На пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры 19 снежня 2018 г., прынята рашэнне аб неабходнасці надання стутусу гісторыка-культурнай каштоўнасці комплексу ткацкіх тэхнік вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў, якія захоўваюцца майстрамі аг. Пагародна Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Традыцыі ўзорнага ткацтва сфарміраваліся на тэрыторыі Беларусі ў к. ХІХ – п. ХХ ст., паступова вылучыліся пэўныя рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці ткацкіх тэхнік. Ткацтва ў аг. Пагародна развівалася ў агульным рэчышчы народнай культуры Панямоння. Найбольшага росквіту і высокага ўзроўню развіцця ўзорнае ткацтва дасягнула ў заходніх рэгіёнах ў 1940-60 гг. гады, калі было шырока распаўсюджана ў вёсках Лідскага, Воранаўскага, Іўеўскага, Дзятлаўскага, Шчучынскага раёнаў. Да сённяшняга часу посцілкі і дываны, тканыя на кроснах, захоўваюцца і ўжываюцца многімі вясковымі сем’ямі Воранаўскага і суседніх з ім раёнаў, але як рэгулярны занятак і хатняе рамяство іх выраб практыкуецца менавіта майстрамі аг. Пагародна. У справе захавання ткацкіх традыцый асаблівай ўдзячнасці заслугоўвае народны майстар Станіслава Вікенцьеўна Міхно. Дзякуючы “Школе ткацтва”, якой яна кіруе з 2012 года, майстэрствам ўзорнага ткацтва на Воранаўшчыне авалодалі больш дзесяці пераемнікаў.
Над прапановай па наданню статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці аўтэнтычнай лакальнай праяве ўзорнага ткацтва на працягу двух гадоў працавалі спецыялісты Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці супольна з вядомай даследчыцай нематэрыяльнай культурнай спадчыны Ірынай Васільеўнай Мазюк.
У выніку даследавання былі вылучаны пяць найбольш ярка прадстаўленых у жывой традыцыі ўзораўтвараючых ткацкіх тэхнік: двухслойнае ткацтва з паліхромнымі ўтковымі палосамі (набіванкі ці “радужкі” cшыўныя і суцэльныя); двухбаковы перабор на двух нітах з адной прыціскной ніткай і двума кантраснымі па колеры ўткамі (“перабіранкі з адной штапноўкай”); двухбаковы перабор на двух нітах з двума прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі (“перабіранкі з двума штапноўкамі”); чатырохнітовае двухутковае ткацтва; пяцінітовае двухутковае ткацтва з прыціскной ніткай. Выстава посцілак і дываноў пагародзенскіх майстрых, зладжаная ў Міністэрстве культуры, выразна прадэманстравала ўсе адметнасці і вартасці мастацкага рамяства.
Прапанову па наданню элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прадставілі:
- Янкелайць Ірына Феліксаўна – метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
- Ладыш Анжэла Аляксандраўна – актыўная ўдзельніца “Школы ткацтва”, пераемніца рамяства, хормайстар філіяла “Пагародзенскі цэнтр культуры і народнай творчасці” ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
- Мазюк Ірына Васільеўна – старшы выкладчык УА “Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў”;
- Клебан Анастасія Станіславаўна – намеснік дырэктара ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
- Цехановіч Таццяна Вацлаваўна – загадчык сектара культуры Воранаўскага райвыканкама.
Старшыня Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, намеснік Міністра культуры Шарамецьеў Сяргей Іванавіч падчас абмеркавання прапановы Воранаўскага райвыканкама, звярнуў асаблівую ўвагу на ролю мясцовых органаў улады ў справе захавання элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якім надаецца статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, падкрэсліў вялікую адказнасць і неабходнасць выніковай дзейнасці па падтрымцы і папулярызацыі адметных праяў народнай культуры.
Па матэрыялах сайта «Жывая спадчына Беларусі»
Алена Каліноўская, вядучы спецыяліст аддзела інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых ІПКіПК БДУКМ (фота аўтара)