Як адзначыла начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова, дадзены фестываль аб’ядноўвае людзей з усіх раёнаў нашай вобласці.
— Наша Гродзеншчына багатая на культуру. Народныя танцы не выключэнне. Танец складаўся на працягу доўгага часу, і, канешне, значны ўплыў на яго форміраванне аказалі самі людзі, іх самабытная культура. І сёння мы паказваем, што даўнейшыя танцы прыгожыя, дынамічныя, вясёлыя, завадныя, — адзначыла Наталля Леўшунова.
Пасля ўрачыстага адкрыцця — пачаўся конкурс беларускіх народных побытавых парных танцаў. Конкурс праходзіў у чатырох узроставых катэгорыях: ад 7 да 10 год, ад 11 да 17 год, ад 18 да 50 год, i ад 51 года и больш.
«Мальвіну», «Лявоніху», «Кракавяк», «Лысага» выдатна танцавалі ўсе — ад малога да вялікага. Што цікава, самаму старэйшаму выканаўцу кадрыляў аказалася 70 гадоў, а самаму маладзейшаму — усяго 7.
Адна з удзельніц, культуролаг i мама ў дэкрэце Таццяна Язерская сказала, што падобныя мерапрыемствы стараецца наведваць, паколькі дзякуючы ім можна даведацца пра беларускую культуру.
— Танцамі займаюся ўжо шмат гадоў. Народныя танцы дапамагаюць добра даведацца пра беларускую традыцыйную культуру, пагрузіцца ў тыя далёкія часы. Акрамя танцаў цікаўлюся гісторыяй Беларусі. Сёння мы ўбачылі яскравыя прыклады таго, якое прыгожае выкананне можа мець беларускі народны танец. Ён жыве і мае сваё прадаўжэнне. Выканаўцы самых разных узростаў гэта нам даказалі, — сказала Таццяна Язерская.
Пасля конкурсу праходзiла дэфiле ў традыцыйных строях «Мода з куфара», на якім удзельнікі з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны маглі паказаць як апраналіся нашы продкi.
Напрыканцы фестывалю-свята адбыўся майстар-клас па побытавых танцах ад Сяргея Выскаваркi i флэшмоб «Танцуем разам». Мясцовыя танцоры, сярод якіх было шмат пераможцаў, ізноў кінуліся ў скокі.
Танцавальныя пары з самых розных куткоў вобласці прадэманстравалі не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, але і дасканалыя веды аўтэнтычнага танцавальнага фальклору. Многія народныя побытавыя танцы даўно забытыя. Але такія вось мерапрыемствы даюць новы віток для іх жыцця.