Музычная сустрэча “Рок па-беларуску” ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані”

24 кастрычніка ў народным клубе творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылася музычная сустрэча “Рок па-беларуску” з цыкла “Гітара ад класікі да джаза”.

У пачатку  пасяджэння кіраўнік клуба А. Закрэўскі зрабіў цікавы агляд  развіцця беларускай рок-музыкі, яе накірункаў, пазнаеміў гледачоў з творчасцю лепшых рок-гуртоў. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі, што такое беларускі рок увогуле і які яго стан на сённяшні дзень.

У якасці гасцей музычнай сустрэчы быў гурт «НARD BLUES SHOT» у складзе: Анатоль Пудзін – гітара; Вадзім Сідараў – бас-гітара, вакал; Юрый Грыгер – барабаны; Мікіта Сак – гітара; Мікалай Хітрык – вакал.

Госці вечарыны пачулі цікавыя версіі кампазіцый беларускіх гуртоў: «Крама», «NRM», «Крамбамбуля». Вельмі варазна ў стылі хард-рок прагучалі дзве песні з рэпертуару баснійскага рок-гурта “Bijelo Dugme”. Адметна, што пераклад на беларускую мову зрабілі ўдзельнікі гурта «НARD BLUES SHOT».

Зладжаная ігра Вадзіма Сідарава на бас-гітары і Юрыя Грыгера на барабанах, узмоцненая жорсткімі гітарнымі рыфамі ў выкананні Мікіты Сака, рабілі добрыя падмуркі для тэхнічных пасажаў лідэр-гітарыста Анатоля Пудзіна. Вакал Мікалая Хітрыка дадаваў гурту блюз-рокавыя інтанацыі. Калі гучала знакамітая песня “Тры чарапахі” ўсе гледачы спявалі разам з музыкантамі, а пад лірычны “Абсэнт” гурта “Крамбамбуля” некалькі пар нават танцавала. Вечарына клуба “Грані”, як заўсёды, атрымалася па-сяброўску цёплай, душэўнай і пазітыўнай.