“Песня яднае людзей”. У Гродна прайшоў фестываль “Артыстычныя сустрэчы “Гродна-Беласток”

Гэта сустрэча ўжо 25, яна сабрала калектывы народнай творчасці з гарадоў пабрацімаў – Гродна і Беластока. Сяброўства гэта пачалося ўжо даўно і мацнее з году ў год. Свята аб’ядноўвае культурную спадчыну, актывізуе і папулярызуе працу па захаванні беларуска-польскай культуры.

– Ад імя абласнога выканаўчага камітэта вітаю ўсіх удзельнікаў фестывалю “Артыстычныя сустрэчы “Гродна-Беласток”. У Год малой радзімы, с гордасцю адзначаем, што ў нашых вёсках, аграгарадках, мястэчках, гарадскіх пасёлках і раённых цэнтрах створаны ўсе ўмовы для развіцця аматарскай творчасці. Удзельнікі калектываў зберагаюць і даносяць народныя каштоўнасці не толькі Беларусі, а таксама і Польшчы, – падкрэсліла падчас вітальнай прамовы начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч.

Яскравыя выступы проста зрывалі авацыі, гледачы былі задаволеныя і сачылі за кожным крокам артыстаў. Удзельнікам не менш прыемна быць на фестывалі, і яны ахвотна дзеляцца ўражаннямі.

– На Артыстычных сустрэчах мы з калектывам упершыню, а я ўвогуле ў Гродна. Сёння мы ўсе сабраліся ў цудоўным месцы. Многа гледачоў, хвалюемся трохі, але атмасфера тут прыязная. Шмат цікавых калектываў як з Польшчы, так і з Беларусі. Гродна шматкультурнае месца і вельмі прыемна бачыць, што тут усім рады. Свет адкрыты, а песня яднае людзей. І гэта цудоўны фестываль, які дазваляе абменьвацца вопытам і знаёміцца з цікавымі людзьмі. Той, хто па жыцці ідзе з песняй, ніколі не прападзе, – рассказаў Янка Карповіч, кіраўнік польскага ансамбля “Хутар”.

– Фестываль – гэта добры спосаб паказаць сувязь паміж беларускай і польскай культурамі і іх дасягненні. Калі мы паказваем нашы спадчыны на адной сцэне, мы даносім, што важна захоўваць сувязі паміж нашымі народамі. І вельмі важна, што на Беларусі падтрымліваюць палякаў, а ў Польшчы беларусаў, – расказаў Ян Сычэўскі, старшыня галоўнага праўлення беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.

– Сёння сабралася шмат гасцей з Польшчы, гарадзенцы прыйшлі паслухаць калектывы, іх многа, нават нягледзячы на пахмурны дзень. Вельмі цікава ў Гродна, я заўсёды з задавальненнем прыязджаю сюды. А фестываль – гэта яшчэ адна з магчымасцяў зрабіць нашы народы бліжэй,– падзяліўся Мечыслаў Лысы, старшыня грамадскага аб’яднання“Саюз палякаў на Беларусі”.

Па матэрыялах газеты “Гродзенская праўда”

Поўны тэкст артыкула на афіцыйным сайце выдання (перайсці)
Фота: ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”