Згодна п.3 артыкула 189 КОДЭКСА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ АБ КУЛЬТУРЫ статус “народны майстар” надаецца майстру народных мастацкіх рамёстваў, вырабы якога характарызуюцца арганiчным увасабленнем калектыўнага мастацкага вопыту беларускага народа, маюць выразныя нацыянальную самабытнасць i мастацкую вартасць.
Творчая дзейнасць майстроў народных мастацкіх рамёстваў ажыццяўляецца ў наступных вiдах народных мастацкіх рамёстваў:
- разьба па дрэве;
- роспіс па дрэве, тканіне, шкле;
- саломапляценне;
- пляценне і вырабы з раслінных матэрыялаў мясцовага паходжання (лаза, чарот, карэнне, бяроста, дранка, лыка і іншае);
- аплікацыя і інкрустацыя саломай;
- ткацтва на ручных і ткацкіх станках;
- ткацтва, пляценне, віццё паясоў;
- вышыўка ручная;
- карункапляценне і вязанне карункаў;
- ганчарства;
- выраб глінянай цацкі;
- кавальства;
- бондарства;
- выцінанка;
- выраб народных строяў у мясцовых і рэгіянальных традыцыях з захаваннем традыцыйных тэхналогій ткацтва, вышыўкі;
- выраб сувенірных этнаграфічных лялек у народных строях;
- ручное мастацкае вязанне ў беларускіх народных традыцыях;
- мастацкая апрацоўка скуры;
- выраб уручную мастацкай мэблі з дрэва;
- інтарсія;
- нізанне бісеру;
- пісанкарства (выраб велікодных яек-пісанак);
- пернікарства і выраб абраднага печыва (вясельныя караваі і іншае печыва);
- іншыя віды народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў).
Органы дзяржаўнай улады могуць прадстаўляць асобам, якія атрымалі пасведчанне народнага майстра, пэўныя гарантыі і льготы для больш плённага ажыццяўлення існуючай дзейнасці, садзейнічаць вытворчасці вырабаў народных промыслаў (рамёстваў), перадачы іх майстэрства вучням.
Народны майстар мае права на:
- абарону сваёй творчай задумы;
- экспанаванне і іншыя формы публічнага паказу вынікаў сваёй дзейнасці;
- узнагароджанне за публічнае выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці;
- набыццё і нарыхтоўку неабходных відаў сыравіны і матэрыялаў;
- арэнду памяшканняў для выкарыстання іх у якасці творчых майстэрань у адпаведнасці з заканадаўствам;
- доступ да фондаў у сферы культуры;
- забеспячэнне ўмоў для творчай дзейнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі па ахове працы;
- работу па працоўнаму дагавору, у тым ліку за мяжой;
- дзейнасць па выкладанню адпаведнага віду мастацкага рамяства незалежна ад сваёй базавай адукацыі;
- абарону свайго прафесійнага гонару і годнасці;
- іншыя правы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Падаткаабкладанне народных майстроў. Народныя майстры ў адпаведнасці з падаткавым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь цалкам або часткова вызваляюцца ад выплаты падаткаў.
У выданні змешчаны біяграфічныя звесткі і даведкі аб творчай дзейнасці народных майстроў Гродзеншчыны, якія і сёння прымаюць актыўны ўдзел у выстаўках, святах, конкурсах, фестывалях народнай творчасці і іншых культурных мерапрыемствах рэгіёну.
У сваім мастацтве і рамястве народныя майстры апіраюцца на мясцовыя, рэгіянальныя, нацыянальныя традыцыі, творча іх развіваюць, праяўляюць здольнасці індывідуальнай інтэрпрэтацыі. Заслугоўвае асаблівай увагі і пашаны справа народных майстроў па зберажэнні і перадачы назапашаных ведаў і асабістага майстэрства маладому пакаленню.
1. РЫШКЕВІЧ Міхаіл Антонавіч (1924-2007; в. Бешанкі Лідскага раёна. Драўляная пластыка)
Нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у в. Бешанкі на Лідчыне, там жа працаваў у мясцовым калгасе слесарам, шафёрам, сталяром. Уласнаручна збудаваў сабе дом, аздобіў яго (як і многія суседскія будынкі) разьбянымі ўзорамі, змайстраваў аздобленую разьбою мэблю, сярод узораў якой асабліва вылучаюцца крэслы з фігурнымі падлакотнікамі і высокімі спінкамі. Займаўся такарным рамяством, тачыў розныя рэчы ўтылітарна-дэкаратыўнага характару, кампаненты архітэктурнага дэкору, аздобы на мэблю і інш. Майстраваў розныя малыя архітэктурныя формы для аздаблення сядзібы. У 1980-я гады, пасля знаёмства з творчасцю вядомага майстра-разьбяра Апалінара Пупко, стаў выразаць скульптурныя кампазіцыі сюжэтна-тэматычнага характару.
Скульптурная пластыка Міхаіла Рышкевіча – характэрны ўзор наіўна-рэалістычнага (інсітнага) мастацтва. З добрым веданнем сялянскага жыцця, традыцыйнага побыту, адвечных каштоўнасцей адлюстроўваў з дзяцінства вядомыя яму вобразы і сюжэты: «Касец», «Пілавальшчык», «Жняя», «Грыбнік», «Дудар», «Пастушок», «Жанчына з граблямі», «Стары з кульбай», «Мужык і мядзведзь» і інш. Трактоўка скульптур наіўная, з яўнымі анатамічнымі пагрэшнасцямі, але ўсё гэта кампенсуецца дакладнасцю адлюстравання бытавых рэалій, шчырасцю і непасрэднасцю вырашэння вобразаў.
Творы Міхаіла Рышкевіча захоўваюцца ў музеях Мінска, Гродна і інш.
2. СКРАМБЛЕВІЧ Мар’ян Антонавіч (г. Гродна. Выраб музычных інструментаў з дрэва)
Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч нарадзіўся ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна ў сям’і, дзе ўсе мелі прыхільнасць да музыкі. Ён сам віртуозна грае на гармоніку.
Больш за 30 гадоў Мар’ян Антонавіч займаецца вырабам драўляных музычных інструментаў. Пачынаў з мастацкай разьбы: пано, шкатулкі, вазачкі, іншыя ўжытковыя прадметы. Затым прыйшло жаданне спалучыць рамяство і музыку, але атрымалася не адразу. З цягам часу пазнаў “музычныя здольнасці” розных парод дрэва. Зараз працуе з клёнам, акацыяй, ясенем, чаромхай, сасной, дубам і нават індыйскім бамбукам. Пры вырабе музычных інструментаў майстар звычайна коле дрэва, каб яно не трэскалася слаямі. І яшчэ адно правіла: Мар’я Антонавіч ніколі не выразае з сарцавіны драўніны, бо, як ён кажа, дудкі тады не граюць.
Майстар доўга працуе над кожным інструментам: мяняе таўшчыню сценак і велічыню адтулін, шліфуе гук і тэмбр. Таму кожная яго дудка мае сваю меладычную афарбоўку, набліжаную да прыроднага каларыту. На іх можна перадаваць шум ветрыку, лістоты дрэў і птушыныя спевы.
Пасля выхаду на пенсію Мар’ян Антонавіч з горада вярнуўся ў бацькоўскую хату, што ў Адэльску Гродзенскага раёна. Працуе ў мясцовым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе месціцца двухпакаёвы музей драўляных музычных інструментаў. Яго калекцыя драўляных акарын – адзіная ў Еўропе. Майстар увесь час удасканальвае сваё майстэрства, стварае новыя арыгінальныя музычныя інструменты. Яго музычныя інструменты гучаць у многіх аматарскіх і прафесійных мастацкіх калектывах Рэспублікі Беларусь.
У 2005 годзе за значны асабісты ўклад у развіццё народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў М.А. Cкрамблевіч стаў лаўрэатам прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “народны майстар”.
У 2012 годзе творчасць майстра па вырабу музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У 2016 годзе Скрамблевічу Мар’яну Антонавічу нададзена званне “Ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна”, а яго імя занесена ў “Кнігу славы Гродзенскай вобласці”.
Па выніках 2020 года — лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
3. БЕЛАКОЗ Вера Ігнатаўна (в. Гудзевічы Мастоўскага раёна. Падвойнае ткацтва)
Нарадзілася Вера Белакоз у в. Ляткі Мастоўскага раёна, там жа скончыла школу, куды пасля вучобы ў Гродзенскім педагагічным вучылішчы вярнулася працаваць настаўніцай пачатковых класаў. З дзяцінства знаёмая з сялянскай працай, традыцыйнымі рамёствамі, асаблівую цікавасць выяўляла да ткацтва і ўсіх звязаных з ім працэсаў. Стварыла ў школе гурток ткацтва, у якім дзеці на маленькіх ручных станках ткалі паясы, закладкі, гальштукі і інш. З пераездам у Гудзевічы стала працаваць у мясцовым літаратурна-краязнаўчым музеі, там жа працягвала кіраваць гуртком ткацтва, які дзейнічае і сёння. За гэты час тэхніку ткацтва паясоў засвоілі сотні яе вучняў.
Шырокую вядомасць і прызнанне Вера Ігнатаўна атрымала за адраджэнне і развіццё рэдкага, на той час практычна забытага віду народнага мастацкага тэкстылю – т.зв. гродзенскіх дываноў, якія ствараліся складанай тэхнікай падвойнага ткацтва. Засвоіўшы сакрэты гэтай тэхналогіі ад адзінай на Гродзеншчыне майстрыхі Я. Райскай, Вера Ігнатаўна творча падышла да традыцый, распрацаваўшы ўласную мастацкую стылістыку вырабаў, што надае ім характэрную мясцовую адметнасць. Калі традыцыйныя падвойныя дываны вызначаюцца выразнай цэнтрычнасцю кампазіцыі, то на вырабах майстрыхі буйныя матывы расліннага і геаметрычнага характару звычайна раўнамерна размяшчаюцца па ўсім полі. Па краях дывана – традыцыйныя важкія кутасы і акаймоўка з больш дробных матываў, звычайна з укампанаваным у яе годам і месцам стварэння. Каларыстыка пераважна жоўта-карычневая ці чорна-чырвоная, здаўна характэрная для такіх вырабаў. На творчым рахунку майстрыхі – паўтара дзясятка ўнікальных дываноў, сапраўдных твораў мастацтва, пераважная частка якіх зберагаецца ў Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеі, а таксама ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Мастоўскім дзяржаўным музеі «Лес і чалавек» і інш.
