У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй на гэты раз свята ладзілася у клубе, а не на стадыёне, як гэта было раней. Прычым, прытрымліваючыся неабходных правіл бяспекі і сацыяльнай дыстанцыі. Аднак пачуць святочную імпрэзу мелі магчымасць нават тыя, хто праходзіў міма: адну гукавую калонку арганізатары размясцілі на вуліцы, перад уваходам у клуб.
– Трэба сказаць, што вяскоўцы з добрым настроем і бадзёрым духам прыйшлі на свята, – расказвае акампаніятар, стараста аграгарадка Галіна Шэлястовіч. – Спачатку ўсе змаглі пазнаёміцца з выставай народнай творчасці мясцовых майстрых, што размясцілася ў памяшканні клуба. А святочная праграма пачалася са звонкай вясёлай песні “А гармонік грае” у выкананні вакальнай групы “Азяраначка”.
Цёпла прывітала ўсіх вядучая, загадчыца клуба Ірына Шэлястовіч:
– Мы вельмі рады, што знайшлі хвілінку, каб разам бавіць вольны час, адпачыць у нашай дружнай кампаніі. Просім вас не сумаваць, а разам з намі весяліцца, удзельнічаць у гульнях і спяваць.
Мерапрыемства “Па сцежках спадчыны” супала са святам Сёмухі. Мы ведаем, што яго асаблівасцю з’яўляецца ўпрыгожванне хатаў і двароў галінкамі бярозы. Здаўна нашы продкі сцвярджалі, што бяроза прыносіць чалавеку шмат карысці. Таму азёркаўскія жанчыны таксама ўпрыгожылі клуб зялёнымі галінкамі.
Быццам тыя стройныя бярозкі, выйшлі на сцэну і мясцовыя дзяўчаткі з танцам “А ў полі бяроза стаяла”. Усе жадаючыя змаглі прайсці праз бярозавыя вароты, каб увесь год быць бадзёрымі і шчаслівымі. А бабуля Кацярына Галіцкая “пабіла” ўсіх венікам з крапівы. Гэта каб не хварэлі, не баяліся ніякага каронавірусу, здаровымі былі і ў радасці жылі.
Паўтары гадзіны прайшлі непрыкметна, весела і цікава. Дружнымі апладысментамі, букетамі бэзу і шчырымі зычэннямі вяскоўцы дзякавалі артыстам за падараваны святочны настрой.
– Мы, працаўнікі клуба, таксама ў сваю чаргу хочам выказаць словы падзякі нашым верным і надзейным памочнікам. Гэта Алена Чудзілоўская, якая днём разносіць пошту, а вечарам выконвае абавязкі вартаўніка, але тым не менш знаходзіць час, каб прыйсці на рэпетыцыю. Гэта Алена Боцька – маці траіх дзяцей, працуе на ферме, якая вельмі любіць спяваць і дарыць сваю творчасць людзям. Таксама парадавалі вяскоўцаў сваімі прыгожымі галасамі Ксенія і Ірына Шэлястовічы, – адзначае Галіна Антонаўна.
Свята ў Азёрках яшчэ раз дало магчымасць яго удзельнікам дакрануцца да духоўнай спадчыны, народных традыцый і звычаяў жыхароў Мастоўшчыны, усвядоміць сувязь пакаленняў. А вось славутую “Котчынскую кадрылю” тут станцуюць другім разам, пры больш спрыяльных умовах. Абавязкова станцуюць!
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота прадстаўлена клубам “Азёркі”
Источник: «Зара над Неманам»