Тварыць з душой, захапляць сюжэтамі і вобразамі. У Гродна адкрылася выстаўка габеленаў і пано

Выставу прац гродзенскай мастачкі, майстра па ткацтве Алены Шунейка можна наведаць у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. У экспазіцыі каля паўсотні аўтарскіх работ: габелены, дэкаратыўныя пано, створаныя майстрам, а таксама яе акварэлі, што раскрываюць аўтара з малавядомага для гледача боку.

– Прысвячаецца выстава “Мой любы горад” 80-годдзю метадычнага цэнтра, у якім я працую больш за 40 год. Сярод работ – у асноўным прысвечаныя роднаму гораду Гродна, дзе я нарадзілася і які вельмі люблю, – распавяла майстар.

Яшчэ адна добрая нагода для персанальнай выставы – юбілей Алены Шунейка, які яна адзначыла ў гэтым годзе.

Алена Шунейка.JPG

Тварыць з душой, захапляць сюжэтамі і вобразамі, прыкмячаць у наваколлі багатую колеравую палітру – усё гэта майстрыха атрымала ў спадчыну ад бацькі, упэўнены яе калегі. Галоўны ж бацькавы скарб – гэта адзіны ў Беларусі вертыкальны ткацкі станок. Менавіта Фелікс Шунейка ў сярэдзіне мінулага стагоддзя заснаваў у метадычным цэнтры творчую ткацкую лабараторыю. Яго справу працягвае дачка. А тэхніка падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, якой валодае майстрыха, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

11.JPG

Палотны Алены Шунейка сёння ўпрыгожваюць інтэр’еры храмаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, з’яўляюцца каштоўнымі экспанатамі музеяў, многія – далёка за межамі Беларусі. Патомная ткачыха вельмі ганарыцца габеленам “Святая Троіца”, які ў якасці харугвы выкарыстоўваецца падчас святочнай працэсіі ў сталічным касцёле Святога Роха.

Алена Шунейка дасканала валодае ўсімі таямніцамі габеленавай ніткі, ёй па сілах віртуозна перадаць нават энергетыку старажытных гродзенскіх храмаў. Кожнае палатно – гэта цэлая гісторыя, напоўненая глыбокім ідэйным зместам, філасофскімі рэбусамі і творчай фантазіяй. Па прызнанні майстра, тканыя акварэлі, напэўна, не былі б такімі гарманічнымі, каб у іх стварэнні не ўдзельнічаў яе брат, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка.

Менавіта ён малюе эксклюзіўныя эскізы для габеленаў. У творчым тандэме ствараюцца неверагодныя рэчы: у жывых вобразах паўстае гістарычнае мінулае Гродна, сустракаюцца знакавыя постаці з розных эпох, адраджаецца Фара Вітаўта, маці-Радзіма здабывае жаночае аблічча, а сярод велічных будынкаў вымалёўваецца родны дом майстрыхі…

8XoizVOldcU.jpg

Адметна, што выстава – гэта не толькі знаёмства з творчасцю майстра, але і ўнікальная магчымасць самастойна папрацаваць за ткацкім станком.

Майстар-клас з задавальненнем правядуць Алена Шунейка і яе здольная вучаніца Юлія Барадзіна. Дарэчы, работы маладой пераемніцы, метадыста цэнтра народнай творчасці, таксама прадстаўлены ў экспазіцыі. Гэта падвойныя габелены, народныя лялькі, ажурныя карункі – рукатворныя цуды, выкананыя нашай сучасніцай па старажытных узорах.