Пераняўшы сакрэты ўнікальнай тэхналогіі ад старэйшых носьбітаў традыцый, Вера Ігнатаўна ў сваю чаргу ахвотна і актыўна дзеліцца імі з моладдзю. Яна наладжвае выстаўкі, майстар-класы, семінары-практыкумы, на якіх наглядна і папулярна дэманструе працэс ткацтва падвойнага дывана – ад снавання і да гатовага вырабу.
Намаганні Веры Белакоз па адраджэнні, зберажэнні і развіцці традыцый унікальнага, калісьці пашыранага на захадзе Гродзеншчыны, затым практычна забытага віду мастацкага рамяства атрымалі належнае прызнанне: у 2011 г. элемент «Тэхналогія традыцыйнага падвойнага ткацтва в. Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці» ўключаны ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
4. КАВАЛЁНАК Дамініка Дамінікаўна (г. Гродна. Выраб велікодных вербаў)
Родам з в. Вялікая Капліца, пасля заканчэння медвучылішча Дамініка Дамінікаўна была накіравана на працу акушэркай у Гродзенскую абласную бальніцу.
Вырасла будучая майстрыха ў шматдзетнай сям’і, у якой звыклай справай былі розныя рамёствы: маці займалася ткацтвам, бацька шыў сваім чатыром дочкам зграбныя скураныя боцікі, займаўся сталярствам і кавальствам. Многаму навучылася і Дамініка. Асабліва падабаліся ёй яркія, дэкаратыўныя кампазіцыі з вярбовых галінак, каласкоў, засушаных кветак – велікодныя вербы («пальмы»), што ствараліся жанчынамі пад Вялікдзень і павінны былі імітаваць пальмавыя галінкі, якімі народ сустракаў Хрыста пры ўездзе ў Ерусалім. У часы ваяўнічага атэізму прыгожы звычай быў практычна забыты, у пачатку 1990-х гадоў адрадзіўся, у чым актыўны ўдзел прыняла Дамініка Дамінікаўна і яе тры сястры, з часам далучыліся іх дзеці і ўнукі. У хуткім часе «гродзенскія пальмы» набылі шырокую папулярнасць далёка за межамі Гродна. Іх асвячаюць на Вялікдзень у храмах, цэлы год захоўваюць у жыллі каля абразоў. Сёння ж такія вербы, асабліва вырабленыя Дамінікай Кавалёнак – яшчэ і адметны сувенір з Прынёманскага краю.
Аснова такога арыгінальнага твора – тры дубчыкі вярбы, увянчаныя мяцёлачкай чароту, кветкай ці траўкай. Затым у ход ідуць розныя засушаныя кветкі, якія майстрыха спецыяльна вырошчвае на дачным участку, сабраныя ў розны час года шышкі хвоі і калючніка, каласкі цімафееўкі і іншыя дары прыроды. Пачынаючы з вяршыні, гэтыя нарыхтоўкі адмыслова і па чарзе ўкладваюцца на аснову і шчыльна прымотваюцца да яе, утвараючы шмат’ярусную дэкаратыўную кампазіцыю – круглую ці плоскую. Калі круглыя велікодныя вербы (пад назвай «віленскія») папулярныя ў нашых суседзяў-літоўцаў, то плоскія (накшталт птушынага пяра) – набытак менавіта Гродзеншчыны.
Як адметныя, традыцыйныя, тыпова мясцовыя святочна-абрадавыя атрыбуты і сапраўдныя творы мастацтва, гродзенскія велікодныя вербы ўключаны ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
5. ПЕНЦЯК Антаніна Пятроўна (в. Галынка Зэльвенскага раёна. Ткацтва)
Антаніна Пятроўна Пенцяк нарадзілася ў вёсцы Вострава Зэльвенскага раёна. Традыцыйнымі рамёствамі (ткацтва і вышыўка) пачала займацца з дзяцнства. У сям’і ткалі дываны, посцілкі, дарожкі і простую тканіну. Асноўнай сыравінай для ткацтва была кудзеля, лён і воўна. З іх пралі ніткі, якія, у асноўным, ішлі на выраб палатна. З якога потым шылі ручнікі, бялізну, абрусы і кашулі. Многія рэчы аздаблялі ручной вышыўкай.
Менавіта ад сваёй маці Антаніна Пятроўна навучылася прасці, ткаць, вязаць і вышываць. Яе вырабы маюць высокі мастацкі кошт. З простага палатна яны ператвараюцца ў прыгожыя рэчы з замыславатымі ўзорамі.
Вялікім попытам карыстаюцца яе посцілкі і дываны, выкананыя на аснове пераборнага ткацтва. Майстрыха стварае цуд як пераборам (“на жыўцы”), так і закладным спосабам (“у матушкі”). Узор на тканінах аднабаковы. Іншым разам дэкор ткання бывае паліхромны, што надае вырабу святочны характар.
Акрамя ткацтва Антаніна Пятроўна Пенцяк добра валодае майстэрствам ручной вышыўкі гладдзю і крыжыкам. Яе вырабы – гэта сапраўдныя творы мастацтва, выкананыя ў мясцовых традыцыях. У работах уражвае не толькі высокая тэхніка выканання і бездакорны густ, але і шматвобразнасць узораў.
Па сённяшні час Антаніна Пятроўна з’яўляецца актывістам у справе папулярызацыі традыцыйных рамёстваў. Яе вырабы і майстар-класы па прадзіву і ткацтву не адзін раз былі прадстаўлены на розных святах, выстаўках майстроў народнай творчасці. Майстрыха – пастаянны ўдзельнік Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, свята “Ганненскі кірмаш”, адкрытага рэгіянальнага конкурсу фальклору “Сустрэчы ў “Верасе”, рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”.
За развіццё і папулярызацыю беларускіх народных промыслаў і рамёстваў А.П. Пенцяк неаднаразова адзначалася дыпломамі, граматамі абласных і раённых фестваляў і конкурсаў.
Антаніна Пятроўна – душэўны чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Увесь свой талент яна аддае людзям, умее стварыць вакол сябе атмасферу радасці і дабрыні. Майстрыха з задавальненнем перадае свае веды і вопыт маладому пакаленню.
6. БАЛЁНЬ Любоў Сцяпанаўна (1938-2024 гг.) (в. Студзянец Ваўкавыскага раёна. Ткацтва)
Балёнь Любоў Сцяпанаўна нарадзілася ў вёсцы Пасынкі Ваўкавыскага раёна. У вялікай сям’і яна была адзінай дзяўчынкай, таму з маленства прыйшлося дапамагаць маці адзяваць сям’ю. З усяго вясковага рукадзелля асабліва падабалася ткацтва, з якім яна не разлучаецца ўсё жыццё.
Сёння ў хатняй калекцыі Любоў Сцяпанаўны назбіралася вялікая колькасць самаробных дываноў, пакрывалаў, абрусоў. Яна з’яўляецца носьбітам традыцыйнага простага двухнітовага ткацтва. Гэта самае распаўсюджанае перапляценне, якое выступае ў якасці ўніверсальнага фону для дэкору, выкананага ў іншых ткацкіх тэхніках. У такой тэхніцы выраблялі тканіны на адзенне (палатно для кашуль, спадніц, фартухоў), ручнікі, посцілкі, ходнікі. Вырабы, выкананыя ў тэхніцы простага двухнітовага ткацтва ўжываліся многімі вясковымі сем’ямі Ваўкавыскага раёна, але як рэгулярны занятак і хатняе рамяство зараз сустракаецца вельмі рэдка Менавіта гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёну ў 2012 годзе быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Захоўваючы ўсе асаблівасці мясцовага ткацтва, Любоў Сцяпанаўна праводзіць майстар-класы па ткацтву і перадае свае веды дарослым і дзецям на базе Роскага аддзялення ДУК “Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў”.
Любоў Сцяпанаўна Балёнь – адна з нямногіх майстрых, якая валодае мясцовымі тэхнікамі ткацтва і разумее, як важна паспець падрыхтаваць новае пакаленне майстроў, якія з дзяцінства далучаюцца да рамесніцкіх традыцый, а з цягам часу стануць сапраўднымі носьбітамі этнакультуры рэгіёна.
7. МАЖЭЙКА Марыя Юльянаўна (1923-2022; в. Петрыкі Астравецкага раёна. Ткацтва)
Марыя Юльянаўна Мажэйка нарадзілася 24 лістапада 1923 года ў в. Гіры Астравецкага раёна ў вялікай сям’і, дзе было восем дзяцей. Жылі цяжка і бедна, таму старэйшай з дзяцей — Марыі — працаваць прыйшлося з самага дзяцінства. ”Скончыла чатыры класы польскай школы і пайшла працаваць, каб бацькам было лягчэй. З малых гадоў, як толькі змагла даставаць да панажоў, пачала ткаць. Без ільна, здавалася, жыць не магла. Дома лён прала і ткала, а на працы ў калгасе лён гадавала”, – успамінае Марыя Юльянаўна. Усё яе жыццё звязана з працай і творчасцю.
Як простая сялянская жанчына, Марыя Юльянаўна валодае ўсімі відамі хатніх рамёстваў: прадзе, тчэ, выплятае карункавыя ўзоры і вышывае так, як вучыла яе маці. Калекцыя яе хатніх работ – гэта цудоўныя рукатворныя творы мастацтва, якія сведчаць пра талент і цягавітасць ткачыхі. І хаця ўзрост бярэ сваё, майстрыха не закідае кросны, імкнецца паспрыяць Астравецкаму раённаму Цэнтру культуры і народнай творчасці у справе адраджэння традыцыйных рамёстваў. Удзельніца раённых, абласных, рэспубліканскіх выставак і свят народнага мастацтва, яна прадстаўляла сваю творчасць на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі ”Дажынкі” у г.Ваўкавыску (2004 г.), неаднаразова ўдзельнічала ў Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у г.Гродна, рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, занальным конкурсе фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, рэгіянальным свяце народнай творчасці “Ад прадзіва да ткацтва”. Персанальныя выстаўкі Марыі Юльянаўны праходзілі ў аг. Рымдзюны Астравецкага раёна, г. Астравец, г. Вільнюс (Літва).
