У аг. Дзітва Лідскага раёна адбыўся абласны фестываль-свята «Танцуем па-даўнейшаму»

На базе філіяла «Дзiтвянскi Дом культуры» Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбыўся фестываль-свята «Танцуем па-даўнейшаму». Аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй Гродзенскай вобласці з’ехаліся каб прадэманстраваць найлепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў з захаваннем адметнага мясцовага выканальніцкага стылю.Арганізатарамi свята выступілі галоўнае ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці», аддзел культуры Лідскага райвыканкама, ДУ «Лідскi раённы цэнтр культуры народнага мастацтва». Гэты праект накіраваны на адраджэнне і захаванне народнага танца, традыцыямі якога славіцца Гродзеншчына.

Як адзначыла начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова, дадзены фестываль аб’ядноўвае людзей з усіх раёнаў нашай вобласці.

— Наша Гродзеншчына багатая на культуру. Народныя танцы не выключэнне. Танец складаўся на працягу доўгага часу, і, канешне, значны ўплыў на яго форміраванне аказалі самі людзі, іх самабытная культура. І сёння мы паказваем, што даўнейшыя танцы прыгожыя, дынамічныя, вясёлыя, завадныя, — адзначыла Наталля Леўшунова.

Пасля ўрачыстага адкрыцця — пачаўся конкурс беларускіх народных побытавых парных танцаў. Конкурс праходзіў у чатырох узроставых катэгорыях: ад 7 да 10 год, ад 11 да 17 год, ад 18 да 50 год, i ад 51 года и больш.

«Мальвіну», «Лявоніху», «Кракавяк», «Лысага» выдатна танцавалі ўсе — ад малога да вялікага. Што цікава, самаму старэйшаму выканаўцу кадрыляў аказалася 70 гадоў, а самаму маладзейшаму — усяго 7.

Адна з удзельніц, культуролаг i мама ў дэкрэце Таццяна Язерская сказала, што падобныя мерапрыемствы стараецца наведваць, паколькі дзякуючы ім можна даведацца пра беларускую культуру.

— Танцамі займаюся ўжо шмат гадоў. Народныя танцы дапамагаюць добра даведацца пра беларускую традыцыйную культуру, пагрузіцца ў тыя далёкія часы. Акрамя танцаў цікаўлюся гісторыяй Беларусі. Сёння мы ўбачылі яскравыя прыклады таго, якое прыгожае выкананне можа мець беларускі народны танец. Ён жыве і мае сваё прадаўжэнне. Выканаўцы самых разных узростаў гэта нам даказалі, — сказала Таццяна Язерская.

Пасля конкурсу праходзiла дэфiле ў традыцыйных строях «Мода з куфара», на якім удзельнікі з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны маглі паказаць як апраналіся нашы продкi.

Напрыканцы фестывалю-свята адбыўся майстар-клас па побытавых танцах ад Сяргея Выскаваркi i флэшмоб «Танцуем разам». Мясцовыя танцоры, сярод якіх было шмат пераможцаў, ізноў кінуліся ў скокі.

Танцавальныя пары з самых розных куткоў вобласці прадэманстравалі не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, але і дасканалыя веды аўтэнтычнага танцавальнага фальклору. Многія народныя побытавыя танцы даўно забытыя. Але такія вось мерапрыемствы даюць новы віток для іх жыцця.

«Лідская газета»