Шляхецкі фэст “Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх” прайшоў  на Іўеўшчыне  

Шыкоўны палацава-паркавы комплекс у Жамыслаўлі будавалі амаль 72 гады прадстаўнікі трох пакаленняў роду Умястоўскіх. Адна з найпрыгажэйшых сядзібаў Беларусі – копія Каралеўскага палаца Станіслава Аўгуста Панятоўскага, што знаходзіцца ў Варшаве.

18 мая ў аг. Жамыслаўль ужо трэці год запар ладзіцца шляхецкі фэст “Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх”.

Фэст распачаўся святочнай танцавальнай кампазіцыяй. Потым у тэатралізаваным шэсці ішлі шаноўныя госці і ўдзельнікі фэста: граф Уладзіслаў Умястоўскі і яго жонка Яніна, велікаможная княгіня Ева, жонка Вялікага князя Гедыміна, заснавальніца і ўладарка зямель іўеўскіх, князёўна Барбара Радзівіл, жонка ваяводы Станіслава Гаштольда з мураваных Геранён, князь Трабус, заснавальнік мястэчка Трабы і люд мясцовы і прыезджы.

Са словамі прывітання да ўсіх гасцей звярнуліся старшыня Суботніцкага сельвыканкама Філон Валянціна Станіславаўна і прадстаўніца новых гаспадароў палаца – прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Градитель” Дубко Ала Уладзіміраўна.

Святочнае мерапрыемства прадоўжылася тэатралізаванай кампазіцыяй “Жамыслаўль – славутая зямля рода Умястоўскіх”. У выкананні ўдзельнікаў фэста прагучала песня “Жамыслаўльскі вальс”, якая стала гімнам роднай зямлі , яе багатай гісторыі, прыгажосці і непатоўрнасці. Аўтарам слоў песні стаў іўеўчанін, гісторык і краязнаўца Алег Ігліцкі.

Як сімвал надзеі на добрую будучыню жамыслаўльскай зямлі і палаца Умястоўскіх стала акцыя “Алея жыцця”. Ганаровыя госці пасадзілі кусты руж на алеі, якая была закладзена ў 2018 годзе.

Святочны настрой стварылі канцэртныя выступленні народнага ансамбля народнай песні “Вечарынка” Карэліцкага раёна, народнага ансамбля народнай песні “Даўніна” аг. Геранёны, вакальнага ансамбля “Варажэя” аг. Ліпнішкі, фальклорнага ансамбля “Вечарніца”, салістаў аддзела культурна-масавай і асветнай работы аг. Суботнікі і Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Падчас мерапрыемства праведзены майстар-клас старадаўніх танцаў навучэнцамі ДУА “Геранёнская дзіцячая школа мастацтваў”, дэфіле касцюмаў дзіцячага аматарскага аб’яднання мадэліравання адзення “Чараўніцы” аг. Ліпнішкі.

На працягу свята працавалі атракцыёны, гандлёвыя палаткі, майстар-клас па традыцыйных відах рамёстваў, выстаўкі народнай творчасці, літаратуры, выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі і бяспройгрышная латарэя. У наведвальнікаў фэста была магчымасць пакатацца на осліку, адведаць духмянай юшкі і апетытных шашлыкоў.