Каляды – народнае зімовае свята, напоўненая рознымі абрадамі, сэнс якіх выяўляўся ў жаданні хутчэй наблізіць надыход сонечнага цяпла і забяспечыць добры ўраджай у новым гаспадарчым годзе пры дапамозе адпаведных магічных дзеянняў. Каляды – незвычайны святочны час, калі асаблівую значнасць набываюць зносіны ў сферы адпачынку, калі ўсе імкнуліся паказаць свае ўменні і таленты, пакрасавацца “на людзях”, спявалі, танцавалі, імправізавалі.
Са снежня бягучага года ўстановы культуры клубнага тыпу і бібліятэкі Гродзенскага раёна распачалі рыхтавацца да рэалізацыі новага падзейна-культурнага праекту “Сход калядоўшчыкаў”, які накіраваны на вяртанне народных традыцый у сучасную дзейнасць работнікаў культуры.
У рамках гэтага праекту запланаваны шэраг мерапрыемстваў: фальклорныя вандроўкі і запіс ад носьбітаў калядных песень, рэканструкцыя абрада “Калядаванне”, запіс рэцэптаў абрадавай ежы, у тым ліку каляднай, што, безумоўна, будзе занатавана і адлюструецца ў невялікім выданні. Бо кожная вёска і яе жыхары маюць асаблівасці святкавання, калядавання, а таксама лакальныя, вядомыя ў межах адной мясціны рытуальныя стравы. Напрыклад, у .Адэльску на Куццю рабілі ламанцы, а ў сапоцкінскім рэгіёне – “кокоры” – спецыяльна прыгатаваная на вігілійную вячэру страва з бульбы.
Гэта і цыкл мерапрыемстваў пад назвай “Этнавандроўка ў глыбінку” – падворны абход калядоўшчыкаў з абрадам “Каляда прыйшла”. Дарэчы, жыхары аграгарадкоў Гродзенскага раёна змогуць пабачыць і пасвяткаваць не толькі з калядоўшчыкамі сваёй мясцовасці, але і з іншых. Народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору пад кіраўніцтвам Тарэсы Адамовіч, адправіцца ў этнавандроўку ў аграгарадок Парэчча, а народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці (кіраўнік Дзяніс Балабуеў) пакалядуе ў Капцёўкі. Калядоўшчыкі, якія будуць працаваць на бібліёбусе завітаюць і да жыхароў аддаленных населеных вёсак.
А 27 снежня 2019 года а 16.00 гадзіне у аг. Абухава ўсе калядоўшчыкі, кіраўнікі фальклорных гуртоў збяруцца на «Сход калядоўшчыкаў» — семінар-практыкум, які будзе насычаны на падзеі і адбудзецца ў адноўленай “Сялянскай хаце” – музейным пакою Абухаўскага цэнтра культуры. Абыход двароў, рытуальнае застолле, моладзевыя вечарынкі, гульні ды ігрышчы — гэта ўсё беларускія Каляды, жывая традыцыя народу, якую можна будзе пабачыць на ўласныя вочы.
У рамках творчай лабараторыі аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў адбудуцца прэзентацыі праектаў: фотавыстава “Старый добрый Новый год. Анталогія свята”, выстава ёлачных цацак савецкага перыяду “В гостях у сказочной ёлки”, фотовыставы “Вясельны вянок майго краю”, прэзентацыя фотальбома “Лялька ў маім жыцці”, майстар-клас па вырабу святочных паштовак. Дарэчы, ў кожнай ўстанове культуры ўжо дзейнічаюць невялікія аднаіменныя выставы: фотавыстава “Старый добры Новы год. Анталогія свята”, дзе сабраны аматарскія, непрафісійныя, сямейныя фотаздымкі з сямейных фотаальбомаў, якія адлюстроўваюць традыцыі святкавання Новага года і Калядных свят, датаваныя перыядам да 2000-х гадоў, выстава ёлачных цацак савецкага перыяду “ В гостях у сказочной ёлки”. Зазірніце ў цэнтр культуры – гэта цікава. Мы прапануем навучыцца выконваць і абклейваць звязду, рабіць ланцужкі і ёлачныя цацкі з матэрыялаў, якімі карысталіся продкі. А тая ўстанова культуры, якая лепшым чынам прэзентуе калядную зорку, стане пераможцам конкурсу.
У вечары, ў этнаграфічнай кулінарнай майстэрні “Рэцэпт на Каляды па-беларуску” наладзім пачастунак з посных страў, выкананых паводле даўніх рэцэптаў кухаркамі з Сапоцкіна і Адэльска і правядзём рэканструкцыю святкавання “Першай, вялікай куцці” і абрада “Ламанне аплаткам. Пасля музычна-этнаграфічнай вечарыны калядоўшчыкі з розных аграгарадкоў і вёсак завітаюць з абрадам “Каляда прышла” ў хаты да абухаўчан.
Таму запрашаем Вас далучыцца да гэтай цікавай зімовай традыцыі!
Рамановіч Наталля Іосіфаўна, вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору