Сімвалічна, што ў калядна-навагоднія дні 29 снежня 2022 года на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры разглядалася пытанне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыя бытавання народнага лялечнага тэатра ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці (Мірская батлейка)”.
Народныя тэатралізаваныя прадстаўленні вельмі старажытныя і вядуць сваё паходжанне з самага заранку гісторыі чалавецтва. Не выключэнне і з’ява батлеечнага тэатра, які захаваў у сваёй сутнасці містэрыяльны дух яднання чалавечага і Боскага. Сама назва тэатра батлейкі паходзіць ад назвы горада Віфлеем (Betleem) ці Бетлеем, дзе нарадзіўся Іісус Хрыстос. Таму на Беларусі сустракаюцца яшчэ назвы “батляемка”, “бетлейка”, “баталейка”, “бэтля”.
З 1989 года ў г.п. Мір Карэліцкага раёна, дзякуючы педагогам і навучэнцам мясцовай установы адукацыі “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”, пачалося аднаўленне батлеечных прадстаўленняў на аснове тактоўнага пераасэнсавання лакальных народных і гісторыка-культурных традыцый Карэліччыны. Вынікам гэтай працы стала стварэнне дакладных копій батлейкі і батлеечных лялек з арыгіналаў, што знаходзяцца ў Расійскім музеі этнаграфіі (г. Санкт-Пецярбург), а таксама прадстаўленне батлеечных інтэрмедый пад час Каляд. Ствараліся батлеечныя скрыні, майстраваліся лялькі, якія вырабляліся ў традыцыйнай манеры: драўлянай загатоўцы прыдавалася форма цела, затым падбіралася тканіна для пашыву адзення лялькі, прычым вельмі важна было ўлічваць колер, аздабленне якія суадносіліся з ролевай значнасцю персанажа. Затым на ляльцы прамалёўваўся твар, а то і сама лялька фарбавалася ў адпаведны колер у залежнасці ад характару персанажа. Усе лялькі мелі шпень – драўляны альбо металічны стрыжань, з дапамогай якога батлеечнік “вадзіў” ляльку, так мовіць, “ажыўляў” персанаж.
Прадстаўленні традыцыйнай каляднай батлейкі ладзяцца пачынаючы з святкавання каталікамі свята Нараджэння Хрыстова і доўжацца да святкавання праваслаўнымі Вадохрышча. Гэтыя прадстаўленні сёння ў Карэліцкім раёне з’яўляюцца ўжо неад’емным элементам калядных святаў. Прадстаўляемыя батлеечныя дзеі праводзяцца з захаваннем усіх тых абрадавых момантаў, якія выкарыстоўвалі мясцовыя батлеі Сілко: заходныя вітанні гаспадару, спеў прывітальнага канта, непасрэдна батлеечная дзея і выкананне віншавальнага канта.
Прадстаўленне пачынаецца з заходу батлеяў з традыцыйным прашэннем дазволу ў “гаспадара”, “гаспадыні” і “радзіны”. Затым пяецца віншавальны мясцовы калядны спеў (“А на небе месяц ды зоры…”) і пачынаецца прадстаўленне. Пасля прадстаўлення віншуюцца прысутныя другім мясцовым калядным спевам (“Хрыстос нарадзіўся! Алілуя!”). Сама батлеечная дзея ўяўляе сабой рэканструяванае батлеечнае прадстаўленне “Цар Ірад” з рэпертуару батлеяў Сілко ў характэрнай вершаванай форме. Віншавальныя канты па традыцыі запяваюцца старшым батлеем і падхопліваюцца астатнімі батлейшчыкамі ды прысутнымі.
Для ўдзельнікаў батлейкі гэтыя прадстаўленні з’яўляюцца не проста святочнымі прэзентацыямі. Кожны з носьбітаў батлеечнага мастацтва ў той ці іншай ступені ўсвядомлівае сваю дзейнасць як захавальніка адметнасці і своеасаблівасці народнай культуры Карэліччыны і г.п. Мір канкрэтна.
Матэрыялы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці падрыхтаваны мастацкім кіраўніком народнага лялечнага тэатра “Батлейка” ўстановы адукацыі “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж” Петрыманам Канстанцінам Леанардавічам. Уключэнне Мірскай батлейкі ў спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны дазволіць мясцовай супольнасці ўспрымаць гэты элемент народнай культуры не толькі як асэнсаваную каштоўнасць, але і як этнакультурны сімвал супольнасці, што падкэсліць яе пэўную культурна-гістарычную адметнасць і нацыянальную ідэнтычнасць.