Музычна-паэтычная сустрэча “Rock-it power” у рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані”

26 сакавіка ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылася музычна-паэтычная сустрэча “Rock-it power” з цыкла “Гітара ад класікі да джаза” ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

 Напачатку вечарыны кіраўнік клуба А. Закрэўскі расказаў гледачам аб вытоках і накірунках рок-музыкі, аб найбольш яркіх і выбітных сусветных рок-гуртах і выканаўцах. Галоўным госцем сустрэчы сталі ўдзельнікі гурта “Ваnd 777”: Уладзімір Наумовіч – бас-гітара, Віталь Кудлачоў – лідэр-гітара, Аляксандр Брузгін – вакал, губная гармоніка, клавішныя, Павел Гарчычка – вакал, Валерый Новік – барабаны. Падчас імпрэзы прагучалі каверы на вядомыя хіты такіх гуртоў як:  “АС/DC”, “Genesіs”, “Deep Purple”, “Gary Moore”, “Scorpions”, “Blackout”, “Chuck Berry”, “Electric Light Orchestra”. Адметна, што сярод слухачоў былі прадстаўнікі маладога пакалення, якія з цікавасцю слухалі хіты мінулых часоў.

Таленавіты лідэр-гітарыст Віталь Кудлачоў уразіў аматараў рока сваёй асаблівай тэхнікай ігры, выдатным гучаннем і сапраўдным рок-н-рольным драйвам! Гурт гучаў зладжана і, як кажуць рок-музыканты, “качаў”, дзякуючы рытм-секцыі. Калі ж вакаліст Аляксандр Брузгін  заспяваў знакаміты хіт “Highway to Hell” гурта “АС/DC”, яго падхапілі ўсе гледачы. Якасны “жывы” гук, які запяспечваў Валерый Кавальчук, прафесійнае выкананне, неверагодная энергетыка артыстаў – усё гэта зрабіла вечарыну яркай рок-н-рольнай падзеяй для сапраўдных меламанаў.

Напрыканцы сустрэчы гледачы па-сяброўску задавалі пытанні кіраўніку клуба “Грані” і ахвотна дзяліліся прыемнымі ўражаннямі ад запамінальнага вечара.