звязвалі ў снапы, прасушвалі і абмалочвалі, каб аддзяліць насенне. Затым сцябліны мачылі, апускалі ў саджалку, каб было лягчэй аддзяліць валакно ад драўніны, якая яго пакрывае.
На Сымона-стоўпніка, 14 верасня, сцябліны мялі. Матулі заўсёды павучалі: “Мні лён даўжэй, валокны будуць большыя”. Затым яго церабілі на грабянях, атрымліваючы доўгае валакно і кудзелю. Потым ужо пралі ніткі, а з нітак ткалі палатно. Наздарма ў народзе казалі: “Каго лён выматае, таго і азалаціць”. Лён слалі маладым, каб ніякая хвароба не прывязалася, прымалі ў ільняное палатно нованароджаных, каб былі здаровымі, перавязвалі воінаў, каб раны хутчэй зажылі.
Надзея Іосіфаўна Комар з Турца не па чутках ведае, што лён сапраўды любіць паклон. З юнацкіх гадоў разам з маці садзілі яго, апрацоўвалі і дома, і ў калгасе. Да гэтага часу жанчына беражліва захоўвае льняное палатно і ніткі, вырабленыя яе матуляй. Вырабам — па паўстагоддзя, і гэта сапраўдная сямейная рэліквія. Праўда, крыху нітак Надзея Іосіфаўна аддала ў Турэцкі Дом культуры, каб дзеці вучыліся рабіць з іх лялькі-абярэгі і ўпрыгожванні. Сама жанчына вельмі любіць вышываць на льняным палатне ніткамі мулінэ. Гаворыць, што можна вышываць і льнянымі ніткамі, для гэтага іх спецыяльна робяць больш тонкімі.
На выставе майстрыха прадставіла цудоўную льняную спадніцу, якую сама звязала і насіла ў дзявоцтве, а таксама карункавую амаль бязважкую фіранку на акно.
82-гадовая Надзея Уладзіміраўна Рытус з вёскі Баранавічы на свята прыехала з цэлым арсеналам прылад для апрацоўкі льну: церніцай, трапалкай, часалкай, калаўротам, прасніцай і верацяном.
— Харошы лён вельмі цяжка атрымаць, — гаворыць жанчына. — У нас казалі, хто пасее лён — пажне золата. Бывала, што і не атрымоўвалася: усё ад надвор’я залежала. Лён вельмі любіць добра ўгноеную зямлю і вільгаць. А каб ён з рудога атрымаўся шэрым, патрэбны дробныя дажджы і росы.
З атрыманых нітак, успамінае жанчына, ткалі рушнікі, абрусы, прасціны. Калі дзяўчына ішла замуж, маці ў якасці пасагу дала ёй некалькі скруткаў з палатном. Траіх дзяцей жанчына вырасціла ў льняных пялёнках.
Сёння ў Беларусі не забыліся пра звычаі нашых продкаў. З лёну вырабляюць танюткі батыст і дзіўныя, амаль бязважкія карункі — блонд. Шыюць таксама пасцельную і сталовую бялізну, абрусы, парцьеры, адзенне.
Яшчэ лён корміць. З яго атрымліваюць вельмі карыснае масла, насенне дадаюць у цукеркі, халву і печыва. Спецыяльна да свята мясцовыя ўмеліцы Наталля Дземяновіч і яе дачка Надзея нарабілі розных страў з льняным семенем. Некалькі відаў печыва, здобу і льняны кісель маглі паспрабаваць усе, хто жадаў. Не ўстрымалася і я: сапраўды, вельмі смачна, а галоўнае — карысна.
Рэцэпты страў з семені льну ад Наталлі і Надзеі Дземяновіч.
Галетнае печыва
Інгрэдыенты
Мука – 1 стакан з горкай (250-300 г)
Цукар – 2 сталовыя лыжкі
Соль – маленькая дробка
Семя льну – 2-3 сталовыя лыжкі
Масла – прыблізна 1/3 стакана (масла можна выбіраць любое, але ачышчанае і абавязкова расліннага паходжання)
Вада — паўстакана.
Сухія кампаненты змяшаць. Ваду і масла давесці да кіпення і, пастаянна памешваючы, дабавіць сухую сумесь. Вымешваць цеста да ўтварэння шчыльнай аднароднай масы, абгарнуць у харчовую плёнку і пакінуць на 10-15 хвілін. Далей раскатаць тонкім слоем, сфарміраваць печыва. Пакласці на процівень, засланы пергаментам, і паставіць у духоўку на 10-15 хвілін.