Марыя Юльянаўна ўсё жыццё, што бы ні рабіла, — робіць ахвотна, з радасцю. Любоў да роднага краю, да роднай старонкі месціцца ў глыбіні яе душы. Яна — актыўная ўдзельніца фальклорнага калектыву “Жыльвіціс” Рымдзюнскага сельскага Дома культуры. Жыццяздольнасці сталай жанчыны могуць пазаздройсціць маладыя. Марыя Юльянаўна спявае, чытае вершы, танцуе побытавыя танцы, а з нядаўніх часоў піша апавяданні і вершы пра свой любы Астравецкі край.
Марыя Юльянаўна Мажэйка – сапраўдны носьбіт традыцыйнай культуры Астравеччыны. Свае веды пра традыцыі, абрады, мясцовыя рамёствы яна ахвотна перадае вучням Рымдзюнскай сярэдняй школы.
У 2015 годзе за плённую творчую працу ў галіне народнага мастацтва М.Ю.Мажэйка была прысуджана прэмія імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “народны майстар”.
8. МІХНА Станіслава Вікеньцьеўна (1932-2022; в. Канюхі Воранаўскага раёна. Ткацтва)
Станіслава Вікенцьеўна Міхна нарадзілася ў вёсцы Канюхі Воранаўскага раёна. З малых гадоў дзяўчынка была галоўнай памочніцай ў хатніх справах, ведала ўсякую вясковую працу. З 15 гадоў пачала ткаць самастойна. Хадзіла ткаць па іншых вёсках, зарабляючы грошы для сям’і. “У той час, – успамінае Станіслава Вікенцьеўна, – зімовымі вечарамі збіраліся на вячоркі, спявалі песні, ткалі, пралі і вышывалі. У такой атмасферы атрымліваліся асабліва прыгожыя рэчы”.
Усе вырабы С.В.Міхна адрозніваюцца адзін ад другога сваімі ўзорамі: часам гэта раслінна-кветкавыя кампазіцыі ці геаметрычныя арнаментальныя выявы. Часта сустракаюцца васьміканцовыя разеткі-зоркі. Такі арнамент характэрны для мясцовай тэхнікі двухасноўнага ткацтва. Дываны, на якіх яскравыя радкі чарадуюцца нібы вясёлка, Станіслава Вікенцьеўна называе “пасякі”, а дываны, на якіх размясціліся кампазіцыі — “выбіранкі”. У 2019 годзе традыцыйным ткацкім тэхнікам вырабу шматколерных посцілак і дываноў у аграгарадку Пагародна Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Па ініцыятыве ткачыхі і пад яе кіраўніцтвам у аг.Пагародна Воранаўскага раёна на базе мясцовага цэнтра культуры і народнай творчасці з 2012 года пачала сваю работу студыя “Школа ткацтва”. Пераемнікі рамяства разам са Станіславай Вікенцьеўнай складаюць узоры, снуюць кросны, дасканала вывучаюць тэхніку ткацтва. Многія ўдзельнікі студыі ўжо самастойна ткуць невялікія сувенірныя вырабы.
Станіслава Вікенцьеўна з’яўляецца пастаяннай ўдзельніцай раённых семінараў па адраджэнні і зберажэнні мясцовых традыцый, звычаяў, свят і абрадаў, дзе з яе ўдзелам праходзяць майстар-класы па ткацтву.
У 2017 годзе С.В.Міхна стала лаурэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “народны майстар”.
9. КУКСА Міхаіл Міхайлавіч (1954-2020гг.; Гродна. Бондарскія вырабы)
Кукса Міхаіл Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Скрыбаўцы Шчучынскага раёна. Пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі працаваў інжынерам-канструктарам на Гродзенскім заводзе аўтамабільных агрэгатаў. Цікавасць да бондарства ён атрымаў ад бацькі – Міхаіла Емяльянавіча. Род Куксаў славіўся рамесніцкай ўмеласцю ні ў адным пакаленні. Бацька Міхаіла Міхайлавіча быў выдатным спецыялістам па вырабу не толькі драўляных колаў, але і хатняга посуду. У няхітрым бондарскім рамястве Міхаіл-малодшы ўбачыў і запомніў дзіўную прыгажосць, якая засталася ў душы і напомніла аб сабе праз гады.
Першая невялікая драўляная бочачка атрымалася вельмі ўдалай і Міхаіл Міхайлавіч, задаволены поспехам, усур’ёз заняўся вывучэннем бондарскай справы. Не камерцыйная выгада падштурхнула заняцца бондарствам, а жаданне адрадзіць народнае рамяство і звярнуць увагу сучаснага чалавека на нацыянальныя традыцыі. Але бондар Міхаіл Кукса не капіруе старадаўнія ўзоры, а, паважаючы традыцыі, працуе з «папраўкай» на сучаснасць. Любая новая ідэя майстра спачатку матэматычна пралічваецца на паперы, каб строга вытрымаць усе параметры будучага вырабу. 3 такой жа дакладнасцю, каб не парушыць структуру драўніны, нарыхтоўваюцца калодкі, якія затым сякуцца на дранкі для клёпак. А пачынаецца ўсё з нарыхтоўкі драўніны: ад цвёрдапародзістай да найбольш мяккай – асіны. I кожнай пародзе дрэва ў бондара сваё прызначэнне. Дзякуючы інжынерна-канструктарскім навыкам, майстар сваімі рукамі зрабіў усе станкі і прыстасаванні для майстэрні.
Калі дзед Емяльян і бацька займаліся, у асноўным, вырабамі бочак і іншым не вельмі мудрагелістым хатнім начыннем, то Міхаіл Міхайлавіч пайшоў далей. Ён не толькі значна пашырыў асартымент вырабаў, але і вырабляе іх па больш тонкай тэхналогіі. Драўляныя бочачкі, колы, кухлі, кадкі, вёдры, балейкі, дзежкі, кубельцы, цэбры з рознымі ручкамі, маслабойкі з адпаліраванымі да глянцу бакамі, зіхацяць металічнымі і драўлянымі абручамі і заклёпкамі. Многія бондарскія вырабы Міхаіла Куксы справядліва лічацца творамі мастацтва і, разам з тым, адзначаны пячаткай ручной працы, якая ў кожную з іх быццам бы ўдыхае жывую душу.
Кукса Міхаіл Міхайлавіч – вядомы на Гродзеншчыне майстар-бондар, з 2006 года – сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У 2008 годзе за значны асабісты ўклад у зберажэнне і тактоўнае пераасэнсаванне здабыткаў традыцыйнай культуры бондар Міхаіл Міхайлавіч Кукса стаў лаўрэатам прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “народны майстар”.
10. АЎЧЫННІКАЎ Аляксандр Фёдаравіч (г. Гродна. Выцінанка)
Аляксандр Фёдаравіч Аўчыннікаў нарадзіўся 7 лістапада 1951 года ў г. Скідзель Гродзенскага раёна. У 1974 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М. Кірава па спецыяльнасці “Чарчэнне, маляванне і праца”, працаваў мастаком-афарміцелем у сістэме кінавідэапраката г. Гродна. З 1988 па 2019 год – вядучы метадыст па народных промыслах і рамёствах Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Актыўна займацца выцінанкай А.Ф.Аўчыннікаў пачаў у 1993 годзе. Успаміны дзяцінства, прафесійная дзейнасць па даследаванні, папулярызацыі і арганізацыі пераемнасці традыцыйнай культуры Гродзеншчыны абудзілі жаданне да творчасці.
Творы Аляксандра Аўчыннікава вельмі адметныя. Яго вялікія, амаль паўмятровыя квадратныя, ці блізкія да квадрата сурвэткі-пано цэнтрычнай кампазіцыяй дэманструюць складанае густое, арганічнае спляценне прыродных матываў. Моцна стылізаваныя сілуэты птушак уяўляюцца неад’емнай часткай стылізаваных, абстрагаваных раслінных формаў. Як прызнаецца аўтар, тэмы яго выцінанак у многім пераклікаюцца з матывамі традыцыйнай вышыўкі, ткацтва, роспісу па шкле, дзе адным з галоўных сімвалаў выступае птушка-голуб, які ў дзюбе нясе добрую вестку (канверт альбо галінку).
Сваім майстэрствам Аляксандр Аўчыннікаў шчодра дзеліцца: праз майстар-класы навучае жадаючых стварэнню ажурных узораў з паперы. На працягу дзесяцігоддзяў майстар вёў практычны курс навучання выразанню з паперы на аддзяленні павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў устаноў культуры і мастацтва Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Удзельнічаў у раённых семінарах-практыкумах па традыцыйных рамёствах дзе актыўна папулярызаваў гэты від творчасці сярод дзяцей і моладзі.
У 2009 годзе за плённую творчую працу ў галіне народнага мастацтва А.Ф. Аўчыннікаву была прысуджана прэмія імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “народны майстар”. У 2013 годзе ён стаў лаўрэатам рэгіянальнага фестывалю абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны” (г. Ліда). У 2015 годзе — лаўрэатам абласной выстаўкі-конкурсу “Папяровы вернісаж” у рамках дня Беларускага пісьменства (г. Шчучын).
Сярод майстроў Гродзеншчыны Аляксандр Аўчыннікаў займае асаблівае месца. Яго творчасць стала эталонам майстэрства сучаснай выцінанкі, дзе традыцыйныя матывы з’яўляюцца галоўнымі.
11. БОТВІЧ Ніна Паўлаўна (1923-2018, аг. Новы Двор Свіслацкага раёна. Ткацтва паясоў)
Ніна Паўлаўна Ботвіч нарадзілася ў вёсцы Новы Двор на Свіслаччыне. З ранняга дзяцінства дзяўчынка пазнала бядноту і цяжкую працу “ад цямна да цямна”. Нямала выпрабаванняў выпала і на далейшы лёс Ніны Паўлаўны. У Вялікую Айчынную вайну, у перыяд інтэрвенцыі, на тры гады была выслана ў Германію. Працавала на цяжкіх прымусовых работах. Затым – вызваленне і доўгачаканае вяртанне на Радзіму.
