Трэці год запар аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прымае тых, хто захоўвае сакрэты народнага рамяства – ручнога ткацтва. Сёлета свае куфры, а таксама куфры сваіх матуль і бабуль адкрылі майстры з нашага рэгіёна, а таксама з суседніх: Шчучынскага, Іўеўскага, Мастоўскага і Гродзенскага.
– Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння ўнесена ў спіс нематэрыяльнай гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, а таксама ЮНЕСКА, – нагадала малодшы навуковы супрацоўнік раённага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. – Гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. Тым самым мы далі перад дзяржавай абавязацельства захоўваць гэты від рамяства, перадаваць яго іншым пакаленням, каб яно ніколі не было згублена. Менавіта для гэтага мы і ладзім свята ткацтва, тэматычную выставу “Узоры маёй бабулі”. Прынамсі, аб апошняй. Штогод мы стараемся адшукаць, прадставіць новых майстрых, іх вырабы, пазнаёміць гледачоў з новымі ўзорамі. І такія экзэмпляры мы знаходзім не толькі падчас нашых экспедыцый па раёне. У апошні час жыхары рэгіёна ўсё часцей самі прыносяць да нас ручнікі сваіх матуль і бабуль. У гэтым і ёсць тая самая сувязь пакаленняў, надзея, што гісторыя народнага ручнога ткацтва будзе працягвацца.
Аднымі з тых, хто адкрыў куфар сваёй матулі – 81-гадовай жыхаркі вёскі Гурыны Марыі Баляславаўны Ясінскай – і падзяліўся з іншымі яго скарбамі, былі сёстры Ірына Грос і Алена Залесава (на здымку злева направа).
– Мы тут дзякуючы шэрагу супадзенняў, – не хавалі эмоцый жанчыны. – Амаль год таму мы зайшлі ў краму пры аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Больш дзеля цікавасці. Але нашы позіркі адразу прыцягнулі белыя ручнікі. Заўважыўшы гэта, прадавец пачала паказваць нам вырабы, а мы – распавядаць гісторыю нашай матулі: што яна ў маладосці ткала, а пераняла гэта майстэрства ў сваёй мамы, нашай бабулі Ядзвігі Юр’еўны, што ў сям’і прадавалі ільняныя палотны і такім чынам зараблялі сродкі на існаванне. Шчыра кажучы, пры нас ні мама, ні бабуля ўжо не ткалі, але ў памяці добра захавалася, як на рэлігійныя святы стол засцілаўся белым абрусам уласнай вытворчасці, як бабуля выцірала твар сваім ручніком… Прадавец прапанавала прынесці і паказаць некалькі вырабаў нашай матулі, паказала іх спецыялісту. Тая расказала нам пра свята ткацтва і выставу, спытала, ці гатовыя мы прыняць у ёй удзел. Вядома, мы згадзіліся. На жаль, ручнікоў нашай мамачкі Марыі Баляславаўны прадстаўлена няшмат, таму што большасць захоўваецца ў нашага брата, што жыве ў Мінску.
Падчас гутаркі з журналістам “Лідскай газеты” жанчыны раз-пораз выціралі слёзы. На пытанне, чаму яны плачуць, Ірына і Алена сказалі, што нават не ўяўлялі, наколькі ўдзел у мерапрыемстве будзе эмацыянальным і кранальным, бо на выставе “Узоры маёй бабулі” яны не толькі распавядаюць гісторыю сваёй сям’і, але і датыкаюцца да гісторый іншых людзей, сутнасць якіх адна і агульная для ўсіх. “Як ніколі, мы адчуваем еднасць беларусаў… На жаль, мама не змагла сёння прыехаць. Але мы выправім гэту памылку і абавязкова прывязём яе на выставу, каб яна на свае вочы ўбачыла, што яе справа, пакінутая спадчына – гэта важная гісторыя, якую мы абяцаем захоўваць”, – патлумачылі Ірына Грос і Алена Залесава.
Пенсіянерка Ганна Юльянаўна Чарнель на выставу трапіла па наводцы сваёй знаёмай Любові Васільеўны Ганевіч. Вось толькі, у адрозненне ад Ірыны і Алены, распавядае Ганна Юльянаўна гісторыю не сваей сям’і і нават не сваёй краіны, а Грэцыі.
– Я нарадзілася ў Навагрудку, але ўсё жыццё жыву ў Лідзе, – у гутарцы з карэспандэнтам адзначыла пенсіянерка. – Воляй лёсу я 15 гадоў прапрацавала ў Грэцыі. Там таксама вельмі развіта народная творчасць. На кожным востраве ёсць цэнтры, а ў іх – дзеючыя кросны. Ручнікі, што я прывезла ў Ліду, выткала манахіня Марыя, што жыве на востраве Крыт. Прынамсі, яе вырабы вельмі славяцца і карыстаюцца попытам у пакупнікоў. Спадзяюся, грэцкая тэхніка ткацтва, тамтэйшыя ўзоры таксама будуць цікавыя для лідскіх спецыялістаў.
Вось ужо сапраўды, шлях ручніка ў жыццё чалавека можа быць самым неверагодным!
…Здавалася б, на выставе былі паўсюль адныя ручнікі і воўна. Але разглядаць іх можна было гадзінамі: розныя тэхнікі, розныя ўзоры, розныя колеры нітак… І гэта меркаванне не аднаго чалавека. Невялічкая зала аддзела рамёстваў, як ніколі, была запоўнена гледачамі – настолькі ўсіх зацікавіла гэта тэма! Першая частка свята ткацтва была інфармацыйна-тэатралізаваная: у такой незвычайнай форме спецыялісты распавядалі аб асаблівасцях ручнога ткацтва, яго гісторыі і традыцыях, працэсе вытворчасці. Падчас практычнай часткі можна было на свае вочы ўбачыць, як збіраюцца кросны, закладваюцца ніткі, нараджаецца ўзор. Шырока на выставе таксама былі прадстаўлены прылады і прыстасаванні для апрацоўкі льну і атрымання ўзорыстых тканін: часалкі, цёрніца, трапло, прасніцы, верацёны, калаўроты, чаўнакі, цэўкі, сукала, кросны…
Зрэшты, гэта той выпадак, калі лепш не чытаць аб выставе, а наведаць яе самім. На шчасце, такая магчымасць ёсць, нават нягледзячы на тое што вы прапусцілі свята ткацтва “Шлях ручніка ў жыцці чалавека”. Выстава “Узоры маёй бабулі” ў аддзеле рамёстваў будзе працаваць амаль да канца лістапада. Не пазбаўляйце сябе магчымасці дакрануцца да гісторыі, да сваёй спадчыны!