Фінальныя акорды “Лідскага падворку”, прысвечанага 75-годдзю заснавання Гродзенскай вобласці

У гэтыя дні на Лідчыне праходзіць завяршаючы этап раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм “Лідскі падворак”, тэматычных  канцэртных праграм «А мы з Прынёманскага краю!», прысвечаных 75-годдзю заснавання Гродзенскай вобласці.

Лепшыя з лепшых сваіх канцэртаў далі артысты філіялаў Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці –  Ганчарскі Дом культуры, Крупаўскі Дом культуры і Гудскі цэнтр творчасці і дасуга.

Гэтыя выхадныя дні, насычаныя творчым узнёсам, уразілі шматлікіх гледачоў аграгарадкоў Лідскага раёну. Да ўдзелу ў традыцыйным аглядзе-конкурсе клубныя ўстановы падрыхтавалі яскравыя канцэртныя праграмы: “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца!”, “Вёсачка мая – куточак сэрцу дарагі” і “Пяю табе, родная старонка!”.

Увогуле, справаздачныя праграмы былі настолькі адточаны і адшліфаваны, што нават самае строгае журы не змагло б знайсці ў ёй ні малейшай заганы. Музычнае афармленне, рэжысура, трапна ўпрыгожаныя залы, з густам прыбраныя  артысты і, канешне ж, сцэнічнае майстэрства, талент выканаўцаў дапамаглі зрабіць канцэртныя праграмы незабыўнымі.

Арганізатары канцэртных праграм задзейнічалі больш за сто ўдзельнікаў. Журы прыемна здзівілі і ўразілі выступленні аматарскага аб’яднання “Крынічка”, вакальнага гурта “Надзея”, сольных спеваў “Світанак”, народнага сямейнага клуба людзей сталага ўзросту “Печкі-лавачкі”, тэатра мініяцюр “Балагур” (філіял “Ганчарскі ДК”), гуртка сольных спеваў “Язмін” (філіял “Крупаўскі ДК”), гуртка эстрадных спеваў “Калейдаскоп”, ВІА “Постфактум”, жаночай вакальнай групы “Чараўніцы” (філіял “Гудскі ЦТ і Д”). Асабліва ж парадавалі гледачоў дзіцячыя і падлеткавыя калектывы — гурт “Хулиганчики” (філіял “Ганчарскі ДК”), эстрадных спеваў “Сакавінка” (філіял “Крупаўскі ДК”), “Вясёлыя жаўраначкі”, ансамбль народнай музыкі “Вясёлка”, ВІА “Равеснік”, вакальная група “Зорачка” (філіял “Гудскі ЦТ і Д”). Бацькі юных артыстаў з задавальненнем наведваюць канцэртныя праграмы клубных устаноў раёну, у якіх прымаюць удзел  іх таленавітыя дзеткі.

У гэты дзень у фае ўстаноў культуры былі аформлены разнастайныя выстаўкі гурткоў ДПМ “Цудоўнае сваімі рукамі”, “Майстэрства рук і сэрца”. Змястоўна і трапна арганізаваны фотазоны “Квітней, мая Радзіма!”, прысвечаныя 75-годдзю заснавання Гродзенскай вобласці і вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Прыемныя ўражанні ва ўсіх прысутных засталіся і ад выступленняў маладых выканаўцаў: Карыны Грынько, Ангеліны Маляўка, Маргарыты Карапецян, Анастасіі Богдан, Эвеліны і Анастасіі Бальцэвіч, Дар’і Ваўчок, а таксама Віктара Юнды і Цімафея Кулеша. Кожнае выступленне артыстаў суправаджалася дружнымі апладысментамі. Адным словам, задавальненне атрымаў кожны. Асабліва адчувалася гэта падчас фінальных песень, выконваць якія на сцэну выходзілі ўсе артысты філіялаў. Увогуле, творчыя справаздачы ўдаліся і, сапраўды, заставілі ў сэрцах гледачоў самыя цёплыя ўражанні і падаравалі добры настрой на наступны рабочы тыдзень.