Святло душы і праца рук. У Іўеўскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры рады кожнаму майстру.

Цяжка пералічыць, колькі майстроў адкрыў за гады свайго існавання былы раённы цэнтр рамёстваў, а зараз — аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, які ўзначальвае Ірына Смірнова — чалавек, усім сэрцам адданы справе захавання народных уменняў, промыслаў,традыцыйных відаў рамёстваў.

У аддзеле рады кожнаму майстру, прывячаюць тут і малых няўрымслівых творцаў. Іх вучаць, ім дапамагаюць спасцігаць майстэрства былых часоў і пакаленняў. Гэта тое, што з’ўляецца адной з асноўных складаных частак нашай нацыянальнай культуры. Наогул, тут рады ўзаемадзейнічаць і з майстрамі іншых нацыянальнасцей. Іўеўшчына, ды і, наогул, наша Радзіма Беларусь умее для кожнага добрага чалавека быць родным домам. Вось і нядаўна ў аддзеле адкрылася персанальная выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці іўеўскай мусульманкі Аміні Мустафаўны Мусінай. «Праз сэрца і рукі» — так ёмка назвалі выставу яе арганізатары. І сапраўды, каб штосьці незвычайнае зрабіць, гэтай справай патрэбна ўсім сэрцам загарэцца. Без захаплення хіба можа існаваць творчасць у любой галіне яе прыкладання?! А потым задумкі сэрца бяруць на сябе рукі. Адкрываючы выставу, Ірына Смірнова адзначыла, што Іўеўшчына надзвычай багата людзьмі творчымі, таленавітымі. У кожнай вёсцы, у самім горадзе шмат людзей, якія займаюцца вышыўкай, ткацтвам, вязаннем… Шмат спраў ёсць на гэтым свеце для тых, каго Бог надзяліў залатымі рукамі і жаданнем штосьці зрабіць на радасць людзям і самім сабе. І, як вядучая гэтага мерапрыемства, Ірына Рэгінальдаўна расказала прысутным пра майстрыцу. Аміня Мустафаўна не толькі валодае рознымі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, яна яшчэ здатны кулінар і агароднік, прынамсі, як амаль усе жанчыны-татаркі нашага горада. Таму нават дзіўна часам, як яны ўсё паспяваюць зрабіць. Яна — актыўная ўдзельніца клуба майстроў «Скарбніца» і не раз дэманстравала свае прыгожыя вырабы і майстар-классы не толькі на раённых мерапрыемствах, але абласных, рэспубліканскіх: свята рамёстваў «Казюкі-2000 «, купалле » Александрыя збірае сяброў». Зусім нядаўна Аміня Мусіна яшчэ працавала майстрам у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры, але, на жаль, па сямейных абставінах звольнілася. Яна валодае не толькі традыцыйнымі рамёствамі (прадзеннем, вышыўкай, ткацтвам паясоў, валяннем), але і з вялікай ахвотай вывучае новыя тэхналогіі — працуе са скурай, цестам, тэкстылем. Доказам сказанаму былі цудоўныя рэчы на выставе — вышываныя ручнікі, сурвэткі, кошыкі паясы, лялькі… Усё ўмеюць гэтыя цудоўныя, гэтыя залатыя рукі! Можа таму, што Аміня Мустафаўна з працавітай, творчай сям’і. Яе маці, сястра, сын, дачка прынялі ўдзел у абласной выставе сямейнай творчасці «Фантазии полет и рук творенье». І адзначаны падзякай Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра за высокі творчы ўзровень. Прысутныя не толькі з задавальненнем знаёміліся з цуда-экспанатамі гэтай творчай выставы, але і папрысутнічалі на майстар-класе ад Аміні Мусінай па пляценні пояса. На адкрыцці выставы былі маленькія майстры з клуба «Крынічка» і ўдзельнікі гуртка «Чароўныя ўзоры». І гэта вельмі правільны тактычны крок аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Пабачыш такую прыгажосць — і захочацца самому зрабіць нешта падобнае. Значыць, нашай творчай спадчыне жыць і развівацца.

Вера ГУЛІДАВА.
Іўеўскі край

Читать полностью: https://ivyenews.by/component/k2/12353-svyatlo-dushy-i-pratsa-ruk-u-addzele-ramjostva-i-tradytsyjnaj-kultury-rady-kozhnamu-majstru.html