Як кожная маладзіца, Ніна марыла пра шчасце. Самастойна з нічога рыхтавала вясельны пасаг, сярод якога былі тканыя дываны, абрусы, вышытыя дарожкі і ручнікі. Вырабіла шмат вясельных паясоў.
Хатнім жаночым рамёствам яна навучыла сваю дачку Марыю Мікалаеўну Гарбачову. Многія вясковыя жанчыны таксама перанялі ткацкае рамяство ад Н.П. Ботвіч. У Новым Двары да 80-ых гадоў ХХ стагоддзя выраблялі вясельныя паясы, спецыяльна ткалі “спавівачы” для спавівання немаўлят і вузкія паясы – “тасёмкі”, якія прымацоўвалі да плеценых з прыроднага матэрыялу каробак альбо гліняных “спарышоў” і збанкоў, у якіх насілі ежу ў поле альбо хадзілі з імі ў лес па ягады.
У хатняй калекцыі Ніны Паўлаўны Ботвіч сустракаюцца паясы сярэдніх і вузкіх памераў адвольнай даўжыні з бардовым, ружовым, сінім, фіялетавым, карычневым, цёмна-чырвоным, блакітным, зялёным узорам па льняной ці белай аснове і рознакаляровымі кромкамі. Тэхніка вырабу паясоў — ткацтва на ніту ў сідзячым палажэнні “на назе”, нацягнуўшы загадзя падрыхтаваную аснову на каленях. Усе паясы якасна выкананы з шарсцяных і льняных нітак хатняй работы. Асноўныя ўзоры – “ёлачка”, “у клетку”, “у шашкі”, “ланцужок” і інш. Некаторыя паясы заканчваюцца махрамі альбо кістачкамі з асновы, іншыя аздоблены кутасамі з шарсцяных нітак, прымацаваных да канцоў асновы. Шмат сваіх вырабаў майстрыха падаравала, раздала “на моду” (як узор для навучання), “на музей” (захоўваюцца ў мясцовым школьным музеі, прысутнічаюць у этназборах аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці).
12. КАРПОВІЧ Марыя Міхайлаўна (в. Крупава, Шчучынскі раён. Ткацтва)
Марыя Міхайлаўна Карповіч нарадзілася ў вёсцы Бабічы Шчучынскага раёна ў сялянскай сям’і. Яшчэ дзесяцігадовай дзяўчынкай дапамагала матулі Вользе Міхайлаўне Дзямідавай (1906-1985 гг.) у хатніх справах і з задавальненнем вучылася ткаць і вышываць. Калі Марыі споўнілася 16 гадоў, самастойна выткала посцілку і вышыла свой першы ручнік. Сыравінай для ткацтва былі лён і воўна. Потым 36 гадоў адпрацавала на мясцовай ферме даяркай. Але цяжкая праца не перашкаджала ёй займацца любімай справай.
Марыя Міхайлаўна — сапраўдны носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый: двухнітовага, чатырохнітовага ткацтва, аднабаковага перабору “у матузы”; шматнітовага пераборнага ткацтва. У калекцыі майстрыхі шмат тканага і вышытага ўбранства для хатняга ўжытку: ручнікі, посцілкі, абрусы, палатняныя тканіны, клятчастыя тканіны мясцовай колернай гамы.
Нягледзячы на ўзрост, Марыя Карповіч з’яўляецца актыўнай ўдзельніцай народнага фальклорнага гурта “Вяргіня” аддзела культуры і дасуга “Ракавіцкі Дом культуры” ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Спявачкі аўтэнтычнага калектыву шмат робяць дзеля папулярызацыі песеннага фальклору, мясцовага строя, традыцыйных рамёстваў.
13. МАШКЕВІЧ Ванда Канстанцінаўна (в. Бабічы, Шчучынскі раён. Ткацтва)
Ванда Канстанцінаўна Машкевіч нарадзілася ў сялянскай сям’і ў в. Быкаўка Шчучынскага раёна.
Самастойна займацца ткацтвам пачала з 15 гадоў. Майстэрства пераняла ад матулі Станіславы Іванаўны Вялічка (1912-2012 гг.), вядомай на ўсю акругу ткачыхі і слыннай спявачкі. Бацька Канстанцін Міхайлавіч быў дбайным гаспадаром, а ў вольны час займаўся вырабамі з дрэва.
Сям’я Вялічкаў была працавітай, мела шмат зямлі. Ванда Канстанцінаўна памятае, як на сваім надзеле вырошчвалі лён і самі апрацоўвалі. Для атрымання якаснага валакна саломку льну чатыры тыдні трымалі на балоце, каб валокны з мачанца лепш выбельваліся і былі больш моцнымі. І толькі потым мялі, трапалі, часалі і пралі. У гаспадарцы трымалі шмат авечак, таму з воўнай для прадзення праблем не ўзнікала. Як толькі мела вольны час, садзілася за кросны, а каб далікатна аздобіць ручнікі і прасціны, ад мясцовых майстрых навучылася шыдэлкам вязаць карункі ў традыцыйным стылі.
В.К.Машкевіч валодае мясцовымі ткацкімім тэхнікамі двухбаковага і шматнітовага перабору. Але майстрыха мае схільнасць да белаўзорыстага шматнітовага ткацтва. Надзвычайна прыгожы дэкаратыўны эфект “белых” тканін атрымліваецца гульнёй святлаценню. Для выканання “белых” абрусоў, ручнікоў, кужалю яна выкарыстоўвае аснову і ўток абавязкова белага колеру. Для тканін Ванды Канстанцінаўны характэрна рэльефнасць фактуры і вялікая шчыльнасць перапляцення нітак.
Ванда Канстанцінаўна Машкевіч мае калекцыю тканага кужалю, абрусоў, дываноў, вязаных “у зубы” падзорнікаў, прошваў з геаметрычным арнаментам. Яна – ўдзельніца народнага фальклорнага гурта “Вяргіня” аддзела культуры і дасуга “Ракавіцкі Дом культуры” ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
14. МУСКАЯ Людміла Анатольеўна (г. Смаргонь. Лозапляценне)
Людміла Анатольеўна Муская нарадзілася 27 сакавіка 1955 года ў вёсцы Мінкі Смаргонскага раёна. Лозапляценнем пачала займацца з 1994 года пасля таго, як убачыла вырабы, зробленыя сястрой мужа. Для таго, каб засвоіць тэхніку лозапляцення, карысталася падручнікамі і іншымі публікацыямі па рамяству.
Напачатку свайго творчага шляху Людміла Анатольеўна займалася пляценнем хлебніц і пано, пазней перайшла да вырабу кошыкаў.
Л.А. Муская валодае рознымі відамі суцэльнага (простага, паслойнага, пляцення радамі, “вяровачкай”, “касічкай” і інш.) і ажурнага лозапляцення. Самастойна асвоіўшы тэхніку лозапляцення, майстар у сваіх работах стараецца не толькі захаваць традыцыі сваёй мясцовасці, але і дадаць ім нейкія новыя формы. Зробленыя яе таленавітымі рукамі вырабы з лазы (кошыкі, пано, падлогавыя вазы, хлебніцы) – гэта сапраўдныя шэдэўры ў сваёй тэхніцы выканання.
Вырабы Людмілы Мускай не толькі прыгожыя, але і якасныя, з года ў год яны папаўняюць куфэрак народнага мастацтва Смаргоншчыны. Так, кожны кошык мае непаўторную форму, як па вышыні, так і па шырыні. Вырабы майстра прывабліваюць зрок і знаходзяць сваіх пакупнікоў. Яны не толькі ўпрыгожваюць кватэры, дачы сваякоў, сяброў, знаёмых, але і ў якасці сувеніраў набываюцца замежнымі турыстамі з Італіі, ЗША, Ізраіля, Латвіі, Літвы і Германіі.
З 1997 года Людміла Анатольеўна з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Майстар актыўна прымае ўдзел у шматлікіх выстаўках народнай творчасці падчас раённых, абласных, рэгіянальных і рэспубліканскіх святочных мерапрыемстваў, сярод іх: рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” (г.Мінск,), рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (г. Гродна), рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”, абласное свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і інш.
Свае веды і навыкі па лозапляценні Людміла Анатольеўна перадала сваім дзецям: дачка – Манчак Кацярына Аляксандраўна – вяла гурток па лозапляценні ў Ваўкавыскім Доме рамёстваў; сын – Мускі Андрэй Аляксандравіч – у школьным узросце вырабляў пано, хлебніцы, якія карысталіся попытам сярод сяброў. Сёння ўнукі Павел і Варвара актыўна ўдзельнічаюць у працэсе апрацоўкі лазы.
Людміла Анатольеўна заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку. А ў яе майстэрні ніколі не бывае пуста: у адным з пакояў знаходзіцца матэрыял для працы, у другім – гатовыя вырабы, кошыкі на любы густ.
15. МУСКІ Аляксандр Андрэевіч (г. Смаргонь. Лозапляценне)
Аляксандр Андрэевіч Мускі нарадзіўся 6 студзеня 1956 года ў г. Смаргонь. Цікавасць да творчасці майстар пераняў ад дзеда Шурпо Карпа Антонавіча, які займаўся пляценнем кошыкаў, асаблівую ўвагу надаючы якасці і надзейнасці вырабаў. Але сур’ёзна займацца лозапляценнем Аляксандр Андрэевіч пачаў толькі з 1994 года, калі ўбачыў вырабы, створаныя сваёй сястрой. Для асваення рамяства майстар набываў неабходную літаратуру. Справа пачала прыносіць плён і задавальненне і ў хуткім часе стала сэнсам усяго жыцця.
А.А. Мускі – носьбіт суцэльнага (простага, паслойнага, пляцення радамі, “вяровачкай”, “касічкай” і інш.) і ажурнага лозапляцення. Захоўваючы сямейныя традыцыі, Аляксандр Мускі нават зрабіў кошык на ўзор вырабаў, створаных некалі дзедам Карпам Антонавічам. У персанальнай калекцыі майстра знаходзяцца кошыкі рознай велічыні, хлебніцы, падлогавыя вазы, пано і інш. Калекцыя з года ў год папаўняецца, а вырабы, зробленыя майстрам, набываюць усё новыя і новыя формы.
