26 мая ў Мінску, на тэрыторыі Верхняга горада, прайшоў Х Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”.
Сёлета Гродзенскую вобласць прадставілі майстры з Лідскага, Ваўкавыскага, Навагрудскага, Мастоўскага, Астравецкага і Карэліцкага раёнаў. Сярод іх былі і носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (Наталля Клімко – Традыцыя вырэзвання з паперы (“выцінанка-выбіванка”) у Навагрудскім раёне; Валянціна Сільвановіч – Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння; Яніна Іюльская – Традыцыя “простага двухнітовага” ткацтва Ваўкавыскага раёна).
На падвор’і Гродзенскай вобласці можна было набыць сувенірную прадукцыю, вырабленую майстрамі народнай творчасці, і прыняць удзел у майстар-класе па традыцыйных рамёствах (ткацтва, пляценне паясоў, выцінанка-выбіванка, спіральнае пляценне з травы, салома— і лозапляценне).
Беларускімі народнямі песнямі заклікаў на падвор’е Гродзеншчыны фальклорны гурт “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Ацэньвала работы майстроў кампетэнтнае журы на чале са старшынёй саюза майстроў Рэспублікі Беларусь, прафесарам Сахутам Яўгенам Міхайлавічам. Усе ўдзельнікі фестывалю атрымалі дыпломы, а майстры з Ваўкавыскага раённага Цэнтра рамёстваў і Астравецкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці атрымалі грашовую ўзнагароду, стаўшы лепшымі ў намінацыі “за лепшую калекцыю выставачных работ”.
І месца і грашовую ўзнагароду ў намінацыі “за лепшую калекцыю выставачных работ” атрымалі майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
І месца і грашовую ўзнагароду атрымала Вольга Вайтовіч (Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў). ІІ месца і грашовую ўзнагароду атрымала Наталля Клімко (раённы Цэнтр рамёстваў Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці).
Галерея не найдена!