“Майстэрня падвойнага ткацтва” у Гудзевічах Мастоўскага раёна

7-8 чэрвеня УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” сустракаў гасцей. Справа ў тым, што ў гэтыя сонечныя і цёплыя дні ў музеі па даўняй традыцыі ладзілася летняя школа “Майстэрня падвойнага ткацтва”.

З’ехаліся сюды людзі з розных куточкаў нашай краіны, а аб’ядноўвала іх адна мэта: далучыцца да гістарычнай каштоўнасці, пераняць вопыт у таленавітых майстроў, навучыцца цікаваму і няпростаму рамяству стварэння сапраўдных мастацкіх шэдэўраў.

Падвойнае ткацтва, як і іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мае сваю гісторыю. Вельмі цікава і грунтоўна з ёй пазнаёміла ўсіх прысутных Марына Аляксандраўна Камінская, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі, дачка Веры Ігнатаўны Белакоз, народнага майстра Рэспублікі Беларусь, адраджальніцы беларускага традыцыйнага рамяства. Дзякуючы Веры Ігнатаўне, яе мэтанакіраванасці, напорыстасці, майстэрству, мастацкаму густу Гудзевічы славяцца не толькі ў нашай краіне, але і далёка па-за яе межамі.

Работа кіпела з самага ранку. Сваім вопытам у гэтыя дні дзяліліся В. І. Белакоз, М. А. Камінская, А. Ф. Шунейка, В. С. Палойка, Л. М. Станеўская. А пераняць яго прыехалі: выкладчык УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва” С. В. Матвейчык, метадыст ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў” Ю. А. Барадзіна, майстры ДУК “Мастоўскі цэнтр рамёстваў” В. Ю. Вайтовіч, Т. А. Вангул, К. К. Аксаміт, навучэнцы УА “Гродзенскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі”. Кожны прысутны меў унікальную магчымасць пазнаць працэс стварэння падвойных дываноў ад снавання, запраўкі кроснаў і непасрэдна паспрабаваць свае сілы ў ткацтве падвойнага дывана, атрымаць слушныя парады, далучыцца да культурнай спадчыны. У час правядзення майстэрні дзейнічала выстава “Тканыя дзівосы”, якая яскрава паказала непаўторнасць кожнай з работ.

Па матэрыялах Мастоўскай раённай газеты “Зара над Нёманам”:

ст. навуковы супрацоўнік УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” Л. Рэйшэль