У Гервятах Астравецкага раёна адбыўся Троіцкі фэст

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якая штогод збірае ў гервяцкім храме сотні вернікаў з розных куткоў Астравеччыны, Беларусі, Літвы, – час малітвы і сустрэч.

Першы дзень Міжнароднага троіцкага фэсту быў азнаменаваны адкрыццём фотавыставы Валерыя Вядрэнкі “Містэрыі Гервят”. Апагеем святкавання стала нядзеля.

На ўрачыстую імшу прыбылі шматлікія госці, у тым ліку старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін і яго намеснік Віктар Свіла, пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Андрус Пулокас, епіскап вільнюскі Арунас Панішкайціс, святары Астравеччыны і многія іншыя.

– Сёлетні Троіцкі фэст асаблівы, – у прывітальным слове адзначыў пробашч гервяцкай парафіі ксёндз Эліяс Анатоліюс Маркаўскас. – Мы дзякуем Богу за свабоду і мірнае жыццё і прысвячаем гэтую ўрачыстасць 75-годдзю вызвалення Беларусі і Астраўца ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння Бог благаславіў нашу зямлю доўгачаканым дажджом. Я ўдзячны ўсім, хто прыехаў на свята ў Гервяты з чыстым сэрцам.

У сваім выступленні старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін падкрэсліў, што Троіцкі фэст – яскравае пацвярджэнне плёну супрацоўніцтва свецкіх і духоўных улад на карысць людзей.

Падчас урачыстай імшы маліліся на трох мовах – беларускай, літоўскай і польскай.

У казанні, якое сінхронна з літоўскай на беларускую мову перакладаў ксёндз Эліяс Анатоліюс Маркаўскас, іерарх Арунас Панішкайціс прызнаўся, што па дарозе ў Гервяты яго найбольш здзівілі ўстаноўленыя на скрыжаваннях дарог крыжы. Па словах вільнюскага епіскапа, гэта яскравае сведчанне таго, што на Беларусі і на Астравеччыне жыве Бог.

Узносіць да Бога малітвы гервятцаў і гасцей парафіі дапамагалі моцныя галасы ўдзельнікаў літоўскіх хораў “Варпас” і “Варпіле”.

Святочная імша завяршылася працэсіяй вакол касцёла: дзяўчынкі ў белых сукенках высцілалі дарогу іерарху пялёсткамі кветак, плылі харугвы…

Гэта свята наўрад ці было б магчымым без гераічнага подзвігу тых людзей, якія аддалі сваё жыццё падчас Вялікай Айчыннай вайны за мірнае неба над нашымі галовамі. Госці ўрачыстасці ўсклалі кветкі ля помніка загінулым воінам.

Выступленне лепшых калектываў і артыстаў Беларусі, Літвы і Астравеччыны сабрала гледачоў на імправізаванай пляцоўцы. А горад майстроў, які раскінуўся ля прыкасцёльнай плошчы, вабіў салодкімі пеўнікамі і пернікамі, вырабамі з гліны, лазы і саломкі.

…Велічнай урачыстасці ў гервяцкай парафіі не перашкодзіў нават дождж: бо, відаць, на Астравеччыне і ў Гервятах сапраўды жыве Бог.

Па матэрыялах газеты “Астравецкая праўда”: Алёна Гануліч (фота аўтара)

Больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)