18 красавіка ў культурным цэнтры «Корпус» г. Мінск адбылося ўзнагароджанне фіналістаў конкурсу рэалізаваных праектаў па захаванню культурнай спадчыны Беларусі «Спадчына ў дзеянні», які быў арганізаваны беларускім камітэтам ICAMOS.
Праект тэатра «Батлейка» аб аднаўленні і рэканструкцыі Мірскай батлеечнай школы братоў Сілко, які прадставіў на конкурсе яго мастацкі кіраўнік Канстанцін Петрыман, быў узнагароджаны Дыпломам журы конкурсу і ўвайшоў у топ-8 этнакультурных праектаў па аднаўленню нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны.
Таксама 18 красавіка акцёры народнага тэатра «Батлейка» пры УА «Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж» Кацярына Нагнібеда, Анастасія Шавейка, Дзіна Дзенісовіч ды Кірыл Макараў з мастацкім кіраўніком Канстанцінам Петрыманам, прынялі ўдзел у велікодным фестывалі «Радасць», які праходзіў у Мінску і ладзіўся Свята-Елісавецінскім манастыром. Батлейшчыкі распавялі прысутным аб гісторыі развіцця батлейкі на Беларусі, прадставілі дзею Мірскай батлеечнай школы «Салдат ды чорт» і навучылі гледачоў адноўленаму велікоднаму канту з Міршчыны, тым самым падаравалі ўсім сапраўдную радасць.
Па матэрыялах Карэліцкай масава-палітычнай газеты «Полымя»: Марына Казловіч.
Навінамі з polymia.by падзяліўся Канстанцін Петрыман, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, мастацкі кіраўнік народнага тэатра “Батлейка”