Вянкі з палявых кветак, песні і масавыя карагоды, ачышчальны агонь вогнішча – шматгадзіннае свята па матывах абрадаў купальскай ночы прайшло каля сцен Лідскага замка. У гэтым годзе яно ў чарговы раз пацвердзіла статус самага вясёлага, а таму – і самага народнага мерапрыемства. Сотні людзей сабраліся, каб прыняць удзел у розных таямнічых абрадах і забавах. А іх арганізатары падрыхтавалі ўдосталь і на любы густ.
Згодна з традыцыямі свята, мужчыны змаглі паспрабаваць сябе ў сіле і спрыту. Дзеці – прыняць удзел у тэматычных конкурсах, пагуляць у дзіцячай зоне і проста весела павесяліцца на траве. Але самыя галоўныя купальскія варажбы і рытуалы чакалі, канешне, дзяўчат. Яны варажылі на нарачонага, чаравалі над зеллем любові і дастатку. Аднак вянкі не плялі, а куплялі ўжо гатовымі – у сачасным свеце падыход да гэтага звычая таксама сучасны. Добра, што на свяце было дастаткова раённых устаноў культуры, якія непасрэдна на месцы плялі кветкавыя “кароны”.
Аднак Купалле – гэта не толькі вянкі, вогнішча, карагоды, папараць-кветка. Гэта яшчэ і асаблівая атмасфера, прыемныя, вясёлыя людзі вакол, забіяцкі смех і, вядома, добры настрой. Яго, дарэчы, увесь вечар падтрымлівалі аматарскія калектывы і артысты раёну, а таксама запрошаныя госці з Клайпеды.