Свята “Добры дзень, суседзі!” у аг. Сялявічы Смаргонскага раёна

15 ліпеня ў аг. Сялявічы Смаргонскага раёна адбылося свята «Добры дзень, суседзі!». На гэты раз у госці да суседзяў прыехалі жыхары аграгарадка Драпава. Мерапрыемства пачалося з велапрабегу, прысвечанага Году малой радзімы. Раніцай гэтага дня аматары веласпорту на чале са старшынёй Азярніцкага сельвыканкама Ганнай Іосіфаўнай Пяцько адправіліся да брацкай магілы, якая знаходзіцца ў вёсцы Кракотка. Там адбылася цырымонія ўскладання вянкоў да помніка. На свята ў аграгарадок Сялявічы  ўдзельнікі велапрабегу заехалі арганізаванай калонай.

Асабістай увагі ў гэты дзень былі ўдастоены пажылыя жыхары аграгарадка, узрост якіх перавысіў 80 гадоў. Сталым людзям былі паднесены падарункі. Самая старэйшая жыхарка аграгарадка Сялявічы – Казіміра Сямёнаўна Крушневіч. Сёлета ёй споўнілася 102 гады.

Затым пачаўся святочны канцэрт, у якім выступілі калектывы аматарскай творчасці  філіяла «Драпаўскі цэнтр народнай культуры». Была арганізавана гульнёвая праграма з удзелам каманд вуліц аграгарадка. Чатыры каманды спаборнічалі ў хуткасці і шпаркасці. Затым усе ўдзельнікі былі запрошаны на танцавальны флэшмоб. Паміж камандамі аграгарадка Сялявічы і Азярніца прайшоў матч па футболу. Была размешчана выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці. Для самых маленькіх гасцей свята была прадугледжана гульнёвая праграма і атракцыёны. Для старэйшай катэгорыі – бяспройгрышная латарэя і выязны гандаль.

Напрыканцы мерапрыемства сяльчане гаварылі, што адпачылі душой, атрымалі толькі станоўчыя эмоцыі і добры настрой, якога хопіць на працяглы час. Гэта было сапраўднае свята сяброўства! Нездарма ж у народзе кажуць: “Няма лепшага сваяка, чым добры сусед”.