Убачыць практычна ўсе віды народнай творчасці і дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва Гродзеншчыны ўжо сёння можна ў выставачнай зале абласнога метадычнага цэнтра. Салома- і лозапляценне, вышыўка, карункапляценне, мастацкая апрацоўка дрэва, выцінанка, ткацтва паясоў, валенне з воўны – усё гэта зроблена выдатнымі майстрамі вобласці. Аўтары незвычайных работ – апантаныя любімай справай людзі, якія валодаюць і цікавым рамяством, і зайздросным уменнем ствараць на дзіва моцныя сем’і, у якіх нязгасны творчы запал перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Багатую экспазіцыю выстаўкі “Фантазии полёт и рук творенье” складаюць арыгінальныя работы больш чым 20 сямей Гродзенскай вобласці: кошыкі прадставілі лозапляцельшчыкі Аляксандр і Людміла Мускія са Смаргоншчыны, саламяныя вырабы – сям’я Касьян з Бераставіцкага раёна, разьбу па дрэве – сям’я Ішчанка з Зэльвы, жывапісныя палотны – мастак з Гродзенскага раёна Уладзімір Пакумейка і яго дачка. Пачэснае месца на выстаўцы займаюць выцінанкі-выбіванкі таленавітых жанчын сям’і народнага майстра Наталлі Клімко з Навагрудка, чыя творчасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Наведвальнікам прапаноўваецца бліжэй пазнаёміцца як з традыцыйнымі відамі народных рамёстваў, так і з неўласцівымі для нашага рэгіёну тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія сёння набываюць усё большую папулярнасць: вышыўка бісерам, лепка з цеста, фларыстыка, дэкупаж, выраб тэкстыльных лялек.
Кожны ўдзельнік выстаўкі – сапраўдны творца са сваім светаўяўленнем і непаўторным мастацкім бачаннем, якое беражліва гадавалася і развівалася ў асяроддзі сваякоў-аднадумцаў. Кожны эксклюзіўны экспанат варта ўбачыць на ўласныя вочы! Па выніках выстаўкі лепшыя работы будуць прадэманстраваны на рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці”, які пройдзе ў г. Слоніме 15 мая 2021 года.