Свята “Ятвезьскія суседзі” адзначылі на Ваўкавышчыне

Усіх жыхароў Старой і Новай Ятвезі, а таксама Новабудоўляў сабрала свята “Ятвезьскія суседзі”, якое правялі работнікі Субацкага ДК 5 жніўня 2018 года на пляцоўцы па вуліцы Сельскай. Гэта свята ўжо другі год аб’ядноўвае самых розных людзей і спрыяе наладжванню добрасуседскіх адносін. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі прадстаўнікі духавенства, адміністрацыя дзяржаўнага прадпрыемства «Зара і К», старшыня Субацкага сельскага выканкама, мясцовыя дэпутаты, старасты, Ваўкавыскі раённы цэнтр рамёстваў, прадстаўнікі аддзела культуры, раённая бібліятэка, якая арганізавала летнюю выязную чытальную залу і кніжную выставу.

Жадаючыя змаглі пракаціцца на брычцы, прадастаўленай гаспадарамі аграсядзібы “Селяхі”. Вядомая каравайніца Ятвезі, Тамара Іванаўна Карнацевіч, уручыла каравай дырэктару дзяржаўнага прадпрыемства “Зара і К” Касталомаву Юрыю Уладзіміравічу ў знак падзякі ад жыхароў вёскі. На ўра прайшоў конкурс “Ятвезьскія таленты”, удзельнікі якога прадставілі выставу сваіх работ, кулінарныя стравы і прадэманстравалі свае здольнасці. У гэты дзень суседзі Старой Ятвезі, Новай Ятвезі і Новабудоўляў абмяняліся караваем, каб пазнаёміцца бліжэй, а пасля знайсці агульную мову пры сумесным вырашэнні актуальных праблем.

На свяце можна было ўбачыць касцюміраванае шэсце хатніх жывёл, сабачак і котачак у казачных касцюмах. Таксама адбыўся конкурс “Стравы нашага дома”, дзе кожная гаспадыня паказала сваё кулінарнае майстэрства. А каб адносіны паміж суседзямі былі цёплымі, неабходна было спаліць пудзіла Злога Суседа, а разам з ім увесь негатыў, злосць, незадаволенасць і дрэнны настрой.

Па традыцыі напрыканцы свята ў знак дружбы і павагі жыхары Ятвезі пасадзілі дрэва добрасуседства – клён. Артысты Субацкага, Вярэйкаўскага і Шылавіцкага Дамоў культуры, а таксама Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры парадавалі ўсіх гасцей свята сваімі канцэртнымі нумарамі.

Фота з сайта ДУК «Валкавыскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці»