Сапраўдная кветкавая казка, ці Як у аграгарадку Аюцавічы Карэліцкага раёна прайшоў фестываль кветак «Colours»

У суботу аграгарадок Аюцавічы літаральна патанаў у сузор’і чароўных і духмяных кветак. У гасціннае мястэчка каля Мірскага замка завітала свята, якое нікога не пакінула абыякавым, а наадварот падарыла шмат усмешак, песняў і прыгажосці. Другі год запар госці і жыхары аграгарадка завіталі на пляцоўку каля школы, каб прыняць актыўны ўдзел у свяце кветак “Colours”

Калі прымадонна савецкай эстрады спявала пра мільён пунсовых руж, то на свяце ў Аюцавічах гэта можна было рабіць пра шматлікія вяргіні, ліліі, гладыёлусы, астры і іншыя. Феерыя колераў і неверагодных пахаў быцца бы ахінала кожнага, хто ў гэты спякотны дзень завітаў на свята.

Пачалося мерапрыемства са слоў інспектара Мірскага сельсавета Таццяны Скок, якая павіншавала ўсіх прысутных і адзначыла важнасць такога цуда прыроды як кветкі: “Аднойчы адзін мудрэц сказаў, што чалавеку для шчасця патрэбна няшмат: неба, сонца і… кветкі. Мы бачым, што сёння сусвет падарыў нам гэта, таму давайце ўсміхнёмся адзін аднаму і пражывём гэты дзень з цеплынёю ў сэрцы”.

Таксама Таццянна Скок падзякавала жыхарам Аюцавіч за іх імкненне да прыгожосці, і за тое, што, ўпрыгожваючы свае падворкі, яны дзеляцца гэтым кветкавым чараўніцтвам з іншымі.

Падчас канцэртнай праграмы, якую зладзілі артысты Карэліцкага краю, праводзіліся шматлікія конкурсы, дзе кожны ўмелец мог прадэманстраваць сваё майстэрства.

Па матэрыялах сайта газеты Полымя