З 1997 года Аляксандр Андрэевіч Мускі з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Вырабы майстра – вышэйшая ступень майстэрства.
Майстар ахвотна папулярызуе сваё майстэрства на шматлікіх выстаўках народнай творчасці падчас раённых, абласных, рэгіянальных і рэспубліканскіх святочных мерапрыемстваў, сярод іх: рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” (г.Мінск,), рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (г. Гродна), рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”, абласное свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і інш.
Аляксандр Андрэевіч – чулы, жыццярадасны чалавек, добры і дбайны гаспадар. Акрамя лозапляцення ў яго ёсць яшчэ адно захапленне – пчалярства. Кожнага, хто завітае ў майстэрню, майстар абавязкова пачастуе мёдам.
А.А. Мускі – майстар сваёй справы. А калі ёсць майстры, значыць, будуць і пераемнікі: дачка і сын майстра добра валодаюць сакрэтамі пляцення з лазы; унукі пакуль толькі займаюцца яе апрацоўкай. Таксама сваё майстэрства па лозапляценні Аляксандр Андрэевіч перадаў Рогач Ліліі Іванаўне, якая шмат гадоў пасля працавала кіраўніком гуртка па лозапляценні пры дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Лясная паляна” (аг. Жодзішкі, Смаргонскі раён), навучаючы майстэрству дзецей і падлеткаў.
16. БАРЦЭВІЧ Алена Адольфаўна (в. Плябанаўцы Бераставіцкага раёна. Ткацтва)
Алена Адольфаўна Барцэвіч нарадзілася 10 жніўня 1949 года ў вёсцы Лапенеўцы Бераставіцкага раёна. Майстэрству ткацтва вучылася ад мясцовых жанчын, у прыватнасці пераймала вопыт суседкі Кажанеўскай Марыі Уладзіславаўны, а таксама асвойвала традыцыйнае рамяство ў працэсе самастойнай творчай працы.
Алена Адольфаўна валодае тэхнікамі закладнога і пераборнага ткацтва (шматнітовае ткацтва, двухбаковы перабор), выкарыстоўвае складаныя разнастайныя малюнкі перапляценняў. Яе стракатыя дываны налічваюць да 10 колераў нітак розных адценняў.
Пасля выхаду на пенсію А.А. Барцэвіч чатыры гады працавала кіраўніком гуртка па ткацтве пры раённым цэнтры рамёстваў у в.Плябанаўцы. Сёння ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Бераставіцкі РЦКНТ” захоўваецца яе калекцыя посцілак і палавікоў (ходнікаў). Абапіраючыся на мясцовыя ткацкія традыцыі, яна натхнёна стварала разнастайныя вырабы, кожны з якіх адметны сваёй непаўторнай прыгажосцю. Яе вырабы станавіліся выдатным упрыгожваннем кватэр, карысталіся попытам у знаёмых, сяброў і суседзяў.
Ткацкія вырабы майстрыхі дэманструюцца падчас правядзення гарадскіх, раённых, абласных выставак, святаў-кірмашоў, фестываляў і святаў традыцыйнай культуры.
Алена Адольфаўна перадала майстэрства закладнога, пераборнага ткацтва сваім дочкам. І хоць сёння яны ў сілу розных абставін не працягваюць справу сваёй маці, але цяга да творчасці не пакідае іх усё жыццё.
Дываны, посцілкі, ходнікі майстрыхі – гэта вынік скрупулёзнасці, дбайнасці, акуратнасці ў дробязях і творчага ўвасаблення. Яны выклікаюць цікавасць як напамін аб тых традыцыях, якімі жылі нашы бабулі і прабабулі, з’яўляюцца здабыткам народнай культуры і мастацтва.
17. КАЖАНЕЎСКАЯ Марыя Уладзіславаўна (в. Плябанаўцы Бераставіцкага раёна. Ткацтва)
Марыя Уладзіславаўна Кажанеўская нарадзілася 1 кастрычніка 1938 года ў вёсцы Водла Бераставіцкага раёна. Працавала паляводам у калгасе. Яшчэ з дзяцінства захаплялася маляваннем, ад маці Курстак Ганны Антонаўны (1914 г.н.) навучылася вязаць і вышываць, асвоіла элементы ткацтва, з увагай і цікавасцю назірала за працай вопытных ткачых. У хуткім часе пачалі атрымлівацца ўласныя ткацкія вырабы.
М.У. Кажанеўская – сапраўдны носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый закладнога і пераборнага ткацтва: двухслойнае ткацтва з расліннай арнаментыкай; двухслойнае ткацтва (посцілкі – “вясёлкі”, “палякі”); шматнітовае ткацтва.
Пераборныя дываны Марыі Уладзіславаўны адрозніваюцца гарманічнасцю кампазіцыі і колеравага вырашэння. Успрымаецца такі дыван квяцістым полем са стылізаванымі ружамі і раслінным вянком. У хатняй калекцыі майстрыхі захавалася каля 50 тканых дываноў, посцілак і палавікоў (ходнікаў).
Сёння Марыя Уладзіславаўна беражліва захоўвае багатую калекцыю сваіх ткацкіх работ і, нягледзячы на паважаны ўзрост, з вялікім задавальненнем дзеліцца творчым вопытам з усімі зацікаўленымі.
Ткацкія вырабы майстрыхі дэманструюцца падчас правядзення гарадскіх, раённых, абласных выставак, святаў-кірмашоў, фестываляў і святаў традыцыйнай культуры.
Марыя Уладзіславаўна – сапраўдны майстар сваёй справы, адданы і таленавіты ва ўсім. Умеліца з захапленнем займаецца карункапляценнем, вязаннем, вышыўкай. Кожны твор майстрыхі – посцілка, ходнік, дыван, пояс, ручнік, сурвэтка – адрозніваецца выразным, яскравым і непаўторным малюнкам. Работы Марыі Уладзіславаўны – гэта ўнікальныя рукатворныя цуды, якія сімвалізуюць памяць аб мінулым, аб самабытнай і непаўторнай культуры бераставіцкага краю. Вырабы майстрыхі сваімі фарбамі і традыцыйнымі ўзорамі дазваляюць дакрануцца да вытокаў народнага ткацтва.
Цяга да творчасці, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў той ці іншай ступені перадаліся і дзецям Марыі Уладзіславаўны. Пераемніцамі рамяства ткачыхі з’яўляюцца яе дачка Барцэвіч Тэрэза Юзэфаўна і суседка Барцэвіч Алена Адольфаўна.
18. КЛІМКО Наталля Аляксандраўна (г. Навагрудак. Выцінанка)
Клімко Наталля Аляксандраўна нарадзілася 21 студзеня 1962 года ў в. Крынкі Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, аддзяленне “народныя рамёствы” па спецыялізацыі “мастак народных рамёстваў, выкладчык”. З 2002 года і па цяперашні час з’яўляецца дырэктарам раённага цэнтра рамёстваў ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, кіраўніком народнага клуба майстроў народнай творчасці “Каляровая альтанка” і дзіцячага гуртка “Выбіваначка”. З 2015 года Наталля Аляксандраўна – сябра грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”.
З 2009 года Наталля Аляксандраўна з захапленнем пачала адраджаць традыцыйнае мастацтва навагрудскай выцінанкі-выбіванкі. Гэта адметная тэхніка “выбівання” пэўнага малюнка на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата альбо расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі (пустой гільзы) альбо вострай алюмініевай трубачкі. Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі або букеты, а па краях фіранак выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або вугольнікамі. Такія фіранкі ствараюць ілюзію гафтаваных вырабаў. Раней яны вешаліся на вокны, у чырвоны кут на абразы. Мясцовыя майстрыхі выбівалі ручнікі-набожнікі, якія на некаторы час замянялі тканыя або вышытыя ручнікі.
У адрозненне ад сваёй настаўніцы Шурак Ніны Пятроўны (1932-2009) Наталля Клімко стварае не асобныя вырабы, а камплекты, якія складаюцца з розных прадметаў (фіранкі, набожнік, сурвэтка, пано) і аб’яднаныя адзінай тэмай. У асноўным гэта хрысціянскія святы і святы народнага календара: Вялікдзень (Пасха), Каляды (Ражство Хрыстова), Купалле, Дажынкі.
Для працы ў тэхніцы “выцінанка-выбіванка” Н.А.Клімко карыстаецца вельмі трывалай паперай (ватман), бо менавіта на ёй лепш за ўсё атрымліваюцца ажурныя ячэйкі з ромбаў, якія складаюць аснову вырабу. Для ўзораў, якія часта выкарыстоўваюцца ў рабоце, майстрыха асобна малюе і выразае шаблоны. Так прасцей стварыць, напрыклад, бардзюр фіранкі. Ідэі кампазіцый Н.А.Клімко чэрпае часцей за ўсё на прыродзе, у лесе, на рэчцы, часам у царкве, “калі адпачываецца і сэрцам, і душой” (са слоў Н.А.Клімко). Замалёўкі робяцца на кавалках паперы, у запісных кніжках, сшытках.
Наталля Клімко як носьбіт мясцовай рамесніцкай традыцыі шчодра дзеліцца сваёй творчасцю падчас правядення майстар-класаў на абласных і раённых семінарах-практыкумах майстроў народнай творчасці, а таксама беручы ўдзел ў гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаўках-конкурсах, фестывалях і святах народнай творчасці. Пераемнікамі майстэрства стварэння выцінанак-выбіванак з’яўляюцца дачка Вераніка Клімко і Лілія Журавель з в. Вераскава Навагрудскага раёна. Унучка Марыя Клімко таксама захапляецца стварэннем выцінанкі-выбіванкі.
Клімко Н.А. з’яўляецца лаўрэатам розных конкурсаў сярод майстроў па выцінанцы. У 2011 годзе стала лаўрэатам прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар”.
