Дарога дадому заўсёды шчымлівая і хвалюючая, асабліва калі ты даўно не быў ля роднага парога. Яна імклівая, як вада, і салодкая, як сон. І чым больш табе гадоў, тым яскравей тыя малюнкі з дзяцінства. Памяць нічога не сцерла: ні той сцяжынкі, па якой ты бегаў басанож, ні паху бліноў на раніцы, ні цёплых матчыных рук, якія атулялі цябе ад любых нягод. Тады здавалася, што гэтыя рукі будуць аберагаць і саграваць цябе ўсё жыццё, а маці ўсё гэтак жа будзе праважаць цябе ў дарогу, зачыняючы рыпучыя веснічкі і хрысцячы табе ўслед паветра.
Здаецца, што ўсё гэта было ўчора, і ты нават не адчуваеш, што за плячыма груз з дзясяткаў год, а побач ужо сваволяць унукі. Жыццё не стаіць на месцы, безупынку змяняючы усё навокал, не шкадуючы і нас. І толькі шчымлівы боль па роднай старонцы застаецца ранейшым. Няведамая сіла паднімае цябе з наседжанага месца і вядзе туды, дзе ты нарадзіўся, каб ізноўку перажыць тыя непаўторныя пачуцці…
У адзінаццаты раз вёска Міхайлоўшчына сабрала аднавяскоўцаў на свята “Радасць сустрэчы пад покрывам Святога Ільі”. Колькасць людзей, якія прыходзяць і прыязджаюць на сустрэчу, не змяншаецца.
— Гэта свята людзей, якія спрадвеку тут, у гэтым праваслаўным куточку ашмянскай зямлі жылі і жывуць, — адзначае загадчыца клуба-бібліятэкі, мясцовая жыхарка Наталля Копач. – Сёння ў Міхайлоўшчыне пражывае каля 150 жыхароў. Вёска старэе, аднак паглядзіце колькі ў нас дзяцей сёння! Гэта нашы ўнукі і нават праўнукі, наш працяг. Будзем спадзявацца, што і іх будуць вабіць гэтыя маляўнічыя мясціны, дзе нарадзіліся і жылі продкі.
Свята вёскі традыцыйна прымяркоўваецца да дня Прарока Ільі, які ў праваслаўным календары прыпадае на 2 жніўня. Больш за сотню год стаіць у вёсцы храм, асвечаны ў гонар праваслаўнага святога, які з Божай ласкі аберагае месцічаў ад нягод. Урачыстае богаслужэнне з самай раніцы правёў у храме настаяцель царквы іерэй Уладзімір Семяняка. А ўжо пасля абеду вяскоўцы, а таксама ўраджэнцы гэтых мясцін сабраліся на культурную праграму, якую зладзілі работнікі культуры раёна. Гальшанскі аддзел культуры і артысты з райцэнтра, народны ансамбль народнай песні “Жытніца”, калега-суседка Наталлі Копач з Семярнік Вольга Сінькевіч падрыхтавалі канцэртную праграму.
Зямлячка, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч прывітала сваіх землякоў чарговым вершам-прызнаннем у любові да роднай зямлі і людзей, якія тут жывуць. Артысты народнага тэатра запрасілі на спектакль “Апошняя спроба” (па п’есе Міхаіла Задорнава). Для дзяцей былі арганізаваны гульнявыя атракцыёны і продаж салодкай ваты з папкорнам. Моладзь чакала вячэрняй пары, каб патанцаваць на дыскатэцы.
Па матэрыялам сайта газеты «Ашмянскі веснік» “Радасць сустрэчы пад покрывам Святога Ільі”