На пляцоўцы каля Кушлянскага сельскага клуба было ажыўлена. У суботу, 10 жніўня, у “Кушлянскую талаку” сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, але і з суседніх вёсак, на сваю малую радзіму прыехалі са Смаргоні, Маладзечна, Мінска…
На сцэне спявалі самадзейныя кушлянскія артысты і трыо з Сінькоў, а таксама людзі з “залы”. Праводзіліся і конкурсы – “жаночы” (хто лепш прадэфіліруе з двума вёдрамі) і мужчынскі (хто звяжа лепшы венік для лазні). Разыгралі жартаўлівую латарэю, сярод прызоў была жыўнасць: трус, два пятухі і качка – і ва ўсіх знайшліся гаспадары. Напрыклад, пятухі дасталіся старшыні Сольскага сельсавета Міхаілу Мірскаму і дырэктару КСУП “АграСолы” Вользе Лук’яненка.
Вольгу Іванаўну вядучыя павіншавалі з атрыманнем прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны”. Уручылі таксама падарункі Марыі Волк і Галіне Баран – равеснікам Гродзенскай вобласці.
Дзя дзяцей на свяце працавалі атракцыёны, прадаваліся прысмакі і цацкі. Дарослым прапаноўваўся шашлык, а Палікарпаўна зазывала да сябе у “кабачок”. Яшчэ два сталы ламіліся ад прысмакаў: адзін прыгатавалі культработнікі, другі – мясцовыя жыхары. Гэтымі прысмакамі частавалі ўсіх прысутных. Заключным акордам свята сталі танцы пад жывыя спевы Раміра Баро.
Па матэрыялам сайта газеты Светлы шлях