Вядомы майстар Беларусі па выцінанцы Станіслаў Муліца прыняў удзел у рэгіянальным свяце “Краса роднага краю” ў Дайлідах

Станіслаў Муліца, адзін з вядомых майстраў Беларусі па выцінанцы, прыняў удзел у рэгіянальным свяце “Краса роднага краю”, якое прайшло ў мінулыя выхадныя ў аг. Дайліды. Справа ў тым, што менавіта гэта вёска з’яўляецца малой радзімай знакамітага творцы. Ён з задавальненнем адгукнуўся на запрашэнне мясцовых культработнікаў і, не хаваючы хвалявання, вітаўся з землякамі і са сваёй малой радзімай.  

Каля трыццаці гадоў наш зямляк стварае выцінанкі і працягвае знаходзіць у гэтым жанры народнай творчасці нязведаныя грані, захоўваючы народныя традыцыі. Кожны экспанат – гэта тонкая, ювелірная праца:  у руках Станіслава Вітольдавіча звычайны белы аркуш паперы ператвараецца ў празрыстыя тонкія карункі. 

–Мне прыйшлося  крыху больш  чым  год працаваць у мясцовым Доме культуры мастацкім кіраўніком. Калі мне даводзілася бываць у дамах аднавяскоўцаў, з цікавасцю звяртаў увагу на саматканыя дываны і посцілкі, вышытыя рушнікі, на драўляныя алтарыкі,  на выразаныя  з газеты  прыгожыя фіраначкі, якія віселі на палічках, аздаблялі абразы, – расказвае Станіслаў Вітольдавіч. –  Гэта было сціплым упрыгожваннем сельскіх памяшканняў.  Усё ўбачанае нейкім чынам адбілася на маім светапоглядзе, на  маім мастацкім гусце. 

Суразмоўца адзначае, што беларуская выцінанка налічвае не адно стагоддзе, але асаблівай папулярнасцю карысталася ў ХІХ — першай палове ХХ стагоддзя. У перыяд пасляваеннай разрухі папера, з якой яе рабілі, была самым даступным і танным матэрыялам. Па ёй дзяўчыны выразалі або выбівалі (напрыклад, заменчанымі гільзамі) узоры і ўпрыгожвалі жыллё да свята: ляпілі на сцены, рабілі фіранкі на вокны і падзоры для чырвонага кута. Калі белай паперы не было, майстрыхі выкарыстоўвалі газету, якую потым бялілі.

-Больш у сталым узросце, працуючы ў Палацы культуры хімікаў, скончыўшы Гродзенскае культпрасветвучылішча і  вышэйшую прафсаюзную школу ў Ленінградзе, сустрэў кніжку па народнай выцінанцы. Мне так стала цікава: а ці змагу я? Я склаў кавалак паперы і давай рэзаць. І вы ведаеце, атрымалася. І вось ужо трыццаць гадоў я  займаюся гэтым відам мастацтва, якое ўнесена ў лік нематэрыяльнай культуры Беларусі. 

Станіслаў Муліца шмат у чым абапіраецца на народныя традыцыі, у яго работах знаходзяць адлюстраванне вераванні, абрады і святы беларускай вёскі, фальклор. Так, майстар выконвае выцінанкі з дрэвам жыцця, па абодва бакі якога часцей за ўсё малюе пеўняў, на галінах – птушак. Ва ўяўленні нашых продкаў гэтыя сімвалы мелі свой сэнс: дрэва ўвасабляла сувязь неба і зямлі, пеўні – працяг роду, птушкі — душы памерлых. Цяпер згаданыя матывы захаваліся як традыцыйныя мастацкія формы.

Работы Станіслава Муліцы  неаднаразова выстаўляліся ў Беларусі і за яе межамі. На выставах не толькі людзі набывалі выцінанкі знакамітага беларускага майстара, але і музеі. Напрыклад, работы Станіслава Вітольдавіча знаходзяцца  ў музеях ў Дрэздэне, шэрагу музеяў Польшчы, Расіі.

–Вельмі ўдзячны, што мяне запрасілі на свята на малую радзіму, — гаворыць Станіслаў Вітольдавіч. – Тут дыхаецца па-асабліваму. Такія святы збліжаюць, ствараюць настрой. Хочацца, каб людзі не гублялі людскасць, каб заставаліся шчырымі, сардэчнымі, такімі, як мае землякі. У ходзе мерапрыемства Станіслаў Муліца даў майстар-клас па выцінанцы для ўсіх жадаючых.

Ірына Бутурля. 

Фота Станіслава Зянкевіча.

ivyenews.by