Маладзенькія бярозкі з клейкімі зялёнымі лісцікамі – менавіта з імі асацыіруецца ў беларусаў Сёмуха. Свежасць, прыгажосць, маладосць, цнатлівасць… Гэта і бярозкі-прыгажуні, і дзяўчаткі ў нацыянальных строях – усё тое, што робіць гэты светлы дзень адметным і кожнаму зразумелым.
27 мая жыхары і госці аг. Стары Дворац сабраліся каля мясцовай установы культуры, каб разам адзначыць фальклорнае свята «Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу».
Прыгожа прыбраная пляцоўка стракатала яркімі фарбамі. Маляўнічае мерапрыемства адкрылі ўдзельнікі фальклорнага дзіцячага калектыву «Дударыкі» аг. Стары Дворац. Затым перад гледачамі разгарнуўся тэатралізаваны падворак. «Прыйшлі мы да вас вялікім гуртом, зараз песні траецкія вам прапяём», – вымавілі прывітальныя словы прыгожыя дзяўчаты і пачалі спяваць традыцыйныя абрадавыя песні, якія з даўніх часоў выконваліся ў гэтай мясцовасці на Сёмуху. Далей увазе гледачоў быў прадстаўлены фрагмент абрада «Кумленне бярозкі»
Канцэртную праграму склалі нумары лепшых калектываў аматарскай творчасці. Аддзелам рамёстваў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці была прадстаўлена цудоўная выстаўка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кульмінацыяй свята стала абавязковае частаванне яечняй са шкварками па-старадварэцку, якая гатавалася па рацэпту нашых продкаў.
Маленькіх гасцей радавала пляцоўка з цікавымі атракцыёнамі. Было многа вясёлага, цікавага, пазнавальнага – атрымалася паўнавартаснае свята. Сапраўды, старадварэцкая Сёмуха гула на ўсю ваколіцу!