У Лідзе пачала працаваць выстаўка “Жанчына-чараўніца”

2 лютага ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбылося адкрыццё выстаўкі “Жанчына-чараўніца”. Па традыцыі ў экспазіцыі прадстаўлены работы таленавітых майстрых, якія працуюць у розных напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Сёлета 22 удзельніцы з горада Ліды і Лідскага раёна прадэманстравалі наведвальнікам інтэр’ерных лялек ручной работы, свае аўтарскія калекцыі вышывак, упрыгожванняў, вязанага адзення, вырабаў з саломы… На адкрыцці выстаўкі ўдзельніцы мелі магчымасць не толькі прадставіць свае творчыя работы жыхарам горада, але і абмяняцца каштоўным вопытам. Прыемным момантам мерапрыемства стаў майстар-клас ад адоранага кераміста, разам з якім жанчыны стварылі сваімі рукамі памятны сувенір – гліняны званочак.