Навагрудская выцінанка-выбіванка адлюстроўвае мясцовую рамесніцкую традыцыю Панямоння і з’яўляецца яскравай візітнай карткай Гродзенскай вобласці. У 2016 годзе традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанка-выбіванка) у Навагрудскім раёне была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
19. КРАЎЧУК Валянціна Іванаўна (г. Гродна. Саломапляценне)
Краўчук Валянціна Іванаўна нарадзілася 27 чэрвеня 1962 года ў г. Шчучын Гродзенскай вобласці. У 1981 годзе скончыла Гродзенскае культурна-асветнае вучылішча па спецыяльнасці “культурна-асветная работа”. Працавала на розных пасадах у Шчучынскім раённым Доме культуры. З 1989 года жыве ў г. Гродна.
У 2000 годзе, пасля наведвання курсаў па саломапляценні ў цэнтры занятасці насельніцтва г. Гродна, Валянціна Краўчук прыйшла працаваць кіраўніком гуртка па пляценні з саломы ў Гродзенскі раённы Дом рамёстваў. За кароткі час змагла адрадзіць даўнія прыёмы вырабу розных саламяных фігурак, якія яшчэ захоўваліся ў памяці вясковых жыхароў.
Краўчук Валянціна Іванаўна адна з першых у Гродзенскім раёне прыцягнула ўвагу да ўнікальнага, напаўзабытага рамяства саломапляцення, увяла ва ўжытак саламяныя сувеніры. Дзякуючы творчым здольнасцям і намаганням майстра, саломапляценне ў Гродзенскім раёне, пачынаючы з 2010 года, атрымала інтэнсіўнае развіццё, якое не спыняецца і сёння, а заваёўвае новых аматараў, заклікае да таленавітых настаўнікаў здольных вучняў.
З 2007 года Валянціна Іванаўна з’яўляецца сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, з 2008 года – удзельніца народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў “Гарадзенскі каларыт” дзяржаўнай установы “Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры”. У 2010 годзе стала лаўрэатам прэміі імя А. І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Народны майстар”.
Творы Валянціны Іванаўны вылучаюцца дасканаласцю выканання. Яе арыгінальныя вырабы сталі своеасаблівай візітоўкай Гродзенскага раёна. У яе калекцыі звыш 40 выставачных работ, а колькі скарыстана часу і саломы на гэтую прагажосць падлічыць цяжка. Самымі загадкавымі вырабамі майстра з’яўляюцца арыгінальныя ўпрыгожванні аб’ёмна-прасторавага характару — падвясныя саламяныя канструкцыі – павукі. Дзесяткі саламяных павукоў глядзяць на наведвальнікаў са столі ў музеі “Код памяці” Зарачанскага дома народнай творчасці, цэлая галерэя рамбічных павукоў “абжыла” эксапазіцыі выставак у розных інтэр’ерах.
Саламяныя вырабы Краўчук В.І. сустракаюцца ў многіх ўстановах культуры і аматарскіх калектывах Гродзенскага раёна: музей лялькі “Лялька ў карагодзе жыцця” ў Індурскім цэнтры культуры; музей пісанкі ў Сапоцкінскім культурна — турыстычным цэнтры; салон-майстэрня рамесніка ў в. Каробчыцы. Уражваюць лёгкія, вытанчаныя вяночкі і капялюшыкі, якія сталі ўпрыгожваннем і дапаўненнем да стылізаваных беларускіх касцюмаў народнага тэатра народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору, народнага фальклорнага гурта “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці, вакальнага гурта “Забава” Індурскага цэнтра культуры, Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца “Ніва” Верцялішкаўскага цэнтра культуры.
Назапасіўшы творчыя здабыткі па традыцыйнаму рамяству, Валянціна Іванаўна змагла перадаць яго Ірыне Шавельскай, майстру з аг. Гожа, і Юліане Васюхоўскай, вядучаму метадысту па рабоце ў сферы народных мастацкіх промыслаў, рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.
За сваю працаздольнасць, добразычлівасць і творчую энергію В.І. Краўчук карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод кіраўніцтва аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама, калег па працы і работнікаў культуры раёна.
Выхаваная на рамесніцкіх традыцыях, Краўчук Валянціна Іванаўна знайшла свой шлях у мастацтве саломапляцення, узбагаціла яго выкарыстаннем розных дадатковых матэрыялаў. Дзякуючы яе актыўнай дзейнасці ў Гродзенскім раёне адраджаюцца, захоўваюцца і папулярызуюцца традыцыі саломапляцення, уласцівыя рэгіёну.
20. МУЛІЦА Станіслаў Вітольдавіч (г. Гродна. Выцінанка)
Муліца Станіслаў Вітольдавіч, 1956 г.н., нарадзіўся ў в. Дайліды Іўеўскага раёна, пражывае ў г. Гродна, пенсіянер. У кагорце майстроў-выцінаншчыкаў Гродзеншчыны Станіслаў Вітольдавіч Муліца вылучаецца асаблівай творчай фантазіяй і дасканаласцю выканання сваіх работ. Яго выцінанкі вызначаюцца характэрным народным каларытам. Крыху разрэджаныя кампазіцыі сіметрычнага тыпу на бытавыя і фальклорныя тэмы, сюжэты духоўнага характару дэманструюць не столькі высокае тэхнічнае і мастацкае майстэрства, колькі своеасаблівы наіўны, тыпова народны падыход да іх вырашэння.
З маленства Станіслаў жыў у асяроддзі народнага рамяства – ткацтва, вышыўкі, дрэваапрацоўкі (бацька займаўся дойлідствам і сталярнай справай, матуля з бабуляй – ткалі, вышывалі). Пасля наведвання ў 1993 годзе абласной выстаўкі выцінанкі ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці захапіўся гэтым відам народнага мастацтва і хутка стварыў серыю работ, прысвечаную прыродзе Панямоння. Гэта каля 50 выцінанак у традыцыйнай манеры “разетка” з паперы, фарбаванай у карычневы колер. У 1995-1997 годзе была створана новая серыя работ на паперы розных памераў і колераў, прысвечаная культавым помнікам Гродзеншчыны, у 1998 годзе — на рэлігійную тэму ў змешанай тэхніцы выканання: “Нараджэнне Хрыстова”, святкаванне Калядаў, Вялікадня, “Зялёных святак”. Яшчэ адна тэма, над якой Станіслаў Вітольтдавіч працуе і цяпер, вельмі кранальная і шчырая – “Каралева агароду”. Гэта свет матулі і бабулі – жанчын вёскі: агарод, гаспадарка, лес, Божы Храм, унукі, кветкі. Работы Станіслаў стварае цыкламі: “Кветкі нашых палёў”, “Свет птушак”, “У маім двары”, “Каляндарна-абрадавыя святы беларусаў”.
Акрамя творчасці Станіслаў Вітольдавіч займаецца даследаваннем і рэканструкцыяй традыцыйных выцінанак Гродзеншчыны. Чарговая серыя выцінанак у выглядзе ажурных папяровых стужак, якімі аздаблялі труну і крыж у пахавальным абрадзе, выкананы па старых фотаздымках і ўспамінах сталых жыхароў вёсак Гродзеншчыны.
Станіслаў Вітольдавіч — сябра грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, вядзе актыўнае творчае жыццё, з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставак народнага мастацтва. Майстар шчыра дзеліцца сваімі творчымі сакрэтамі на майстар-класах па выцінанцы для ўсіх жадаючых. Яго творы знаходзяцца ў шматлікіх музеях, зборах калекцыянераў Беларусі, Еўропы, Амерыкі.
21. СІЛЬВАНОВІЧ Валянціна Генрыкаўна (г. Ліда. Ткацтва)
Валянціна Генрыкаўна Сільвановіч нарадзілася 21 верасня 1975 года ў вёсцы Вайшчукі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. З 2012 года працуе майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Сваю працоўную дзейнасць пачала з вывучэння матэрыялаў па шыццю традыцыйнага касцюма, вышыўцы, вязанню шыдэлкам, характэрных Лідскаму раёну. З 2015 года пераняла майстэрства традыцыйнага ткацтва ад супрацоўніцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Дар’і Маташук, якой першапачаткова перадаў веды жыхар г. Ліда, знаўца мясцовых традыцыйных тэхніх ткацтва Яўген Маркевіч. З’яўляючыся здольнай вучаніцай самабытнага майстра, Валянціна хутка засвоіла двухуточнае і двухуточнае з дашчатым перапляценнем ткацтва, розныя варыянты чатырох-, пяці-, шасці-, васьмі- і дванаццацірамізнага ткацтва.
Валянціна Генрыкаўна ўваходзіла ў склад творчай групы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры па рэалізацыі маштабнага праекта “Ад мінулага да сучаснага”. За адраджэнне традыцыйных унікальных тэхналогій ткацтва, стварэнне калекцыі традыцыйнага народнага адзення Панямоння і камплектаў стылізаванага адзення з народнымі матывамі, творчы калектыў у 2017 годзе стаў лаўрэатам спецыяльнай Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
На сучасным этапе сваёй дзейнасці Валянціна з’яўляецца носьбітам элемента “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”, які ў 2018 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Яна плённа працуе ў гэтым накірунку, удасканальваючы сваё майстэрства ў шматнітовай тэхніцы ткацтва. Майстрыха стварыла каллекцыю ручнікоў белаўзорыстага ткацтва Панямоння, расшыфраваўшы і дакладна паўтарыўшы аўтэнтычныя ўзоры.
Як майстар, які прафесійна валодае традыцыйнымі рамёствамі, Валянціна Генрыкаўна актыўна ўдзельнічае ў правядзенні навучальных курсаў па ткацтве і вязанні шыдэлкам, вырабу творчых аўтарскіх работ і сувеніраў, выставачных вырабаў фонду аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Яна пастаянны ўдзельнік раённых, абласных мерапрыемстваў і святаў народнай творчасці, праводзіць майстар-класы па пляценні паясоў на ніту і ткацтву. З 2019 года Валянціна Генрыкаўна ў саставе творчай групы майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры актыўна займаецца стварэннем калекцыі адзення – адраджэннем традыцыйнага сялянскага касцюма Гродзеншчыны і лакальных мясцовасцей Лідскага раёна канца ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзя. Валянціна – ткачыха вялікай колькасці метраў палатна для пашыву аддзення і аўтар складанай вышыўкі дэталяў сарочак і фартухоў.
