На Гродзеншчыне адзначылі святы вёсак

Свята вёскі – гэта цёплая сустрэча пакаленняў, урачыстае ўшанаванне працоўных дынастый, дакрананне да народных традыцый. На мерапрыемстве, прысвечаным роднаму кутку, сяляне разам узгадваюць мінулае, строяць планы на будучыню, радуюцца поспехам адзін аднаго, дэманструюць свае таленты, весела бавяць час і па-сапраўднаму адпачываюць душой.

Дваццаць населеных пунктаў Гродзеншчыны ў мінулыя выхадныя з размахам адзначалі святы вёсак. Ціхія маляўнічыя мясціны нашай вобласці застракаталі яркімі фарбамі, нязвыкла ажылі, напоўніліся гукамі вясёлых мелодый, задорным смехам і водарамі пачастункаў. Святочная атмасфера панавала ў кожным сельскім двары, несла добры настрой у кожную сям’ю і сагравала сэрца кожнага госця.

У выхадныя ў трох вёсках Іўеўшчыны было весела і шумна. «Звінела» і маленькая вёсачка Астраўцы, у якой пастаянна пражываюць толькі 14 чалавек, у асноўным – пажылыя людзі. На мерапрыемстве «Любімая вёска» асаблівая ўвага была нададзена гістарычнаму мінуламу роднай зямлі. Свята в. Зубковічы «Вёсачка мая» пачалося з займальнай легенды пра беларусаў – і скончылася звонкімі песнямі і заўзятымі танцамі. Жыхароў шаноўнага ўзросту квітнеючай вёскі Коўкель прыемна здзівіла бездакорная арганізацыя іх невялікай «культурнай падзеі». Гасцей уразілі вясёлыя гумарэскі і байкі, душэўныя мелодыі і паэтычныя радкі, шчырыя пажаданні і адкрытыя ўсмешкі.

Насычаныя выхадныя выдаліся і ў сельскіх жыхароў Смаргонскага раёна. 10 чэрвеня ў в. Пільцы ўсе ад малога да старога ўшаноўвалі працаўнікоў зямлі, дарылі і прымалі музычныя падарункі, удзельнічалі ў народных забавах і гульнях. У гэты ж дзень мясцовыя артысты прыехалі са святочнай праграмай у в. Верабушкі.

«Я тут жыву, і край мне гэты дарагі!» – пад такой назвай у нядзелю прайшло свята в. Азеранкі Ваўкавыскага раёна. Вёска мае прыгожую назву, але мерапрыемства паказала, што ўсё ж сапраўдным яе ўпрыгожваннем з’яўляюцца людзі. Са звонкімі скокамі і светлымі ўсмешкамі ў в. Данілаўцы прыйшло свята «Роднай вёсцы нізка пакланюся». Жыхары в. Вішневічы таксама ў чарговы раз прыгадалі, за што яны так любяць сваю малую радзіму.

«Жыві, родная вёсачка!» – з такімі словамі звярталіся да родных мясцін жыхары вёсачкі Бянькі Шчучынскага раёна. На мерапрыемства прыйшло не толькі мясцовае насельніцтва, але і прыехалі тыя госці, што пакінулі родныя мясціны шмат гадоў таму. З душэўнай цеплынёй і радасцю ў вачах адзначалі па праву «сваё» свята жыхары в. Ляшчанка.

Душэўны матыў песні «Сяло роднае», якая прагучала на свяце «Ты ўсіх краёў даражэй мне!» знайшоў водгук у сэрцах жыхароў в. Васявічы і в. Абелькавічы Дзятлаўскага раёна. У гэты дзень асаблівая ўвага была нададзена людзям сталага веку. Кветкі і віншаванні атрымалі юбіляры і ўзорныя сямейныя пары.

У в. Купіск Навагрудскага раёна свята, прысвечанае любай старонцы, пачалося з урачыстага абыходу па-майстэрску ўпрыгожаных падворкаў. Фінальным акордам мерапрыемства стаў запамінальны канцэрт з удзелам артыстаў Любчанскага Дома культуры.

Кожнае свята вёскі – гэта яскравы доказ таго, што ў родных мясцінах і сонца ярчэй свеціць, і паветра чысцей, і людзі больш добрыя. Нездарма ж кажуць: «Родны край – сэрцу рай!»