Свята двара “Добры дзень, суседзі!” адзначылі ў Іўі

Стала добрай традыцыяй Іўя ў летні перыяд праводзіць святы дамоў і вуліц. 21 ліпеня 2018 года творчым калектывам Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу ў рамках мастацка-творчага праекта “Лета ў горадзе” было праведзена свята двара “Добры дзень, суседзі!”, дамоў № 28 і № 33 па вуліцы Маладзёжнай.

Адкрыла свята дзіцячая музычна-спартыўная замалёўка “Усе колеры лета”. Падчас мерапрыемства былі прадстаўлены канцэртныя праграмы салістаў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу і калектыва аматарскай творчасці Воранаўскага раёна. Адбыўся конкурс па святочным афармленні пад’ездаў, прысвечаны Году малой радзімы. Перамогу ў конкурсе атрымала зборная каманда жыхароў першага і другога пад’ездаў дома №28. Старшыня журы, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іўеўскага райвыканкама Кішкель Святлана Вацлаваўна ўручыла камандзе пераходзячы святочны Кубак.

Мерапрыемства прадоўжылася танцавальна-забаўляльнай праграмай і спартыўнымі спаборніцтвамі сярод жыхароў розных узроставых катэгорый. Сапраўдным адкрыццём свята сталі дзеці – Вадзім Тучкоўскі, Аляксандр Завадскі і Анастасія Мікулка, якія прынялі ўдзел у сілавым экстрыме і занялі прызавыя месцы. Выдатныя кулінарныя здольнасці сярод гаспадынь дамоў прадэманстравала Разумнюк Марына Генрыкаўна (дом № 28), якая выпекла самы вялікі і апетытны торт з прыгожай назвай “Берёзовая роща”.

На працягу свята працавалі: выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі ад аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу і дзіцячыя атракцыёны.