“Крыніца народных талентаў” — пад такой назвай 4 лютага 2021 года а 15.00 гадзіне ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (г.Гродна, вул.Савецкая, 8) распачне дзейнічаць выстава майстроў аддзела этнаграфіі, фальклора і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Выстава прымеркавана да Года народнага адзінства і будзе працаваць на працягу месяца.
Цэнтральнае месца на выставе будзе адведзена творчасці выдатнага чалавека, музыкі, народнага майстра па вырабе драўляных музычных інструментаў, уладальніка спецыльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мар’яна Скрамблевіча. Працаёмкі працэс вырабу яго драўляных музычных інструментаў патрабуе фізічнай загартоўкі, цярпення, не гаворачы ўжо аб працавітасці і духоўнай сіле. Гэта цуд!
Цудоўнай прыгажосці птушкі, грывасты конь, сімвалы Беларусі – зубр і бусел, ганарыстыя прыгажуні — лялькі і цэлыя кампазіцыі з народнага жыцця – усё гэта створана са звычайнай саломы Валянціна Краўчук і Ірына Шавельская заснавальнікамі адраджэння і развіцця гэтага віда рамёства ў Гродзенскім раёне. і будзе прадстаўлена на выставе. Дэкаратыўныя вырабы з “беларускага золата” – так у народзе называюць гэты прыродны матэрыял, у іх руках атрымоўваюцца незвычайнай прыгажосці.
Першую калекцыю новай арыгінальнай серыі “Дакрануцца да гісторыі» таксама змогуць пабачыць наведвальнікі выставы. Таццяна Нікіцік, якая працуе ў салоне-майстэрні “У рамесніка” у в.Каробчыцы, вырабіла калекцыю помнікаў архітэктуры Гродзенскага раёна ў тэхніцы выцінанка.
Ганарацца майстры і новай калекцыяй “Спадчына” — гэта яднанне сучаснасці з каранямі, практычныя рэчы з беларускімі этнічнымі сімваламі.
Сурвэткі пад сталовыя прыборы з узорамі Сонца і Зямля, што сімвалізуюць жыццё, цяпло, ураджай, вышываныя інтэр’ерныя падушкі ў шэрым колеры стануць цудоўным падарункам з сэнсам (майстар з аг.Капцёўка Марыя Ракевіч). З беларускага куфра дасталі сапраўдныя шэдэўры традыцыйных мастацкіх тканін — прыгожыя ручнікі. Пераканацца ў гэтым зможа кожны наведвальнік, дакрануўшыся да адмысловых калекцый ручнікоў Наталлі Кавальковай, майстра з аг.Адэльск.
Па-беларуску і з народным каларытам будуць прдстаўлены лялькі з розных матэрыялаў, у нацыянальным аддзенні і з саломы, калекцыя абярэгавых лялек Ірыны Рынкевіч, кожная з якіх мае сваё прызначэнне, сваю сімволіку, габелены Ганны Талола з Парэчча, тканыя паясы — як нязменны атрыбут традыцыйнага костюма, Вольгі Авакумавай з Каробчыц.
Серыю керамічных пано з сюжэтамі сялянскага быту, скідзельскую браму, якая дагэтуль захавалася ў горадзе і стала яго сімвалам, 3D керамічныя макеты некаторых помнікаў архітэктуры г.Гродно і раёна прадставяць майстры-керамісты Рублеўская Таццяна і Сяргейчык Таццяна.
Прадэманструюць сваю творчасць на выставе і лепшыя майстры выяўленчага мастацтва і разьбы па дрэве: Ларыса Касіцкая, Уладзімір Астапчык і Уладзімір Пакумейка, Уладзімір Кемяжук.
У выставачнай зале можна будзе пазнаёміцца і з элэментамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: сапоцкінская пісанка, пасхальныя вербы, падвойныя дываны, якія раней былі не толькі паказчыкам дастатку сям’і, але і прадметам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У цудоўнае падарожжа па краіне музыкі, песні, гукаў Вы адправіцеся ў дзень адкрыцця разам з Мар’янам Скрамблевічам і народным фальклорным гуртом «Жывіца» Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці.
Вельмі радасна, што традыцыі нашых продкаў захаваліся, і мы маем цудоўную магчымасць пабачыць на свае вочы прыгажосць працы чалавечых рук, якія могуць з самых простых матэрыялаў – гліна, дрэва, салома – вырабляць такія прыгожыя рэчы, якія у большасці выпадкаў спалучаюць у сабе і дэкаратыўнасць, і мастацкасць, і практычнасць, утылітарнасць. Прыходзьце на выставу – не пашкадуеце.
Рамановіч Наталля – вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна- інфармацыйнага цэнтру.