У мінулую нядзелю героямі этнаграфічнага праекта “Наперад у мінулае” на тэлеканале “Беларусь 3” сталі нашы землякі – знакаміты фальклорны гурт “Вяргіня” Ракавіцкага Дома культуры і жыхары прынёманскіх вёсак. Праграма, якую вядуць Аксана Вечар і Юрый Вашчук, прысвечана спаконвечнай песеннай культуры Беларусі. Кожны яе выпуск – захапляючая экспедыцыя ў глыбінку, знаёмства з самабытнымі абрадамі і аўтэнтычнымі спевамі. Менавіта гэта і прапанавалі тэлегледачам нашы захавальнікі фальклорных жамчужын, піша «Дзянніца».
Пад самабытныя песні народнага ансамбля “Вяргіня” энтузіясты, як і некалі іх далёкія продкі, прыбралі дзяўчыну ў “зялёны куст” — бярозавы вянок і голле, дружна абышлі падворкі, дзе згодна з павер’ем бярозка ўбярэ ў сваю лістоту ўсё ліхое, і грамадою рушылі за вёску. Там на вогнішчы спаліцца ўвесь негатыў. А на знакавае дрэва – самую стройную беластволую прыгажуню ў ваколіцы — дзяўчаты і жанчыны завязвалі яркія стужкі: на шчаслівую долю, на добрае лета, на шчодры ўраджай… Кажуць, самыя патаемныя жаданні спраўджваюцца, калі на Сёмуху паўдзельнічаць у гэтым народным абрадзе, што сімвалізуе сабой пераход ад вясновага цыкла да летніх свят. Так было спакон веку. І тым каштоўней, што ў Ракавіцкім Доме культуры зноў адрадзілі гэту старадаўнюю традыцыю.
— Мы выбралі Церахі, сабралі легенды і гістарычныя звесткі пра вёсачку, — распавядае метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага РЦКіНТ Галіна Петушок. – У ролі дзяўчыны-бярозкі выступіла мая калега-метадыст Настасся Тарас. Вялікую работу правялі Жанна Рыбак, якая ўзначальвае Ракавіцкі Дом культуры, і мастацкі кіраўнік Яніна Байгот. Самых добрых слоў і шчырага захаплення заслугоўваюць удзельніцы фальклорнага гурта – мясцовыя жыхары Ванда Канстанцінаўна Машкевіч, Лізавета Антонаўна Байгот, Ірына Юльянаўна Карповіч, Марыя Міхайлаўна Карповіч, Алена Антонаўна Марцінкевіч і Ганна Васільеўна Ступакевіч. Дзякуючы ім абрад атрымаўся такім пранізлівым і сакральным, бо менавіта яны сапраўдныя носьбіты аўтэнтычнай культуры.
Дарэчы, сутнасць тэлепраекта “Наперад у мінулае” яшчэ і ў тым, каб з шэрагу пачутых у глыбінцы твораў выбраць адзін і надаць яму сучасную аранжыроўку. На гэты раз новую версію атрымала беларуская народная песня з рэпертуару “Вяргіні” “Пасеяла агурочкі”. На мой погляд, атрымалася надзвычай арыгінальна і душэўна.
Сёмуха парадавала вернікаў шчучынскага Прынямоння і яшчэ адной духоўнай падзеяй. Жыхары вёскі Валянчыцы, рыхтуючыся да Тройцы, сабралі сродкі і добраўпарадкавалі месца каля ахоўнага крыжа, упрыгожылі свой абярэг і запрасілі асвяціць айца Сергія Раманко. Усё ўвянчалася прыгожым і памятным святам.