Кісель
Для падрыхтоўкі гаючага напітку спатрэбяцца:
Гарбуз – 300 г
Вада – 3 л
Крухмал – 3 сталовыя лыжкі
Семя льну – 1 сталовая лыжка.
Гарбуз змяльчыць у блендэры. Крухмал развесці ў палове стакана вады. Злучыць усе кампаненты ў адзіную масу і давесці да кіпення. Працадзіць і пакінуць астуджвацца. З напаўненнем напітку можна эксперыментаваць, напрыклад, можна выкарыстоўваць кабачкі ці каляровую капусту. У гэтым варыянце іх неабходна папярэдне зварыць або прыгатаваць на пару.
Сваю прадукцыю з ільну прадставіла на свяце і ААТ “Карэлічы-Лён”. Працаўнікі гэтага прадпрыемства вырошчваюць лён і вырабляюць з яго доўгае і кароткае льновалакно, упаковачную вяроўку, шпагат, паліўныя брыкеты, льняны алей і жмых. Валакно экспартуецца ў Кітай і Расію.
Ніхто не паспрачаецца, што асаблівае месца ў жаночым вобразе займае біжутэрыя, зробленая сваімі рукамі. Такія вырабы з ільняной ніткі і бусінаў могуць стаць не толькі ўпрыгожваннем гардэроба, але і добрым падарункам для родных і сяброў. У Турэцкім Доме культуры працуе гурток, дзе дзяцей вучаць рабіць прыгажосць з дапамогай льняной ніткі, пацерак і нажніц. Бясспрэчна, у такім упрыгожванні любая модніца будзе непаўторнай і ўнікальнай.
Многія госці фэсту скарысталіся магчымасцю навучыцца рабіць льняную ляльку-абярэг, якая дапаможа захаваць здароўе.
Максім Байбак з Дзяржынску, які прыехаў у Рап’ёва на лецішча, кажа, што пра “Лён-Фэст” даведаўся з інтэрнэта. Разам з мамай Веранікай і цёцяй Палінай прыехалі на свята, бо спадабалася праграма.
— Вельмі добрае свята, — кажа юнак. — Вось паглядзелі, як робяцца абярэгі, зрабілі для сябе. У наш час добра мець нейкую хоць бы і містычную абарону.
Кажуць, што нішто так не аб’ядноўвае людзей, як сумесная праца. Таму ўсе госці свята мелі магчымасць прыняць удзел у пляценні льнянога палатна, уплёўшы ў яго зялёную, сінюю ці жоўтую стужку.
11-гадовая жыхарка Турца Вікторыя Дземяновіч уплятае ў палатно зялёную стужку і гаворыць, што рукадзеллю вучыцца ў мясцовым клубе. Нават падчас летніх канікул ходзіць туды два разы на тыдзень.
А яшчэ праца падаўжае жыццё. У гэтым упэўнена 95-гадовая жыхарка Браносава Марыя Захараўна Варанко. Яе як старэйшую жыхарку Турэцкага сельсавета цёпла прывіталі на свяце, падарылі падарунак, пажадаўшы сустрэць 100-годдзе.
— Ніякіх сакрэтаў даўгалецця, дзеткі, я не ведаю, — кажа Марыя Захараўна. — Трэба проста жыць і не здавацца. Рабіць і не садзіцца, бо як сядзеш — усё! Я адна жыву, дачка тут, у Турцы. Сама і агарод палю, і бульбу, у хаце прыбіраю, есці гатую, усё сама. Мая мама 97 гадоў пражыла і таксама вельмі працавітая была.
Між тым пляцоўка ў цэнтры аграгарадка віруе ад дзяцей. Сталыя вучаць малых танцаваць традыцыйныя беларускія танцы “Нарэчанька” і “Ойра-ойра”. Дзеці задаволены, настрой прыўзняты, гэта не тое, што навамодныя “бугі-вугі” ў гарадскім клубе.
— У Гродзенскай вобласці зараз ладзіцца акцыя “Танцуем па-даўнейшаму”, — гаворыць загадчык аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Шпакоўская. — У яе рамках беларусаў вучаць танчыць так, як гэта рабілі нашыя продкі, бабулі і дзядулі.
На свяце весяліліся і дзеці, і дарослыя: спаборнічалі ў конкурсе на самую прыгожую касу з льнянога валакна, адгадвалі загадкі, гулялі ў рухомыя гульні. Добрыя музычныя падарункі зрабілі гасцям выканаўцы з Цырына і Міра.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара
Відэа Іны САНЧУК
«Полымя»