22. СТАРАСЦІНА Юзэфа Эдвардаўна (аг. Геранёны Іўеўскага раёна. Саломапляценне)
Старасціна Юзэфа Эдвардаўна, загадчык сектара рамёстваў і традыцыйнай культуры аг. Геранёны дзяржаўнай установы культуры “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”. Нарадзілася 28 лістапада 1958 г. у в. Навасёлкі Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.
Першыя навыкі па рамяству Юзэфа Эдвардаўна набыла на курсах павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры Гродзенскай вобласці ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў” у 1995 годзе. Упершыню сутыкнуўшыся з сонечна-цёплым мастацтвам, трапіла ў палон да залатой саломкі, як кажуць, аднойчы і назаўжды. З таго часу працуе ў наступных тэхніках: плоскае і аб’ёмнае пляценне, саламяная пластыка, дэкаратыўная скульптура, аплікацыя саломкай, змяшаная тэхніка. Асаблівай адметнасцю і прывабнасцю вырабаў з’яўляецца аб’ёмнасць форм, заснаваных на традыцыях абрадавай пластыкі, праз якія майстрыха практыкуе свой падыход да мастацкага саломапляцення. Панно-аплікацыі, фігуркі дзяўчат і хлопцаў у беларускіх нацыянальных строях, казачныя жар-птушкі і агромісты конь з вазком, Геранёнскі замак з саломы, дажыначныя снапы і вянкі. Усе работы майстра – гэта цуд мастацтва, палёт творчай думкі, фантазія розуму і сэрца.
З 2009 года Юзэфа Эдвардаўна з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”. За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва Старасціна Ю.Э. у 2011 г. стала Лаўрэатам Прэміі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры ў намінацыі “Народная творчасць”, у 2014 г. — Лаурэат прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.І.Дубко, у 2021 г. была занесена на Дошку гонару Іўеўскага раёна па выніках работы за 2020 год.
23. ВІННІЧАК Валянціна Вільеўна (г. Астравец. Саломапляценне)
Віннічак Валянціна Вільеўна (1952 г.н.) – таленавіты майстар саломапляцення з г. Астравец Гродзенскай вобласці. Працуе педагогам дадатковай адукацыі ў дзяржаўнай установе адукацыі “Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”. Саломапляценнем Валянціна Вільеўна займаецца каля 30 гадоў. Першыя навыкі па рамяству яна набыла самастойна, вывучаючы розную тэматычную літаратуру.
На сённяшні дзень Валянціна Віннічак працуе ў розных тэхніках плоскага і аб’ёмнага пляцення, саламянай пластыкі, дэкаратыўнай скульптуры і змяшанай тэхнікі. Асаблівай адметнасцю і прывабнасцю вырабаў майстра з’яўляецца аб’ёмнасць форм, заснаваных на народных традыцыях, праз якія майстрыха практыкуе свой падыход да мастацкага саломапляцення. Асартымент вырабаў майстра розны: шкатулкі, куфры, лялькі, капелюшы, вянкі, разнастайныя жывёлы, птушкі, зоркі і інш.
З 2007 года Валянціна Вільеўна з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”.
У саламяных вырабах Валянціны Вільеўны адлюстравана акрылённая душа майстра, яе настрой. Свой багаты творчы вопыт перадае гурткоўцам, якія займаюцца саломапляценнем пад яе кіраўніцтвам. Валянціна Вільеўна з’яўляецца аўтарам адукацыйнай праграмы аб’яднання “Сузор’е” ДУА “Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, накіраванай на развіццё творчай асобы навучэнца з высокай матывацыяй. Таксама з’яўляецца кіраўніком гурткоў “Сузор’е” (ДПМ), “Залаты вернісаж” (аплікацыя саломкай), “Скарбніца” (саломапляценне), “Золушка” (бісерапляценне), навучэнцы якіх неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі конкурсаў рознага ўзроўню. На занятках гуртка “Залаты вернісаж” удзельнікі самі распрацоўваюць эскізы і ствараюць сцэнічныя касцюмы, дэкараваныя саломкай.
Валянціна Віннічак актыўная ўдзельніца шматлікіх рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных фестываляў, святаў традыцыйнай культуры. Саламяныя капелюшы і кошыкі, анёлы і скарбонкі прыцягваюць погляды і здзіўляюць гасцей мерапрыемстваў.
24. ІЮЛЬСКАЯ Яніна Вацлаваўна (г.п. Рось Ваўкавыскага раёна. Ткацтва)
Яніна Вацлаваўна Іюльская – майстар народных мастацкіх рамёстваў дзяржаўнай установы культуры “Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў”. Нарадзілася 10 верасня 1966 года ў г.п.Поразава Свіслацкага раёна. У 1990 годзе скончыла Валгаградскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці настаўнік працоўнага навучання.
З ткацтвам Яніна Вацлаваўна знаёмая з дзяцінства. У дзесяцігадовым узросце дапамагала роднай цётцы Петрулевіч Марыі Якаўлеўне (1920 г.н., в. Целякі Свіслацкага раёна) у намотванні шпулек, перагортванні дошчачкі, запраўцы нітак у нічальніцы.
У 2001 годзе Яніна Вацлаваўна пераязджае з сям’ёй у г.п.Рось Ваўкавыскага раёна, адразу ўладкоўваецца на працу кіраўніком гуртка у тагачасны Раённы Цэнтр рамёстваў (зараз – ДУК “Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў”). У Цэнтры рамёстваў Яніна Вацлаваўна арганізоўвае гурток па ткацтву “Куфэрак”, які працуе па сённяшні дзень. Станок для заняткаў яна прывозіць з хаты сваёй цёткі, збірае групу дзяцей і бярэцца за іх навучанне ручному ткацтву. Для больш дасканалага авалодвання ткацкімі тэхнікамі Яніна Іюльская наладжвае сувязь з мясцовымі ткачыхамі — Балёнь Любоўю Сцяпанаўнай і Кулеш Ганнай Іосіфаўнай, якія дапамагаюць ёй наладзіць працу на станку.
Сумесная праца Яніны Вацлаваўны і мясцовых ткачых прывяла да ўнясення элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі простага двухнітовага ткацтва Ваўкавыскага раёна” ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (2016 г.).
За апошнія 10 гадоў Янінай Вацлаваўнай выткана каля 1070 метраў ходнікаў (без падліку палатна для спадніц і кашуль).
З 2015 года Яніна Іюльская з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”.
Яніна Вацлаваўна актыўны ўдзельнік шматлікіх фестываляў, святаў традыцыйнай культуры і кірмашоў рамёстваў. Яе тканыя вырабы прадстаўляюцца на раённых, абласных і рэспубліканскіх святах і фестывалях.
Яніна Вацлаваўна ў дасканаласці валодае не толькі ткацтвам, але і пісанкарствам, набіванкай, вязаннем кручком і спіцамі.
Галоўнай мэтай у сваёй рабоце Яніна Вацлаваўна лічыць захаванне простага двухнітовага ткацтва, навучанне і перадача ведаў і навыкаў маладому пакаленню.
25. МАЛЫШЭВА Алена Ігнацьеўна (г. Астравец. Саломапляценне)
Малышэва Алена Ігнацьеўна працуе майстрам народных промыслаў аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў дзяржаўнай установы “Астравецкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Нарадзілася Алена Малышэва 7 красавіка 1968 года ў пасёлку Адамаўка Арэнбургскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пазней сям’я пераехала ў гарадскі пасёлак Гарадзея Мінскай вобласці, дзе атрымала сярэднюю адукацыю і скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскае культпрасвет вучылішча. Пасля атрымання адукацыі Алена Ігнацьеўна пабывала ў розных кутках як Беларусі, так і Расіі.
У 1994 годзе Алена Малышэва пераязджае з сям’ёй у г.п. Астравец, дзе працуе кіраўніком гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацства ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. У 2010 годзе А.І. Малышэва пераходзіць працаваць кіраўніком гуртка выяўленчага мастацтва ў тагачасны Астравецкі раённы Дом рамёстваў. Першыя навыкі саломапляцення атрымала ад дырэктара Дома рамёстваў Тамары Іванаўны Гаваноўскай, якая ў свой час працавала майстрам народных промыслаў. Пасля ўстойлівага і дасканалага засваення традыцыйнай тэхнікі саломапляцення Алена Ігнацьеўна пачала выкарыстоўваць у сваіх работах індывідуальныя формы і ўзоры.
Алена Ігнацьеўна працуе ў розных тэхніках плоскага і аб’ёмнага пляцення, саламянай пластыкі, дэкаратыўнай скульптуры і змяшанай тэхнікі. Саламяныя творы майстра – лялька, куфэрак, скульптура зубра, кветкі, кошыкі, вянкі, вербачкі – вылучаюцца арыгінальнасцю і дасканаласцю выканання. Яе вырабы з’яўляюцца своеасаблівай візітоўкай Астравецкага раёна.
Малышэва А.І. – пастаянны ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемстваў, на якіх можна не толькі палюбавацца прыгажосцю і набыць упадабаны сувенір, але і павучыцца рамяству на майстар-класах па саломапляценні. Акрамя саломапляцення Алена Ігнацьеўна займаецца вышыўкай, бісерапляценнем і вязаннем. Cвой багаты творчы вопыт Алена Ігнацьеўна перадае ўдзельнікам гуртка “Майстрыха”, аматарскага аб’яднання “Залатая саломка”. Дзякуючы яе актыўнай дзейнасці, у Астравецкім раёне адраджаюцца, захоўваюцца і папулярызуюцца рэгіянальныя традыцыі саломапляцення.
