Калі называюць сем цудаў шчучынскага краю, абавязкова ўзгадваюць Ракавіцкую ікону Божай Маці, якая славіцца сваёй цудатворнай сілай, што збаўляе людзей ад хвароб. Штогод 9-10 жніўня паломнікі з усіх куточкаў Беларусі імкнуцца ў Ракавічы ў старажытны храм Ражства Прасвятой Багародзіцы, дзе захоўваецца святыня, каб шчырымі малітвамі ўшанаваць Заступніцу, папрасіць яе дапамогі і апекі, духоўна ачысціцца, умацаваць сваю веру. Па традыцыі святкаванне распачынаецца набажэнствам у шчучынскай царкве святога Міхаіла Архангела, а затым Хрэсным ходам з малітвамі і добрымі помысламі вернікі накіроўваюцца да святыні.
З надвячорка і да раніцы ў царкве Ражства Прасвятой Багародзіцы доўжылася Усяночнае дбанне. А на золку, у 6 гадзін, пачаўся водаасвятны малебен ля святой крыніцы, якая, як вядома, бярэ свае вытокі з той самай ракі, па хвалях якой, згодна падання, у 1748 годзе плыў абраз Прасвятой Багародзіцы. Ікону, дзякуючы прарочаму сну, сустрэў мешчанін Макрэцкі: ён і заклаў на свае сродкі першую ў гэтых мясцінах драўляную царкву, у якой напачатку і захоўвалася рэліквія.
Не засталіся ў баку ад значнай падзеі ў духоўным жыцці Прынёманскага краю і культасветработнікі. Супрацоўнікі РЦКіНТ забяспечылі гукавое афармленне мерапрыемства, а ракавіцкія энтузіясты сцэны падрыхтавалі для гасцей цікавую канцэртную праграму, выставу ікон, літаратурна-музычную кампазіцыю “Для цябе кветкі і сэрца, Багародзіца мая”.
Па матэрыялах сайта газеты Дзянніца