26. МІХЕД Алена Мікалаеўна (г. Слонім. Вышыўка)
Алена Мікалаеўна Міхед (1968 г.н.) — майстар народных промыслаў і рамёстваў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы культуры “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”, дзе працуе з 2016 года. З’яўляецца кіраўніком дзіцячага гуртка па вышыўцы “Рукадзельніца”. Асноўным накірункам творчай дзейнасці майстра з’яўляецца ручная вышыўка. Алена Мікалаеўна добра валодае рознымі прыёмамі вышыўкі: крыжом, гладдзю, процягам (падоўжаным і папярочным наборам). Засвоіла ткацтва народных паясоў на дошчачках, бёрдышках, лентаткацкім станку. У апошні час адраджае і актыўна папулярызуе ткацтва на Слонімшчыне, засвойвае тэхнікі белаўзорыстага ткацтва Панямоння. Авалодала характэрным для Слонімшчыны простым палатняным ткацтвам, тэхнікай “ёлачная саржа”, “ломаная саржа”. Алена Мікалаеўна самаруч выткала пяць ручнікоў, якія дапоўніла ручной вышыўкай крыжом і гладдзю, стылізаванымі расліннымі матывамі, узятымі з даўнейшых ручнікоў слонімскіх вышывальшчыц.
Міхед Алена Мікалаеўна дэталёва вывучае традыцыі свайго краю, сям’і, атрыманыя ад старэйшага пакалення. Творча падыходзіць да выкарыстання нацыянальных, рэгіянальных матываў у вышыўцы. У сваёй рабоце майстрыха абапіраецца на матэрыялы этнаграфічных экспедыцый і тэматычных выданняў.
Алена Мікалаеўна лаўрэат шматлікіх міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных фестываляў, свят, выставак-конкурсаў традыцыйнай культуры і мастацтва. Сярод іх: лаўрэат абласнога конкурсу імя А.І.Дубко “Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва” (2022 г.). Па выніках работы за 2022 год занесена на дошку гонару Слонімскага раёна.
Алена Мікалаеўна з’яўляецца членам аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці “Спадчына” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў. У 2021 годзе залічана ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
27. ЧУРЭЙНА Вера Паўлаўна (аг. Лелюкі Іўеўскага раёна. Саломапляценне)
Чурэйна Вера Паўлаўна, майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы культуры “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”. Нарадзілася 24 красавіка 1961 г. у в. Кавычыцы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1993 г. Чурэйна В.П. павышала кваліфікацыю на абласных курсах па традыцыйных беларускіх рамёствах, дзе ўпершыню блізка пазнаёмілася з саломапляценнем і з таго часу зацікавілася гэтым відам творчасці. Вера Паўлаўна прыхільніца буйных вырабаў з саломкі, сярод лепшых работ майстрыцы – капелюшы (самы вялікі амаль 1,5 метра ў дыяметры), кошыкі, скарбонкі і куфэркі і інш. Уражваюць вытанчанасцю карункаў саламяныя птушкі і конікі, і, канешне, лялькі. Працуе майстар у тэхніках плоскага, аб’ёмнага, прамога і вінтавога пляцення, саламянай пластыкі, аплікацыі саломкай, змешанай тэхнікі.
З 2011 года Вера Паўлаўна з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”.
Чурэйна В.П. вядзе актыўную выставачную дзейнасць. Яна прымае ўдзел у міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых фестывалях і святах традыцыйнай культуры, выстаўках-конкурсах.
Творы майстра ведаюць не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі. Саламяныя капелюшы Веры Паўлаўны ўвайшлі ў сямейны гардэроб Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Саламяныя лялькі, кошыкі і скарбонкі павезлі з сабой госці з Польшы, Літвы, Казахстана, Францыі, Арабскіх Эміратаў і Расіі.
Выхаваная на рэгіянальных рамесніцкіх традыцыях, Чурэйна Вера Паўлаўна знайшла свой шлях у мастацтве саломапляцення, узбагаціла яго адметным спосабам пляцення “вінта”. Дзякуючы яе актыўнай дзейнасці ў Іўеўскім раёне адраджаюцца, захоўваюцца і папулярызуюцца традыцыі саломапляцення, уласцівыя рэгіёну.
28. Круглаполава Святлана Міхайлаўна (г. Гродна. Мастацкая кераміка)
Круглаполава С.М. (1975 г.н.) – таленавіты майстар мастацкай керамікі з г. Гродна. З 2009 года Святлана Міхайлаўна з’яўляецца ўдзельнікам народнага аматарскага калектыву дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Гарадзенскі каларыт” ДУ “Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры”.
З 1996 года, і па сённяшні дзень працуе педагогам дадатковай адукацыі і кіраўніком узорнай студыі мастацкай керамікі “Казачная гліна” ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” г.Гродна”.
Пры стварэнні гліняных цацак Святлана Міхайлаўна імкнецца прытрымлівацца народных традыцый, але выкарыстоўвае для гэтага сучаснае абсталяванне, матэрыялы, а таксама свае аўтарскія задумкі. Для афармлення сваіх вырабаў Святлана Круглополова выкарыстоўвае элементы беларускага народнага дэкаратыўнага роспісу, якім карысталіся нашы продкі пры роспісу драўляных куфраў.
Керамічныя вырабы майстра – птушкі, качкі, конікі, баранчыкі, козлікі, званочкі — вылучаюцца лаканічнасцю і прастатой форм, адказваюць патрабаванням традыцыйнай беларускай цацкі. Яе вырабы выклікаюць захапленне і знаходяцца ў музеях і экспазіцыях г. Гродна.
З 2023 года Святлана Міхайлаўна з’яўляецца членам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”.
29. Пуйдак Ганна Іванаўна (аг. Геранёны Іўеўскага раёна. Вышыўка)
Пуйдак Ганна Іванаўна (1951 г.н.) – таленавіты майстар вышыўкі з аг. Геранёны Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Асноўным напрамкам творчай дзейнасці Ганны Іванаўны з’яўляецца традыцыйная вышыўка. Майстрыха па-майстэрску валодае рознымі прыёмамі вышыўкі: крыжыкам, гладдзю, процягам, падоўжаным і папярочным наборам. Творча падыходзіць да выкарыстання нацыянальных і рэгіянальных матываў у вышыўцы, умела сумяшчае розныя арнаменты.
Акрамя вышыўкі валодае навыкамі фларыстыкі, роспісу па шкле, лапікавага шыцця, ткацтва, выцінанкі, стварэння тэкстыльнай лялькі.
У сваёй рабоце Ганна Іванаўна абапіраецца на матэрыялы этнаграфічных экспедыцый па Лідскаму і Іўеўскаму раёнах, этназбораў з фондаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу”, ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, а таксама на грунтоўныя крыніцы выданняў.
30. Роліч Вольга Міхайлаўна (г.Шчучын. Саломапляценне)
Роліч В.М. (1978 г.н.) – майстар народных мастацкіх рамёстваў аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення” (Мастацкія практыкі саломапляцення Гродзенскай вобласці).
Вольга Міхайлаўна ўмела выкарыстоўвае дэкаратыўна-пластычныя асаблівасці пляцення з саломы, якія пастаянна развівае, удасканальваючы новымі мастацкімі прыёмамі і тэхнікамі. Майстрыха працуе ў розных тэхніках плоскага і аб’ёмнага пляцення, саламянай пластыкі, дэкаратыўнай скульптуры, змяшанай тэхніцы. Кожная работа створана далікатна і па-майстэрску.
Акрамя саломапляцення майстар валодае навыкамі ткацтва габеленаў і паясоў. Самастойна пераймае ўзоры карункапляцення з этнаграфічных збораў і распрацоўвае схемы для вязання шэдэлкам.
31. Шавельская Ірына Францаўна (аг.Гожа Гродзенскага раёна. Саломапляценне)
Шавельская І.Ф. (1973 г.н.) – майстар народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”, з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Мастацкія практыкі саломапляцення Гродзенская вобласці”, занесенага ў 2020 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама адным з носьбітаў элемента нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці “Выраб велікодных вербаў (пальмаў) на тэрыторыі паўночна-заходняй Гродзеншчыны” ў Гродзенскім раёне, які ў 2014 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Шавельская Ірына самастойна авалодала разнастайнымі тэхнікамі работы з саломкай: пляценне па спіралі, плоскае пляценне, аб’ёмная пластыка, аплікацыя. Майстар добра валодае кампазіцыяй, дакладна вызначае патрэбныя вобразныя сродкі, умела стылізуе формы. У многіх аўтарскіх работах умела спалучаюцца традыцыйная аснова і элементы індывідуальнай творчасці.
З 2021 года Ірына Францаўна з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Дзякуючы творчым здольнасцям і намаганням майстра, саломапляценне ў Гродзенскім раёне атрымала інтэнсіўнае развіццё з 2015 года і не спыняецца на цяперашні час, прывабліваючы новых аматараў.
32. Шылкоўская Марыя Мікалаеўна (г. Ліда. Ткацтва, карункапляценне)
Шылкоўскай М.М. (1982 г.н.) – таленавіты майстар па ткацтву і карункапляценні з г. Ліды Гродзенскай вобласці. З 2004 года працуе ў раённым доме рамёстваў, дзе пачала знаёміцца з традыцыйнай культурай Лідскага краю, асаблівую ўвагу надавала карункапляценню, якому навучылася яшчэ ў школьныя гады.
На сучасным этапе Марыя Шылкоўская працуе майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, з’яўляецца пераемнікам ткацкага майстэрства ад народнага майстра Валянціны Сільвановіч – носьбіта элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”, які ў 2018 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Сёння Марыя Мікалаеўна валодае рознымі відамі двух-, чатырох- і пяцінітовага ткацтва. Яна стварыла калекцыю ручнікоў белаўзорыстага ткацтва Панямоння, дакладна паўтарыўшы аўтэнтычныя ўзоры. На ліку Марыі Шылкоўскай яшчэ адна калекцыя – “зубы” – баваўняныя парныя карункі, якімі афармляюць ніжні край ручніка. Больш за 15 варыянтаў узораў прадстаўлены ў гістарычным разрэзе часу ад моманту іх распаўсюджвання на тэрыторыі рэгіёна Панямоння да затухання папулярнасці ў 1970-х гг. Запазычаныя ўзоры з даследванных ручнікоў Лідскага раёна і ўсёй Гродзенскай вобласці пачатку і сярэдзіны ХХ ст. складаюць аўтарскі метадычны зборнік па карункапляценні. На аснове даследчай дзейнасці Марыі Мікалаеўны адноўленыя “зубы” з характэрнай адметнасцю вёсак Лідчыны сталі часткай культурна-асветніцкага праекта “Збляны – калыска традыцыйнай культуры Лідчыны”.